07.07.2011

Нагода для выпрабаванняў

...На ўсё люстра сцэны – калідор з шэрагам жалезных дзвярэй. Вакенцы-форткі старанна адчыняюць і зачыняюць чалавечыя рукі. Таксама прачыняюцца і адчыняюцца дзверы, але сцэнічная прастора не рассоўваецца. Не мяняецца. Пад каласнікамі высвечваецца мост у ліхтарах, але спускацца з яго можна толькі ў адно месца – у турму...

На існаванне ў горадзе-турме і ў свеце-зняволенні персанажаў “Злачынства і пакарання” асудзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі: з удзелам сцэнографа Валянціны Праўдзінай пакараныя ўсе і ад пачатку спектакля. Розніца толькі ў спосабе турэмнага існавання кожнага і ў ступені заняпаду, прыкладам, калі адзін прыбраны ў гарнітур (Лужын), а другому дачка ахвяруе на гарэлку з апошняга (Мармеладаў).

Пра злачынства складае ўяўленне інтэрмедыйны паказ Раскольнікава з сякераю і рэплікі персанажаў. Спараджальнікам злачынных намераў выступае няйначай сусветнае зло, сродкамі сучаснай сцэнічнай пластыкі пераўвасобленае ў падабенства антычнага хору – жвавых чорных істотаў (бесаў-нячысцікаў), якія маўкліва і выразна падштурхваюць персанажаў да ўчынкаў. “Хор” відавочна рыхтаваны да ролі буйной, паўнавартай (рэжысёр па пластыцы – Ігар Сігаў), але ў рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля Валерыя Анісенкі гэтая калектыўная роля развіцця не атрымлівае: “хор” коўзаецца па сцэнічным часе і дзейнічае аднастайна.

04.07.2011

Дзецям Беларусі

У год свайго 55-годдзя Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, распачаў праект “Тэатр юнага гледача – дзецям Беларусі”

“Пра тое, што ў Мінску ёсць адмысловы тэатр для дзяцей і юнацтва – Тэатр юнага гледача – ведае, бадай што, уся Беларусь...” Па шчырасці, у тэатры так і думалі. Але неўзабаве высветлілася, што ўся Беларусь не ведае. Першы дзіцячы спектакль, паказаны ў Смаргоні, засведчыў: бальшыня залы наведала спектакль ўпершыню ў жыцці. І як, дзеля чаго і навошта яго глядзець, па-просту не ўяўляла...