01.12.2010

Месца для сэрца

“За зберажэнне і развіццё лепшых традыцый дзіцячага тэатра” спектакль “Шытая лялька Рэгедзі Эн” Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача ўзнагароджаны дыпломам расійскага тэатральнага фестывалю “На парозе юнацтва “, які адбыўся ў Разані 1-7 кастрычніка.


Каротка сцэнічную гісторыю пра Рэгедзі Эн можна выкласці так: у бацькі захварэла дачка. Расхваляваны татусь павыганяў дактароў з іх страшнымі дыягназамі, знайшоў для дачкі нейкую ляльку і задурыў галаву, каб заснула і трошкі адпачыла. Маліцца бацька развучыўся і замест просьбы скіраваў да Бога грозьбу. Тым часам дзяўчынка выспалася і ачуняла. А яе сон – шлях да выздараўлення – зрабіўся зместам п’есы Уільяма Гібсана “Шытая лялька”.

...У адной з цэнтральных роляў спектакля, хворай дзяўчынкі Марсэлы, актрыса Ала Паплаўская дэбютавала за тыдзень да фестывальнага паказу: Марсэла стомлена выслухвала доктарскія загады. Загады супярэчылі адзін аднаму. Манерамі і паводзінамі сваіх персанажаў партнёры дапамагалі Але Паплаўскай выявіць стан Марсэлы: за яе паслухмянасцю ціхутка паўставала абыякавасць. Марсэла трызніла і падпарадкавалася...

“Шытая лялька...” вымагае асаблівага глядацкага даверу хоць бы таму, што ролю дзяўчынкі выконвае актрыса не юначага ўзросту і не травесці. Перадусім гэтая акалічнасць можа проста закрэсліць і драматургаву рацыю, і слушнасці рэжысуры. Так званае глядацкае спачуванне грунтуецца на цікавасці да сцэнічнага дзеяння і асабістыя пакуты персанажа гэтую цікавасць сілкуюць нядоўга. На шкадаванне залы гераіня Алы Паплаўскай не напрошвалася: актрыса выяўляла і яе падсвядомую крыўду, і душэўную неўладкаванасць, так бы мовіць, таемныя складнікі дачыненняў чалавека з хваробай, –варожай сілай, якая хутка набыла аблічча і абвясціла намеры! Тым часам да Марсэлы ў ложак тата клаў ляльку Рэгедзі Эн і ў ложку, ува сне Марсэлы, лялька ажывала, абвяшчаючы сваёй маленькай маме і ўсёй глядзельнай зале: ува сне можа здарыцца што хочаш! А Марсэла мусіла вызначыцца са сваімі жаданнямі...

Рэгедзі Эн рабіла усё, каб падняць Марсэлу з ложка ў літаральным сэнсе і ўсё, каб у пераносным сэнсе яна з ложка не вылазіла. Гэты ложак (дадатковую сцэнічную пляцоўку) ціхамірна акупавалі лялькі, якія ажылі разам з Рэгедзі Эн, і тая тлумачыла, чаму гэта здарылася: Марсэла верыла у тое, што яны жывыя. І калі яна памрэ (разам са сваёй верай!), дык яны ўсе памруць разам з ёй. Таму ім, лялькам, трэба ўжо неяк пастарацца і дапамагчы сваёй маленькай маме застацца жывой! (Гэты эпізод, дзе біблейскі запавет нібы працяты ўмоўна-амерыканскім гандлярствам, вырашаецца і іграецца як відавочнае маральнае адкрыццё.)

Жана Лашкевіч

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий