Газета “Культура” 1 снежня 1993 года
“Камедыяй...” У.Рудава паводле К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча Альтэрнатыўны тэатр[1] распачаў свой чарговы сезон Што было б, каб бацька Адам не зграшыў, домневы і дапушчэнні перадусім мушу звязаць з аб’ектам гэтай гаворкі, колішнім выпускным спектаклем акцёрскага курса Андрэя Андросіка ў колішнім Тэатральна-мастацкім інстытуце.У Альтэратыўным тэатры сцэнічныя наступствы граху бацькі Адама радуюць гледачоў ужо чацвёрты сезон, – радасцямі дыхтоўнага, поўнавартага, адметнага спектакля. Аднаго сярод іх, наступстваў з радасцямі, не адшукаць: здранцвелага стаўлення да традыцый, канонаў, проста да аўтарсіх тэкстаў, да саміх аўтараў, да ўзнаўленняў кшталту рэстаўрацый, дапусцім, баракальнай атмасферы ад Марашэўскага, альбо сціплага філасофскага намагання ад Аляхновіча. Хіба – сляды, уплывы, адлюстраванні, адбіткі...
Самая каштоўнасць спектакля, бадай, менавіта ў яго пераканальнай, непераможнай радасці! “Я смяюся, бо слёз ужо няма”, – тлумачыць герой Давідка; радасці героя Дзёмкі ўтварае адпаведнасць ягонай грунтоўнай, гаспадарлівай натуры жыццёвым радасцям; радасці персанажа Чорта перадусім залежаць ад суладдзя Сусвету (!!). Радасці тэатральных спецыялістаў вызначае сутыкненне добра вядомага матэрыялу (нават Аляхновіч – ужо тэатральная гісторыя), практычнае пацвярджэнне ягоных вартасцяў на супастаўленні з сучасным прачытаннем, далікатная стылізацыя, – персанажы выходзяць з-за празрыстае заслоны і адразу ўсё адно як асталёўваюць заслону няўгледную, маўляў, убачыць той, каму дадзена (наканавана) ўбачыць...Глядацкія радасці распасціраюцца ад узірання ў кошык з бульбаю ды мужыкову сякеру з навязанымі банцікамі (рыска проста радасная, без падтэкстаў[2]) ажно да з’яўлення на чорным фоне сцэнічнага адзення райскага дрэва са славутым яблыкам. Галінкамі з гэтага дрэва (лісцікі сэрцайкамі), звязаўшы ў венік, папарыцца Чорт... Тое, што прыдумалі Андросік з Рудавым яшчэ на студэнцкай сцэне, вымагае заўсёднай свежасці ўзнаўлення, размаітасці, шматфарбнасці выканання. Заўсёднага спавядання... незаўсёднасці, незавершанасці, незакаснеласці, незамадзеласці. Хадзіць, папіраючыся кавёламі ацвярдзелага акцёрскага ўмельства, пазвоньваць кайданчыкамі змушаных акцёрскіх апраўданняў (матэрыялу, рэплік) бало б порсткім ходам упрочкі. Да сканання. І, адпаведна, да знікнення спектакля з рэпертуару.. Як фігуркі катрынкі ўзнікаюць за празрыстаю заслонаю акцёрскія паставы. З’яўляюцца персанажы, несучы з сабою (так бы і напісала – цягнучы на сабе) немудрагелістыя звады. З’яўляюцца, яшчэ нават не ўзіраючыся адзін у аднаго ад усведамлення ўласнай інтэмедыйнай завершанасці. Канфліктаваць яны пачнуць па ўсіх законах інтэрмедыі, папярэдне даўшы характарыстыкі і сабе, і не сабе; інтэрмедыйна-незаўважна іхнія дачынені падпарадкуюць увесь навакольны сцэнічны свет, а канфлікты дапнуць проста да сіл інфернальных! Вось яны, персанажы: сялянка Маланка, якой праз “не магу” трэба бульбу скрэбсці; Жыд, вымагайла ды звягала, столькі ж хітры і разліковы, колькі наіўны і баязлівы, столькі ж выкрутлівы, колькі й няшчасны; селянін Дзёмка, герой ідэйна-галоўны: яму між цапом ды сякераю зайшло ў голаў асэнсаваць свой пакутны зямны шлях, панаракаць ажно на бацьку Адама; Чорт, дзе-нідзе амаль што рупар аўтарскіх ідэй, сумленны да прыкрасці, да здаровага розуму і да пачуцця гумару... вынаходнік падману! (Міжвалі апраўдаеш Адамаў грэх ды зразумееш Богаў намер! Такая кампанія!) Квартэт акцёраў проста ўлюбёна трымае тэмпа-рытм (ніводнага правалу!), нязмушана абжывае прастору і распрыгонена дачыняецца з залаю (што ўваходзіць у акцёрскія задачы), шчодра падтрымлівае ды сілкуе так званы тэатр ўяўлення (прадстаўлення) і, катурхаючы, падбухторвае гледачоў... На што?.. Стогны радаснай знясіленасці суправодзяць гледачоў у антракт; пытанні да адміністратара ля афішы выдадуць абуджаны глядацкі намер: вярнуцца яшчэ раз. Каб хоць з другога разу пэўна зацеміць, што з-за чаго тутака ўсчалося-усхадзілася, хто з кім гарэлку піў, хто пазыку патрабаваў ды замест грошай пагражаў забраць Маланчыну кашулю, а хто кашулю ў Жыда то браў, то не браў, тузаўся – Жыд рукаво і адарваў... (Праз колькі часу такім самым інтэрмедыйна-пераканаўчым рухам, угарнуўшы папярэдне ў насовачку, Жыд адарве Чорту хвост.) П’янаваты Дзёмка марыць па райскую асалоду, трызніць райскія радасці. Жыд з Маланкаю афармляюць летуценні, несучы бутафорскія стравы на вялізных сподах... Тут бы Дзёмку працвярэзіцца ды спыніцца, што, мабыць, і мае на ўвазе ягоны выканаўца Артур Шуляк, калі безабаронна лыпае вачыма, круціць галавою ды галубіць пляшку, але – язык, язык Дзёмкаў пракляты, як той Адамаў грэх: чарговае памінанне Адама даводзіць да граху самога Люцыпара, і ён бярэцца адметна разабрацца з назолам-пейзанінам. Люцыпар, альбо, для Маланачкі, “проста Люцік” (яму дае рады Ігар Забара раскутасцю, лёгкасцю, спраўнасцю), штораз з’яўляецца на сцэне, адарваны ад чарговае працы. Падобна, у пекле сам правадыр-верхавод, – ахайныя рожкі, коска або хвасток на патыліцы, капыткі-платформы, плямітыя нагавіцы ў абліпку, чорная майка, загарэлыя рукі ды пярсцёнак на пальцы, – мусіць разбірацца з зямным грэшнікам між цапом ды сякераю. Адам не ўбярог яблык, а “ты на его месте и меньшей вещи не убережёшь!” – і спрэчка гатовая. Чорт не так падбівае на яе Дзёмку (усяго гадзіну памаўчаць!), як канстатуе ейную непазбежнасць. Закладам з зямнога боку, вядома, будзе Дзёмкава душа. З прадстаўніка апраметнай са спекталя ў спектакльДзёмка пад заклад вымагае розныя сумы, беручы такім чынам пад увагу пякельную інфляцыю па-за межамі тэатральна арганізаванай прасторы.[3] “Выбачайце, вашэць, што я ўкрэнціўся ў вашу размову”, – дробна пераступаючы ў мяккіх боціках, як у адмысловым танцы, асцярожна выцягваючы рукі, сутулячыся, скокам-бокам уплішчыцца Давідка: “Дзёма, нам сто (трыста і г.д.) рублёў патрэбныя!” Яўген Жураўкін прыдумаў свайму Давідку і вялікія акуляры без шкельцаў, каб паглядзець на чортавы грошы, і набор бутэлечак з гарэлкаю ў кішэнях лапсердака-прорвы (туды патрапіць і Чортаў хвост, і драбніца-смеціна з падлогі), – і, дальбог, я б не вызначыла гэтыя адметнасці дэманстраваннем гранічнае сквапнасці. Асоба і ейная загана не супярэчаць адна адной, як не замяняюць адна адну ў Андросіка з Рудавым, – канцэптуальнасць разам з жорсткімі рэжысёрскімі вымогамі пайшла з гэтага