Газета “Літаратура і мастацтва” 4 лістапада 1994 года
Цемру на пачатку спектакля трэба было разумець так: Соф’я Паўлаўна Фамусава спіць і сніць. Сон. Што спіць. І што сніць. А сніць фантасмагарычную каменную крушню, дзе чыясьці сіла ўтварыла гіганцкія гроты кшталту акварыумных: грот-камін, грот-уваход на палову бацькі Фамусава, грот – уваход на ўласную палову дома. Між каменнымі застромамі наторканы голыя дрэвы з партрэтамі продкаў. Менавіта да іх будзе звяртацца Фамусаў, даводзячы Чацкаму, як трэба глядзець на старэйшых і вучыцца ў іх. З камення складзена нават сафа і яно, каменне, часам па-бутафорску адгукаецца на акцёрскія дотыкі. Ватнымі камячкамі закідана падлога. Бочачка з гуркамі месціцца ў вітальні. Цені сноўдаюць па кутах, лезуць з каміна і ў камін, слізгаюць у спальню да Соф’і. Фамусаў, паўшчуваўшы служанку Лізаньку за тое, што круціла гадзіннік, хоць гадзіннік усё адно не тахкаў (як у сне), бярэцца яе гвалціць. Пад пысаю замардаванага мядзведзя – пыльнаю шкураю пасярод нібыта камення – хавае Фамусаў добрую пляшку, але толькі раз выдае сакрэт сховішча. З-за Соф’іных камянёў, паводле рэмаркі Грыбаедава чуецца фартэпіяна (фортэпіяна) з флейтаю. Флейта блытаецца, мабыць флейтыста разбірае сон. Але хутка ён зусім не сонным памкне да мядзвежага футра на падлозе, каб спраўдзіць свае прэтэнзіі да Лізанькі… Соф’я Паўлаўна выйдзе ў белым, каб потым перамяніць яго на абрыкосавае, пасля – на чорнае з белым, пасля – зусім на чорнае. Чацкі белае пераменіць на белае, але перш прывязе Соф’і апельсіны, – тая кусне адзін як яблык, а ён пяшчотна абярэ лупінне дый укладзе ў пульхную ручку плод не-спазнання. А Соф’я, аблізаўшы пальцы, кіне рэшту экзатычнае садавіны да татусевых салёных гуркоў… Потым Соф’я сасніць баль, – усё, што папярэднічала яму, і што было далей… …І так далей. Усё пакручаста, адмыслова і нават вынаходліва. Але атрымліваецца – ледзь не наўпрост. Чаму? Атмасферы сну не створана? Свечкі рознакаліберныя электрычныя замінаюць? Ад першага выхаду Маўчаліна, – выслізгу, бо акцёр, нібыта шануючы сваю штучную лысіну, рухаецца з неверагоднаю, беспазваночнаю пластыкаю, – пакрыёмы канцэптуальны змест робіцца да такой ступені празрыстым, што сцэнічныя звады праглядаюцца (не хочыцца пісаць – пралічваюцца) на пяць хадоў наперад. І гэта – з нашым дзіцячым веданнем кожнага подыху кожнага персанажа! А між тым сон Соф’і Паўлаўны – ці не самае адметнае вырашэнне для сучаснага сцэнічнага ўвасаблення! Яно падпарадкавана сучаснаму бачанню й веданню. Сон Соф’і з’яўляецца гэткаю плынню свядомасці, трызненнем, трансам, яснабачаннем, – ідэя спектакля, натуральная для сённяшніх рэжысёрскіх пошукаў, выдатная ідэя, што так перагукаецца з класічнымі пастаноўкамі “Гора ад розуму”! Здаецца, ствары асяродак, перанасычаны злосніцтвам, і ў ім, як у хімічнай рашчыне, пачнуць выпадаць крышталі зла. Але няхай сабе на сцэне гэтыя крышталі падобныя хоць да кветак, – ці не замала іх, і толькі іх, каб выявіць разнастайнае, размаітае, цёпла-чалавечае і адмыслова-філасофскае, што ёсць у Грыбаедава? Соф’я Паўлаўна спіць і сніць сябе – баль,фантасмагарычны баль пярэваратняў, – тут, прапускаючы шмат што з вядомага пра сны і тых, хто іх сніць, можна смела зачапіцца за сон розуму, які спараджае пачвараў. Яўная і пэўная рэжысёрская рацыя! Але – у прыватнасці: вершы Грыбаедава не вінаватыя, што пераважаюць усе сэнсы, якія ўкладаліся ў іх услед за Грыбаедавым. Ад несупадзення сэнсавых маштабаў спектакль пакуль што выдае на няскончаны шэраг крэсак, рысак, накідаў на прапанаваныя тэмы, так што можна многа перапісаць са знакамітага крытычнага эцюду І.