11.12.2010
Сэрца дзяцінства (заканчэнне)
...Пра дом, ягоную цеплыню і ўтульнасць, пра сямейныя традыцыі, пры якіх цацачны мядзьведзь – асоба не апошняя, за леташнім снегам (узімку) давёў нават Музей Вялікай Айчыннай вайны выставаю "Былі ў мяне мядзьведзі". Назоў – ад Уладзіміра Караткевіча, ягоная кніжка ў зале была разгорнутая якраз на гэтым апавяданні. А вакол – цацачныя мядзьвежыя пысы, нават шкляныя і вышываныя; навюткія і завельмі старыя. Лік мядзьвежага пагалоўя перавысіў семьсот адзінак захоўвання, усіх прынеслі мінчукі па аб’яве: выставіць сваіх мядзьведзяў запрашалі усіх жадаючых. Разам з іхнімі гісторыямі. Адна з такіх мядзьвежых гісторый належала прыгажуну-англічаніну і пачалася аж у 1913 годзе… Гэты самы мядзьведзька сустракае і наведнікаў “Плюшавага сэрца”.
За стагоддзе-другое мядзьведзі пасябравалі з лялькамі. Апявае іхняе сяброўства мастачка Ганна Каралёва. “Плюшаваму сэрцу” папярэднічалі выставы “З жыцця прынцэс” і “Шакаладны набор”. Галоўнай дзейнаю асобай кожнай работы была маленькая гаспадыня ўтульнага пакойчыку, дзе гасцявалі цацкі. У тым ліку лялькі й мядзьведзі. На сёлетняй восеньскай выставе матывы з карцін… сышлі: невялікія фрагменты з лялькамі і мядзьведзямі трапілі на фігурныя маляваныя дошкі. Утварылася ілюзія карціны, якая разбіраецца на часткі (пазлы, кавалкі мазаікі, арт-аб’екты). Такімі неспадзяванымі цацкамі можна добра гуляць з бацькамі…
P.S. З публічным захапленнем сваімі персонамі лялькі даўно асвойталіся. Адна перад адной яны могуць казырыцца сваёй вытанчанасцю: ствараліся для дарагіх калекцый. Іншыя ззяюць наіўным абаяннем і дзіцячаю разасцю першага адкрыцця. Трэція трапілі пад штучнае святло з ценю старога абразу альбо рытуалу. Чацвёртыя падобныя на лялек тэатральных, напрыклад, на марыянетак. Пятыя... Шостыя... Сёмыя...
Улетку 2008 года Музей сучаснага мастацтва выставіў праект «Лялькі», - але ні звыклых традыцыйных, ні калекцыйных аўтарскіх лялек там не было. Абрысы з дроту, аб’ёмы з пластыку і нітак рознага гатунку, выявы, груба маляваныя на зрэбных тканінах, выкладзеныя з кавалкаў і кавалачкаў на паперы, тканіне, скуры, з пукатасцямі і выбоінамі...
Шмат у якіх музеях свету захоўваюцца фігуркі з гліны, рогу, костак, каменя, дрэва. Гэта – ідалы, істуканы, куміры, бажкі, рытуальныя ёлупы і... цацкі. Дзіўныя стварэнні з праекту “Лялькі” сваім паходжаннем абавязаныя менавіта ім. А вось прызначэннем... З імі няможна нават гуляць, а ўжо маліцца... Гэта не помнікі, не памяткі, не пазначкі. Гэта цяпер - арт-аб’екты. У кароткай размове з куратарам выставы, мастацтвазнаўцам Ларысай Міхневіч мы пагадзіліся, што іх галоўнае прызначэнне, бадай што, абуджаць асацыяцыі, праз іх – успаміны і так далей. Паняцце “лялечнага” у мастацтве мінулага (дый пазамінулага) стагоддзя драматычнае. Цацка, яна самая – лялька, нібыта ўскладае на сябе нязвыклы цяжар сэнсаў, разуменняў і задач. Рускія футурысты некаторыя свае творы называлі «цацкамі для марсіянскіх дзяцей». У дваццатыя гады мінулага стагоддзя ляльку абвясцілі сурагатам чалавечага. Да сёння не зводзяцца музеі васковых пастаў і гэткія самыя паставы вяртаюцца ў гістарычныя музеі; існаванне крамных манекенаў і нават афармленне крамных вітрынаў ужо вымагае не толькі густу і досведу мастака, але і мастацкай канцэпцыі... Выявілася праблема і зусім дзіўная – самаідэнтыфікацыя, але не чалавека праз ляльку, а... лялькі праз чалавека! Самыя буйныя і адметныя мастакі апошняга стагоддзя зазналі яе, лепшыя сучасныя тэатры з ёю сутыкнуліся.
Асэнсавана альбо падсвядома, нашы мастакі, лялечнікі і крэатыўныя бабулі вырашаюць першасную задачу: праз цацку, праз ляльку дапамагаюць чалавеку зазірнуць у самога сябе. У самае сэрца.
Жана Лашкевіч
Фотаздымкі выкарыстаны з дазволу аўтара
Подписаться на:
Комментарии к сообщению (Atom)
Your blog is great
ОтветитьУдалитьIf you like, come back and visit mine: http://b2322858.blogspot.com/
Thank you!!Wang Han Pin(王翰彬)
From Taichung,Taiwan(台灣)
Неплохая была выставка. Приятно встретиться в интернете со знакомыми медведями.
ОтветитьУдалить