спектакля ўслед за канонамі, традыцыямі ды пашанотным стаўленнем да аўтараў першакрыніц. Затое які бліскучы эцюд разыграюць Жураўкін з Шуляком пад час бясконцых Давідкавых расповедаў пра сваіх сямейнікаў ды сваякоў, – эцюд пра маленькую зорачку Мір’ям, малодшую дачушку кагосьці з радзіны! Уяўную маленькую зорачку Мір’ям, апошюю кроплю Дзёмкавага цярпення, кінуць на падлогу, растопчуць, растаўкуць, разгваздаюць. Давідка агаломшана падыме ўяўную ж рэштачку, адпаведна ацаніўшы ўчынак вінаватаю ўсмешкаю, – яна збягае з твару, калі Давідка разумее, як злуе Дзёма, хоць да прычыны яшчэ не зайшоў. Не “за што?”, а “што будзе?!” напісаў ён на сваім твары... Вядома, Дзёмка заклад прайграе. Праўда, хітрамудры да наіўнасці, першы раз прапауне Чорту забраць Маланку, другі раз – Жыда. Адбіваючы час, гадзіннікі і зязюлькаю пракуваюць, і буднічкам празвоняць, і крамлёўскімі курантамі праб’юць. Палітычныя асацыяцыі з відовішча даўно ўжо зніклі, а адпаведна пафарбаваныя рэплікі-жарты, кшталту Дзёмкавага “Мы, беларусы, з братняю Руссю...”[4] (ён паддобрываецца да “проста Люціка” падчас чарговай няўдалай спробы не загаварыць), – выдаюць на рэжысёрскія досціпы. Смяялася і я, калі сучасныя палітычныя матывоўкі калегі з Расіі ўгледзелі ў рускай мове Чорта: хоць у 1787 у Марашэўскага (Забельская пастаноўка) Чорт раз-пораз пераходзіў на беларускую мову з польскай, Рудаў з Андросікам аддалі перавагу трохсотгадовай жа рускамоўнай традыцыі Чортавых прамоў, – іх мастакоўскае права, зрэшты... Тры разы будуць спакушаць маўклівага Дзёмку на размовы. Тры разы падставы ды ўмовы спакусаў, узятыя пад увагу спектаклем, абсалютна пагрэбуюць баракальна-асветніцкай ідэяй мужыковага змагання з лёсам. Фактычна і традыцыйна ён караецца за ўласныя ж добрыя ўчынкі, бо прыстойнасць і дабрыня не дадуць селяніну моўчкі не зважаць на людзей, якім патрабуецца ягоная дапамога. Альтэрнтыўны Дзёмка Артура Шуляка, паўтаруся, прасцякаваты да мяжы цудоўна-безадказнай хітрамудрасці, падпарадкуецца драматургу і рэжысуры: церпіць праз сябе за сябе. Замоўк першы раз. Ну ніяк не чакаў Маланачку: Святлана Нікіфарава і Зоя Маладых, дзве выканаўцы гэтай ролі, прадстаўляюць інтэрмедыйную бабскую сутнасць, натуральна, адрозным чынам, – там, дзе адна, на манер японскага барацьбіта-манаха арудуе кіем, другая ціхамірна шкумае мужа за транты. Фарсавую сцэну галашэння па Дзёмку ( а што яшчэ, як невылечную хваробу, магла прыдумаць Маланка, не прычакаўшы ніводнага звыклага адказу мужа на свае кпіны ды пагрозы?) абедзьве актрысы праводзяць, мовім так, не без насмешкі з шараговых уяўленняў пра нацыянальны характар. Парадзіруюць галашэнку, што нібыта без дай прычыны пачынае, але па ходзе справы дае мужу ўрок... Другі раз да шаленства Дзёмку даводзіць балабол Давідка: Яўген Жураўкін прадстаўляе свайго Жыда самаддана. Зразумела, усе ролі “Камедыі...” вымагаюць кідкасці, характарнасці, – Жураўкін пераўзыходзіць матэрыял сваёй ролі. Шкадоба, жальба, асуджанасць, мардаванне й пакуты, гібенне ад працы і роспачы, ад безвыходнасці жыцця, – матывы даўно ўжо наднацыянальныя. Дзёмка, саматужны сялянскі філосаф, гэта распавядае пра сябе ад пачатку спектакля. Другая дзея, спавядаючы