07.12.2010

Сэрца дзяцінства

Да 5 снежня Цэнтр народнай творчасці ў Бібліятэцы імя А.С.Пушкіна прымаў выставу “Плюшавае сэрца” – аўтарскіх цацачных звяроў. Свойскіх, дзікіх, фантазійных; шытых, вязаных, валяных; адмысловых, калекцыйных... Чыста паэзію, а не цацкі.

Колькі гадоў запар беларускія лялечныя майстры збіраліся і выстаўляліся ў “Балаганчыку” – на рэспубліканскай выставе аўтарскае лялькі. Лялькам спадарожнічалі лялечныя дамкі, мэбля, адзежа, маскі, жывапісныя і графічныя работы. У 2006 годзе ўсім “Балаганчыкам” паміналі выбітнага лялечнага майстра Ганну Свешнікаву. Ганна марыла пра школу, дзе будуць навучаць адмысловым лялечным навукам. У лістападзе 2006 года такая школа адчынілася ў Мінску – Майстэрня аўтарскай лялькі. Майстры кажуць, што вучыцца там патрапіць кожны… але толькі той, хто моцна й замоцна хоча: выкладаецца мастацтва лепкі, ляленай прычоскі, абутку, аблічча. Вытанчаная лялечная грамада павялічваецца па каліву – рознага гатунку, роду і прызначэння. Ад розных мастакоў. А таксама ад тых, хто мастаком сябе не называе, але не спыняецца выдумляць, шыць, вязаць, валяць…

Майстэрняй аўтарскай лялькі кіруе Ірына Ражко, адмыслоўца з неаглядным стажам і досведам.



Яна пэўна ведае, што ў кожнай сучаснай пенсіянерцы хаваецца маленькае дзяўчо, якое яшчэ не сустрэлася з самай патрэбнай і жаданай лялькай свайго жыцця. За выключэннем тых пенсіянерак, якія патрапілі прайсці курсы пры майстэрні і цяпер умеюць стварыць ажно дзьве (!) непаўторныя лялькі за навучальны год. Для сябе і для ўнучкі. Самыя ўдалыя творы навучэнак паказвалі на сезонных “Дэбютах” і ўвосень ў тым самым “Балаганчыку”.

У 2009 годзе майстры вырашылі “змяніць фармат” і рэспубліканская выстава зрабілася міжнароднай: ў “Балаганчыка” з’явілася “Ядвабнае сэрца” (так называлася леташняя выстава). Ядвабным сэрцам, калі памятаеце, разжыўся адзін металічны казачны персанаж. Яму дужа хацелася пачувацца жывым. Лялечных персанажаў леташняе выставы на прадмет сэрца не правяралі: у іх і так было ўсё, што мусяць мець лялькі, і нават больш. Яны няблага выяўлялі сум, самоту, радасць, замілаванне, здзіўленне і нават схільнасці да звады. Кожная – у вобразе, кожная – з характарам, а то і з норавам!



...Майстры часам цытуюць наша фальклорнае, незабыўнае “анёлам ляцеў ды чортам сеў”, калі маўклівыя цацачныя істоты ўпарта не хочуць адзявацца-абувацца, прычэсвацца, трымаць паставу. Здараецца і так, што пасля ўсіх клопатаў ды высілкаў з рысаў лялечнай прыгажуні-чараўніцы раптам прарэзваецца варажбітка, а які-небудзь сур’ёзны хохлік пачынае глядзець вачыма зачараванага прынца. Відаць, утаймаване лялечнага нораву і дае чалавеку права называцца майстрам.
Сёлетнія персанажы пакінулі раскошны ядваб лялькам. Яны – звяры. Таму збольшага абыходзяцца плюшам, праўда, гэты плюш бывае і ад Кардэна. Звяры прызначаны для шафаў, канапаў, камодаў і падставаў пад люстэркі. Менавіта ў гэтых месцах збіраюцца так званыя калекцыі. Не для гульні – і для гульні таксама. Не для дзяцей – але дзіцячыя ручкі пацягнуцца да іх адразу.





...І тым не менш, выраб аўтарскіх лялек у Беларусі да сёння за мастацтва не лічыцца. Майстэрня аўтарскай лялькі – ініцыятыва выключна прыватная. Штораз перапахваць і аднаўляць мяжу, якая аддзяляе стварэнні прафесійных мастакоў (лялечнікаў?) і захопленых аматараў, можна. Тэарэтычна. Але практычны назоў гэтае мяжы – аўтарства. Таму яна і не мяжой выглядае, а, хутчэй, вузенькім такім... кірмашовым пляцам, дзе кожны знойдзе сваё – па гусце і па кішэньцы. Пры гэтым можна пачуць сумленны каментар, што беларускім аўтарскім лялькам пакуль не зраўняцца з расійскімі паводле, перапрашаю, пагалоўя ды размаітасці тэхнік выканання, але... Ну, як ставілася Вільня, усе памятаюць: не адразу.

Жана Лашкевіч

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий