Выканаўцы роляў паркавых насельнікаў пераконваюць не толькі пластычнай характарнасцю, але і апраўданнем адметнасці паводзінаў, якія кожнаму надала парода і прырода. Варона (Юлія Грыгарэнка) за бліскучыя пацеркі сама сябе падмануць гатовая. Пацук (Андрэй Каламіец), відаць, не адзін раз ужо ад Коткі ўцякаў, ды чарговыя ўцёкі задорага стануць, таму ён хітруе, часова скараецца, але з першай небяспекай ва ўсім вінаваціць кандыдатку ў каралевы краіны вечнага лета. Сабака (Андрэй Каралевіч і Павел Наўроцкі) дзеля справядлівасці гатовы зацкаваць-пакараць Пацука ды Котку, але забываецца на ўсё перад перспектывай сяброўства з Хлопчыкам. Насцярожаны да свету, з кудлатым аблавухам на галаве, Сабака ўзброены баксёрскімі пальчаткамі. А давер выказвае тым, што здымае пальчаткі і аддае хлопчыку. Не як гаспадару. Як сябру.
Толькі ў самы скрутны момант, Котка (Алеся Гераська) шчыра прызнаецца дзецям, чаму ёй так патрэбна краіна вечнага лета: там яна будзе... самая-самая! Ёй, каралеве, там ніхто не скажа, што яна тоўстая!. Дзеці дасціпна падтрымліваюць яе амбіцыі, але Котка прымушае сябе ўгаворваць і канчаткова згаджаецца пайсці да іх... за малако.
З просталінейным Сабакам і хітраванкай-Коткай абыходзяцца як у казцы – Дзяўчынка забірае сабе Котку, Хлопчык – Сабаку... вулічных (паркавых)! Якая маці такое дазволіць насамрэч? У мастацкую праўду расповед ператварае не жанр (казка), а рэжысёрскі падыход і акцёрскае стаўленне да роляў: пошукі сябра падобныя на пошукі сэнсу жыцця. Ці, прынамсі, намагання зразумець ягоныя законы ды парадкі.
Хлопчык прагне сябра моцнага, дужага. Каб у двары баяліся. Акцёр Генадзь Гаранскі ўражвае нахабнай хлапечай самаўпэўнасцю, за якой паўстае дзіцячая крыўда на ўвесь свет, які не адпавядае ні тэлевізійным шоў, ні кампутарным гульням. Любым коштам яму трэба пастанавіць на сваім – хоць адабраць у сястры самакат, хоць перафарбаваць у зялёны колер Брыка. А калі за Брыка раптоўна заступаецца Шуся, Хлопчык адступаецца ад свайго намеру з палёгкай, за якой паўстае раптоўнае разуменне: Брык сам па сабе цікавы – такі, які ёсць. Без ашыйніка з шыпамі і ў натуральным выглядзе.
Ад планаў па пераробцы Брыка Хлопчык акцёра Аляксандра Лешчанка адмаўляецца весела і хутка: ну не дык не, прыдумаем іншую гульню. Галоўнае – ён, Хлопчык, будзе галоўны. Але... “Чаму з жывымі можна гуляць толькі тады, калі яны самі захочуць?” – пытаецца Дзяўчынка (Людміла Асмалоўская) і брат на хвіліну бянтэжыцца. Важкае пытанне! І глядацкую ўвагу на ім варта засяродзіць...
...У страшнай цемры Брык абяцае Шусі, што заўтра зноў узыдзе сонца і яны знойдуць краіну вечнага лета. Зараз жа ў Ветра распытаюць! Але ўсяведца Вецер кажа, што Шуся нараджаецца ўвосень і засынае на зіму, на вясну, на лета – да наступнае восені. І абуджаецца... іншай. Так бывае. Ёсць няўмольныя законы для жывых. І хоць ў сяброўстве галоўнае – вернасць, гледачы ўсіх узростаў разумеюць, што ад наіўнай вернасці Брыка будучыня Шусі залежыць ніяк не наўпрост, але... залежыць! Быць ёй... альбо не быць? І ніяк не менш! ...Брык, ахоўнік Шусінага сну, застаецца побач.
Эпілог спектакля – сон Шусі. Вецер пабяцаў, што лета яна прысніць, і Шуся сніць сваё лета – тых, хто ўдзельнічаў у важных падзеях яе маленькага жыцця, якое, аказваецца, паспела набыць і важнасць, і сэнс. У прыгожым пластычным эпізодзе з’яўляюцца персанажы спектакля – аднолькава яркія і вясёлыя. Катаюцца на самакаце, скачуць праз вяровачку, выдзімаюць бурбалкі... Кружыцца карусель, ззяючы лямпачнай аблямоўкай, асвятляецца дрэва і сцэнічнае наваколле, утвавараючы позні паркавы вечар. Такім Шуся сніць лета і неўзабаве разумее, што яно такое. “Лета – гэта калі цёпла вось тут”, – раптоўна кажа Шуся і дакранаецца да сэрца...
Жана Лашкевіч
Фота Валянціна Хасяневіча
Газета “Літаратура і мастацтва” № 45 ад 12 лістапада 2010 года
Дзякуй Вам яшчэ раз!!!
ОтветитьУдалитьВедаеце, цяпер нават я сама зразумела, што напісала))))
Гэта - сапраўдная тэатральная крытыка!
"Брык и Шуся" -отличный спектакль.А прочитать о нём отличную статью - рэдки выпадак! Благодарю и желаю успехов!
ОтветитьУдалитьВыдатны спектакль для дзяцей і для дарослых. Адметны выпадак паразумення драматурга, рэжысёра, мастака і кампазітара. Зычу "Брыку і Шусі" падгадавацца ў тэатры і парадаваць нас яшчэ не адзін раз.
ОтветитьУдалитьЗахоплены добразычлівец