баракальны прынцып люстранога адбітку, спрыяе як мага выявіцца Давідку, – у тым самым шэрагу жыццёвага небыткавання. Ад якіх людзей сабраў Яўген Жураўкін каліўцы Давідкавага тыпу, тыпажу, урэшце, вобразу? Ад чыіх бабцяў ды дзедаў пабачыў і пачуў акцёр усё, чым так шчодра і беражліва (яшчэ адзін прынцып баракальнага тэатра – кантраст) распарадзіўся на пляцоўцы? Інтанацыі паважлівага, асцярожнага просьбіта, наструненасць заўсёднага прыніжэння, усведамлення залежнасці ды баязлівага, часам прымусовага замірэння з усімі і кожным; адзін звянчак, якого шчэ нестае гэтаму бліскучаму ланцугу персанажавых вартасцяў, – бездакорнае валоданне мовай арыгінала, – беларускай. Час-почас акцёр мусіць імправізаваць з тэкстам, і тут, як у эцюдзе з зорачкай Мір’ям, чуецца “брысь” замест “апсік” (зорачку праганяюць), альбо блытаюцца канчаткі мужчынскіх імёнаў бясконцай Давідкавай радзіны... Трэці раз змаўкае Дзёмка, выправіўшы з Чортам у пекла і жонку, і суседа-Жыда. Самога ж, паводле старажытнай славянскай завядзёнкі, мардуе сумленне аж да самазабыцця. Аж да ўзвышэння голасу на сябе самога!.. Тым часам шляхетны Чорт, выкананем Ігара Забары пазбаўлены відавочнай філасофскай засяроджанасці, з імпэтам прагне, каб селянін выйграў заклад: Чорт вырашае нейкую сваю філасофскую праблему. Заглыбляцца ў яе нават для публікі ён не бачыць сэнсу. Стаміўшыся, нарэшце, і ад прасцякаватай хітрасці Дзяменція, і ад марнасці ўласных намаганняў згарманізаваць чалавечы свет, Чорт не тое, каб даруе мужыку, – ён проста пакідае яго. Адпускае на волю мужыцкага лёсу. Дзёмка, падрыхтаваны перайначыць сваё стаўленне да жыцця, пракідваецца ад незвычайнага здарэння, як ад сну. А мо – ад сонных сваіх мрояў? У эпілогавай песеньцы, запісанай рупліўцамі Альтэрнатыўнага недзе ў Втцебскай вобласці і апрацаванай да ўзроўню выбітнага шлягера, не будзе ні пра чорта, ні пра ягоныя пошукі сэнсу чалавечага жыцця. Нашы жыццёвыя радасці напрасткі падначаляцца граху бацькі Адама. Скрут падтэксту яго не даткнецца. Недасказанасць, незавершанасць, няскончанасць вызначаць стыль спектакля. Вабнасць, прыцягальнасць, абаяльнасць відовішча вынікнуць проста як наступствы старадаўняга хрэстаматыйнага граху... 1. ↑Альтэнатыўны тэатр спыніў сваё існаванне ў1996 годзе, яму прысвечана книга Аксаны Міхеевай "Альтэрнатыўны тэатр і іншыя..." ("Альтернативный театр и другие...) 2. ↑Спавядаючы прынцып ”на сцэне – нічога выпадковага”, творцы спектакля, хутчэй за ўсё, смяяліся з агульнатутэйшых усярэдненых ўяўленняў пра барока. 3. ↑Гэтая асаблівасць выканання з цягам часу знікла са спектакля. 4. ↑Тэкст беларускага гімна, пісанага за савецкім часам. Спектакль “Камедыя...” іграецца да сёння як антрэпрызны; ролі Дзяменція і Маланкі выконваюць Артур Шуляк і Святлана Нікіфарава.
Шчыра дзякуем за публікацыю. Чакаем наступных. Зрабіце ласку, дайце спасылкі на кнігу Анкчаны Міхеевай, калі яны ёсць.
ОтветитьУдалитьСводный электронный каталог/
ОтветитьУдалить2005 Михеева, Оксана Николаевна (театровед) Альтернативный театр и другие... / Оксана Михеева; под научной редакцией Т. А. Ратобыльской
Гэта, пашукаўшы, я знайшла. Відаць, кніжка не выкладзена ў электронным выглядзе ні на якім з рэсурсаў.