24.08.2011

Расповед заўтрашняга дня

“Як лёгка было б зразумець адно аднаго, каб не існавала слоў.
Тады можна было б гаварыць і не рупіцца пра словы”.
Эжен Іянеска

"Падстава тэатра і рэжысёра – гэта рэпертуар, а, значыць, літаратура. Літаратура і аўтарская задума, якую рэжысёр мусіць умець прачытаць. У тэатры трэба ўмець чытаць...” Адвольнае цытаванне класіка выдае рэжысёра Уладзіміра Савіцкага: ў тэатры, бачыце, трэба ўмець чытаць!

...Мы з Савіцкім – роўналеткі. Правадырамі нашага дзяцінства, якое выпала на 1960-я, яго неаспрэчнымі аўтарытэтамі былі дзядулі і бабулі, якія вучылі шанаваць тое, што маеш, сваё. Спадарожнікамі – расповеды па вялікую вайну, уключанае на ноч радыё і адказнае чытанне цэнтральных газет. З газет дзяды ўмелі вычытаць... усё. Уменню чытаць даводзілася навучацца міжволі. Праз дваццаць гадоў калегавання я пачула ад Савіцкага: “У аўтара ўсё напісана, чытаць трэба ўважліва...”

23.08.2011

Прытуліўшыся да бясконцага

Чым можа зацікавіць водгук на стары спектакль – спектакль, які ўжо даўно няможна паглядзець на сцэне (“Літаратура і мастацтва”, 15 красавіка 1994 года)? Водгук на спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Віват, імператар!” паводле “Крэслаў” Э.Іянескі ( у 1994 годзе ён прадставіў Беларусь у Беластоку на святкаванні Міжнароднага дня тэатра) перадусім цікавы ацэнкаю рэжысёрскай работы Уладзіміра Савіцкага. “Віват, імператар!” паводле Э.Іянескі – адна з ягоных першых буйных работ.

Іянескавы “Крэслы” упершыню не зазналі поспеху 25 красавіка 1952 года “…пасля трыумфальнага правалу… у “Тэатр дэ Ланкры”, які з таго часу так і знік. У зале сядзелі тры ці чатыры гледачы на трыста пяцьдзесят месцаў. Адамоў (Арцюр Адамоў, знаны французскі мастацкі дзеяч. – Ж.Л.) быў у захапленні.Ён прыйшоў паглядзець п’есу, сядзеў на балконе і сказаў: “На сцэне – нікога, у зале – пуста, усё ўпустую і гэта – адметна”. З таго часу, кажучы па-шчырасці, і ў Лондане, і ў Нью-Йорку, і ў Парыжы, і ў процьме самага рознага памеру гарадоў колькасць паспяховых пастановак ці зраўнялася хоць з колькасцю заяўленых Іянескам крэслаў? А яна, “колькасць крэслаў, якія выносяць на сцэну, мусіць быць значнаю: мінімум сорак, але лепш яшчэ болей, калі можна…” “Няможна!” – выгукнула ўсеахопна наша тутэйшая тэатральная нішчымніца. “На жаль…” – войкнула эстэтыка незаможнага тэатра. Рэжысёру Уладзіміру Савіцкаму і мастаку Валерыю Кашчэеву засталося скарыстацца з сякога-такога мэблевага ламачча, крута паменаванага “падборам”. Сярод іх і наканавана дзейнічаць двум асобам, рэжысёрскаю спагадлівасцю не даведзеных да патрабаванняў драматурга, – у таго, як вядома, дзейнічаюць Стары ды Старая. На сцэне персанажы выглядаюць на акцёрскія гады. А тое, што адзін другую часам кліча Семірамідаю, па-мойму, ніякіх звышзначэнняў не мае, ды ў зваротах Уладзіміра Рагаўцова да Тамары Нікалаевай-Апіёк ніякіх падтэкстаў не чуваць. Годная буржуазная парачка, Спадарыня й Спадар, Яна і Ён… Так сабе?...

22.08.2011

След у след

Гэты архіўны артыкул я прапаную ў працяг абвешчанае тэмы пра рэжысёра Уладзіміра Савіцкага, - так бы мовіць, след у след публікацыі пра колішнюю пастаноўку "Раскіданага гнязда", - колішні студыйны досвед прачытання “Няскончанай драмы” Ф.Аляхновіча.

Драма Францішка Аляхновіча зазнала сцэну тэатра-студыі “Абзац” след у след за Купалавым творам. Спектакль, пастаўлены паводле “Раскіданага гнязда”, уразіў празрыстасцю пераасэнсавання ў “Сумную аповесць” і скалануў жорсткаю рацыяй рэжысёрскага фіналу: два дужыя дзецюкі, усё адно як падмінаючы пад сябе і герояў, і абставіны трагедыі іх чалавечай немаентнасці, літаральна навялі, навязалі свой фінальны парадак, а потым сілком адарвалі ад падлогі роспачную Зоську і... разам рушылі да публікі – на паклон.

21.08.2011

“Няшчасце на шчасце...”

У сёлетнім жніўні Брэсцкі тэатры драмы і музыкі запрасіў на прэм’еру спектакля “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы; ім самым у верасні распачнецца тэатральны фестываль “Белая вежа”. Але рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Уладзімір Савіцкі над Kупалавым “...гняздом”, так бы мовіць, кружляе: шмат гадоў таму намаганнямі ягонага тэатра-студыі пад назваю “Абзац” “...гняздо” раскідалася адметна.Напярэдадні фестывальнага паказу (а я не хачу яго прапусціць) дарэчы прыдасца старая публікацыя пра тое раскіданне (газета “Літаратура і мастацтва” , 22-28 мая 1993 года).

Што пахінула Уладзіміра Савіцкага да “Раскідага гнязда” сказаць цяжка, бо ягоная рэжысёрскае абыходжанне з класічнай п’есай Янкі Купалы ў тэатры-студыі “Абзац” не выдае на востразлобадзённае. Не вымагае пазачарговага з’езду земляробаў, не агітуе за фермерства. Не прэтэндуе на медытацыю на падставе дамагання агульнадушэўнае раўнавагі. Не падпадае і пад якое-кольвек агульназручнае меркаванне: маўляў, як тое “Гняздо” трэба раскідаць...
Упершыню сыграны летась у лістападзе (1992 года – Ж.Л.), спектакль у хуткім часе адбудзецца свой “законны” сезонны... пяты раз: запрошаныя акцёры (і з мінскіх тэтраў, і студэнты Акадэміі) толькі зрэдчас патрапляюць вызваляцца для двухгадзіннай “Сумнай аповесці...” (назва спектакля) , - падзеі сёлетняга тэатральнага сезону...

Праграмны твор. Хвост пачытанняў, тлумачэнняў, трактовак. Даважак пажаданняў і прэтэнзій з абавязковымі параўнаннямі: “што хацеў сказаць Купала” і “што ставілі папярэднікі” – Уладзіміра Савіцкага на першай, другой ды іншых цэнах Беларусі і не-Беларусі. Канцэпцыі. Літаратуразнаўчыя каментары. Тэатразнаўчыя ўдакладненні...