26.05.2014

Чаму старэюць людзі?


Пытанне "Чаму старэюць людзі? " паўстала на першым спектаклі ІІ міжнароднага свята-фэста “Лялькі над Нёманам” у Гродне (доўжылася з 11 да 15 траўня 2014 году), а ўсё праз Дзяржаўны тэатр лялек (Мінск, Беларусь). Узнятае слушна і своечасова, пытанне вызначыла аднайменны спектакль у жанры сучаснае прыпавесці, а спектакль, у сваю чаргу, адзначаны за лепшую рэжысуру Аляксея Ляляўскага.


Тэкст п'есы Анатоля Вярцінскага "Дзякуй, вялікі дзякуй", які зазнаў бліскучыя інтэрпрэтацыі ў спектаклях (напрыклад, Алега Жугжды ў Магілёўскім і Брэсцкім тэатрах лялек пад назвай “Рыгорка – ясная зорка”), быў апазнаны з першых рэплік. Тэкст здаваўся  знаёмым, але сюжэт няўлоўна паварочваўкудысьці не туды далей ад знаёмай казкі, якая ўяўлялася дзіцячай сцэнічнай класікай. Давялося ўдакладняць у Аляксея Ляляўскага і высветлілася, што спектакль пастаўлены па першым варыянце казкі Анатоля Вярцінскага, які знайшоўся ў тэатральным архіве. Гэта важна таму, што адсоўвае час стварэння п'есы гадоў на трыццаць ад нашых інтэрнетаў і сацыяльна-палітычных крызісаў; гадоў на дзесяць-пятнаццаць ад перабудоў і роскідаў найбуйных дзяржаўных гнёздаў. Мяркую, што тэкст і сюжэт Анатоль Ілліч распрацоўваў яшчэ да Чарнобыля,  даследуючы тое, як вялікія і малыя сацыяльныя ўзрушэнні сціскаюць, выпетрываюць чалавечую прыроду; вытручваюць з яе найважны духоўны складнік, і тым самым рыхтуюць незваротны катаклізм...  

06.05.2014

ХТО ЗАБІЎ?..


 Спектакль "Прысвячэнне Ялце" паводле Іосіфа Бродскага  пачалі рыхтаваць у лістападзе 2013 (Новы тэатр, Мінск), і, пакуль рыхтавалі, ён спраўджваўсяу Ялце, наяве, у нейкім недарэчным  збегу падзей і абставін, якія крок па кроку выдавалі на тэатр іншага віду і зместу – ваенных дзеянняў.

"Прысвячаю Крыму",  рэзюмавала назовам сёлетняй сакавіцкай прэм’еры рэжысёр спектакля Віргінія Тарнаўскайтэ.

Пра падобную метамарфозу ў Бродскага сказана, што "..в наши дни /не только ложь, но и простая правда / нуждается в солидных подтвержденьях /и доводах… И как ребенок, распатронив куклу, / рыдает, обнаружив в ней труху, / так подоплеку тех или иных /событий мы обычно принимаем / за самые событья". Пакуль тыя падзеі зробяцца відавочнымі, бясслоўны музыка на бас-гітары дасціпна дэманструе “подоплёку” утрымання тэмпа-рытму спектакля і ўтварэння атмасферы агульнай стурбаванасці…

На тэатральную тэрыторыю, дзе вядуць рэй суверэнная песня і танец (уявіце вечарыну ў мясцовым стылі) урываецца нехта ў камуфляжы й балаклаве (вязанай чорнай масцы з дзіркамі для роту і вачэй), дае кухталя музыку, і мала таго, што псуе песню, дураньДзейнічаючы спрытна, абазнана і, галоўнае, моўчкі, ён спраўджвае пралог спектакля: як дзіця, дападае да лялькі з пацярухай... Да бутафорскай муміі, ніяк не прыкрытай і не схаванай, а знарок асталяванай па цэнтры тэатральнай пляцоўкі і адмыслова падсветленай... Сумысна, урочыста –  для тых гледачоў, чыя эмацыйная памяць не  патрапіла азвацца імгненна. Да сакрэту (Полішынеля), які вымагае пэўнай працэдуры звароту, нейкіх абумоўленых дзеянняў – як тэатральным законам, так і крымінальным. Гэта значыць, патрабуе растлумачыць прызначэнне прадмету, які вылучыўся на грамадскія вочы… э-э-э… неяк недарэчна. Вуснамі і тэкстамі сваіх персанажаў прызначэнне возьмецца тлумачыць артыстка Кацярына Ермаловіч, занятая ва ўсіх шасці ролях спектакля і, трэба заўважыць, растлумачыць пераканаўча.