30.06.2014

Cакрэт


У аповесці, па радках і рэпліках разыгранай падлеткамі на сцэне, няшмат шанцаў ператварыцца ў спектакль. На поспех у такога спектакля шанцаў яшчэ меньш, хіба сярод бацькоў ды сваякоў.

Спектакль “Сакрэт” паводле Аляксандра Грына рыхтаваўся як іспыт па “Падставах акцёрскага майстэрства” на тэатральным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў № 2 (Мінск, Беларусь)...  але стаўся сакрэтам чыстае радасці, якую першы паказ шчодра вызваліў для гледачоў. Складнікі падзеі сёлетняга тэатральнага сезона, драматычнага спектакля (нават і не мюзікла) “Сакрэт” – літаратура, не прызначаная для сцэны, школьнікі, навучаныя паводле звычайнай праграмы і рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ на чале пастаноўшчыкаў (праўда, абазнаных і спанатраных).  Як трэба любіць дзяцей (мастацтва, тэатр, сваю работу) каб зладзіць ім такі іспыт – на творчую радасць...

...Не ўскаламучаную досведам, паводле якога Аляксандр Грын яшчэ ў 1960-я гады зрабіўся аб’ектам сапраўднага савецкага культу як пісьменнік дзіцячы, а “Пунсовыя ветразі” – ўзорам савецкай масавай культуры для дзяцей (гэта давяла знаўца Грына Наталля Арышчук). Грын “... нібыта і класік савецкай літаратуры, а разам з тым не зусім: ён на самоце, па-за абоймай, па-за шэрагам, па-за літаратурным наступніцвам” (Ул. Амлінскі). І – па-за тэатральным таксама. Драматычныя і музычна-драматычныя спектаклі (савецкія і незалежніцкія), а потым – балеты, а пазней – мюзіклы на падставе “Пунсовых ветразяў” апавядалі кожны пра сваё, збольшага адбіраючы ад Грына фабулу ды персанажаў. Пераказаць Грынаву прозу, перарабіць яе на сцэнічны капыл, перастрававаць сутнасць яго метаду “незвычайнага рамантызму” (альбо, паводле найноўшай класіфікацыі, неарамантызму) было вельмі й вельмі няпроста: Грын аніяк “не зліваўся з эпохай” (паводле дасужай фармулёўкі 1930-х гадоў), а з далучэннем да фантастыкі сам не пагаджаўся. Многія шараговыя спектаклі гэта засведчылі.

09.06.2014

Чырвоная нітка


На навюткія крэслы гарадзенскай лялечнай залы маю ўвагу звярнуў калега: чорную фарбу спінкі пры самым версе псавалі заўважныя драпіны.  “Гэта дзеці, – патлумачыў дасведчаны рэжысёр. – Зубамі закусваюць, калі моцна перажываюць...”.  Так відавочна моц перажыванняў ўплывала і на ацэнкі дваццаці спектакляў ІІ міжнароднага свята-фэсту “Лялькі над Нёманам” (Гродна, 11 -15 траўня 2014 году), хоць узнагароды не прадугледжвалі падзелу “за дзіцячае” і “за дарослае”...

 
"Аленка"
“Лялькі над Нёманам” падымаюцца рана – каб іграць для дзяцей. Дзецям звычайна ад пяці да дзесяці гадоў. Іхнія беды, страхі ды жаданні гэтаксама маюць розныя ўзросты. Беластоцкая “Аленка” Каталін Шэгедзі ў рэжысуры Ката Чаты (Венгрыя) прызначалася для гледачоў ад аднаго (!) да сямі гадоў. Для тых, хто яшчэ не размаўляе, альбо толькі-толькі размаўляць паспрабаваў: гукавы шэраг спектакля складаўся з музыкі, выклічнікаў ды ўздыхаў таўсцюткай гераіні Аленкі, якую не бралі ў гульню –  скакаць яна не спанатрылася, абруч “не ўзлазіў”, мяч трапляў у шыбу. Затое Аленка цудоўна малявала. Хлопчыку на самакаце гэта вельмі спадабалася і яны сталі катацца разам. То бок Аленка знайшла сябра.