22.04.2011

Тэатра нам не пазбегнуць

Першы мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”
прайшоўся па сталіцы з 28 па 31 сакавіка


Уплыў “экранных мастацтваў”, асабліва серыяльных і “ў рэжыме рэальнага часу”, яшчэ гадоў дваццаць таму спарадзіў прафесійныя спрэчкі ў тэатральным асяроддзі. На пытанне рубам “як пазбыцца згубнага тэлевізійнага ўплыву” адказвалі не жартам – “хіба што перасяліцца ў тэатр”. І знайшліся-такі ідэалісты...

Мінская тэатральная школа № 1 літаральна жыве ў тэатры – Новым драматычным. З першага дня ўтварэння ў 2003 годзе. Вядома, дзеці навучаюцца, іграюць і глядзяць рэпертуарныя спектаклі; у спектаклях для роўналеткаў час-почас бяруць удзел. З гэтае нагоды старэйшыя цытуюць праўдзівую выснову пра тое, што “для дзяцей трэба працаваць так, як для дарослых, – толькі лепш”. А для сябе? Самім для сябе як працаваць?

21.04.2011

М.@rt.КАНТРАСТы (заканчэнне)

Кантраст трэці: прафесійны

Творцу сцэнічнага свету ўжо называлі дэміургам і прыпадабнялі бацьку-стваральніку, але стварэнне найноўшага (класікі?), асабліва з гразёю альбо са смецця, вымагае такіх адмысловых дзеянняў, якія наўпрост рэжысурай не назавеш (прынамсі ў той пэўнай якасці, якую мела на ўвазе бліжэйшае мінулае стагоддзе). Гэтаксама не назавеш рэжысурай і дзеянне проста супрацьлеглае: ператварэнне класікі ў смецце.

20.04.2011

М.@rt.КАНТРАСТы (частка другая)

Кантраст другі: класічны

Пры канцы казкі Андэрсена за любоў і павагу адно да аднаго Муж з Жонкаю атрымліваюць куфар залатых талераў. Куфра, бадай, зашмат, але гледачу зацікаўленаму нейкі тэатральны талер заўжды выпадае. Такі сабе... наіўна-фантастычны альбо магічна-шчыры... Яго па тэлевізары не паказваюць. Затое па тэлевізары часам паказваюць людзей з Расіі, зрэдчас нават акцёраў, якія прыязджаюць да нас і як добрыя госці захапляюцца, маўляў, “у Мінску чыста”, “у Беларусі чыста”, “варта пераехаць вашу мяжу – і адразу чыста”!
Мікалай Каляда, выбіраючыся на фестываль у Магілёў, замовіў для свайго спектакля паводле М.Гогаля “РэвІзар” (менавіта так, з націскам на “і” – чынавенства ў спектаклі вучыцца вымаўляць літаратурна)... 120 літраў гразі. Не бруду, – гразі, ды такой гразкай, што можна ўгразнуць... Ну, вы зразумелі.

19.04.2011

М.@rt.КАНТРАСТы

Miжнародны маладзёжны форум, задуманы і здзейснены ў Магілёве пад назвай М.@rt.кантакт, сёлета адбыўся ў шосты раз з 21 па 27 сакавіка

Газетны радок куртаты й скупаваты. А тэатр усё яшчэ здзіўляе: спалучэннем і ўзаемадзеяннем – руху, колеру і гуку, вадкасцяў і рэчываў – сыпкіх альбо гразкіх... Часам вялікая сцэна прыдаецца якраз для аднаго акцёра (у монаспектаклі), а колькім выканаўцам, падтрыманым аркестрам і балетам, цяжка засяродзіць на сабе ўвагу аднае залы... Здараецца, што сонечная фестывальная раніца афарбавана ў чорнае: у так званым “чорным кабінеце” сцэны вядуць рэй вядьмаркі ў чорных строях, а фестывальны вечар прапануе лагодных бялюткіх казачнікаў і пяшчотную казку на дасціпным сцэнічным снезе...