Ганчарова на бенефіс Манахава ў кастрычніку 1871 года. З нашай агульнай “школьнай крытыкі”… Шмат з таго, што сп. Ганчароў адрасаваў акцёрам, ужо з сучаснаю абазнанасцю й рацыяй можна пераадрасаваць рэжысёру “Гора ад розуму” Вітаўтасу Грыгалюнасу. Рэжысёру, да якога, бадай, бальшыня дзеячаў і аматараў тэатра ставіцца з падкрэсленаю сімпатыяй. Рэжысёру, якому зазвычай не бракуе ні далікатнасці, ні добразычлівасці, які збірае акцёраў з веданнем справы і з любоўю. Іх мы потым бачым на пляцоўцы. Яны выходзяць да нас з намерам давесці ідэю, увасобіць думку, прасвятліць змест. Яны прамаўляюць хораша й даходліва. Яны, бывае, па-рознаму падрыхтаваныя, але іхнія намеры, па бальшыні сваёй, добрыя. Прыкра сачыць, як твор Грыбаедава разам з усімі ягонымі магчымасцямі не падпарадкуецца адным толькі добрым намерам... Мае асабістыя сімпатыі – на баку Фамусава, бо да яго прыклаўся Алег Корчыкаў, яго агораў Алег Корчыкаў, яго ажывіў і зрабіў непераможна-абаяльным нават у самых хрэстаматыйна-выкрывальных месцах Алег Корчыкаў. Балбатун Чацкі, юны, добразычлівы, ружовашчокі, сарамлівы і пяшчотны, яшчэ не выпакутаваў сваіх выдатных і вядомых прызнанняў, а ў выканні Анатоля Голуба яўна паўтарае іх з чыіхсьці невядомых Соф’е Паўлаўне вуснаў (гледачы здагадваюцца, што яму ўсё падказаў Грыбаедаў). Соф’я Паўлаўна проста не паспявае разгарнуцца ў дзеяннях і перажыць сваю адметную трагедыю няспраўджанай закаханасці, хоць Ганна Лягчылава, бадай, нічым не расчароўвае нават тады, калі спяшаецца гэта зрабіць. Антон Антонавіч Загарэцкі, дзякуючы выканаўцу Віктару Васільеву, вызначаецца адметнай легкадумнай абыякавасцю. Лізанька намаганнямі Святланы Нікіфаравай хутка ўжо возьмецца за практычную адукацыю сваёй гаспадыні Соф’і: у Лізанькі свой план жыцця, разлікі на каханне і нават буфетнік Пятруша не мае на іх уплыву. Палкоўнік Скалазуб, вядома, прымітыўны, просталінейны і надта гучны, і ўсе б здзівіліся, калі б гэтую ролю не даручылі Артуру Шуляку. Сакратар Фамусава Маўчалін, як ужо згадвалася, не выклікае аніводнае сімпатыі, і дзякаваць Богу, што Соф’я Паўлаўна хоць у сне яго разгадала спрыяннем Ігара Забары. Буфонны Рэпяцілаў перакідваецца з графіні Хрумінай-бабулі: усе пазнаюць выканаўцу абедзьвюх роляў, а заўсёднікі – таксама іншыя ролі выканаўцы Яўгена Жураўкіна... Тэмы шырока вядомага “сабачага вальсу”, зробленая кампазітарам Барысам Сярогіным тэмаю фантасмагарычнага балю, доўга яшчэ будзе чапіцца да глядацкіх (слухацкіх) вушэй. Камяніскі мастака Юрыя Тура выгукнуць са школьнае часіны вобразы трывалага рэчавага асяродку Сабакевіча. Жорсткі, без праяў пачуццёвасці й тэмпераменту Маўчалін ухваліць шпіца Хлёставай, а Наталля Дзмітрыеўна (Вольга Куляшова) прымусіць скакаць свайго Платона Міхайлаваіча (Артур Федаровіч) на манер цыркавога сабачкі... “Калі ў вас на бале змрочны настрой... дык можна хутка чакаць не надта прыемных падзей”, – цытуецца ў праграмцы спектакля соннік Мілера. У чаканні балю настрой быў такі светлы!.. Настрой пасля балю пераканаўча абгрунтаваны іншым геніем літаратуры.
Комментариев нет:
Отправить комментарий