...Думку сямейную абдумвае рэжысёр Генадзь Мушперт у гэтым спектаклі. Ягоная “Шытая лялька…” паводле драматурга Гібсана ўзважана чаргуе матывы сацыяльныя, лірычныя, інтымныя. Гісторыя дзяўчынкі і бацькі выклікае спачуванне і добрую ўсмешку. Але распавесці дзецям пра дзяўчынку, якую кінула мама, проста ў спектаклі наладзіць іхнюю сустрэчу, дараванне Марсэлы і адразу – ахвярнае развітанне з дачкой…
Першы выхад Маці (Наталля Гарбаценка) у спектаклі – увасобленае жаданне дачкі яе ўбачыць. Толькі ува сне і ў марах Маці можа быць такой прыгожай. Там ёсць надзея, што бацькі ізноў будуць разам, ужо гучыць вясельны марш, а Тата (Іван Шрубейка) хавае за спінай букет, але раптоўна Мама называе яго “вяроўчынай на сваёй шыі” і знікае. Другі раз Маці з’яўляецца ў выглядзе Ведзьмы – жанчыны ў падраным вясельным уборы, якая хоча павесіцца, але ніяк не здужае зацягнуць шворку. Нічога сабе дзіцячы спектакль! Але, па-першае, дзецям лепш не хлусіць, а, па-другое, драматычны змест у камічных абставінах схіляе Ведзьму да шчырасці. І калі Марсэла прызнае ў Ведзьме Маму, смех у зале раптоўна сціхае…
Мама Марсэлы вызначылася асаблівым талентам – любоўю да сябе. За гэтай любоўю палегла пустэча – проста касмічная. Марсэла даруе і вяртае Маці да жыцця, і тая, ўжо не як Ведзьма, але як Маці вяртае пазыку: адцягвае на сябе ўвагу генеральскага Ваўка…
І чаго толькі не прысніш. Галоўнае – прачнуцца, і зусім добра, калі можна прачнуцца ўдома. Тата прапануе пад’есці, нясе ляльку, прышывае ляльцы сэрца… З дня прэм’еры ў снежні мінулага году ”Шытая лялька Рэгедзі Эн” зрабілася адным з лепшых спектакляў тэатра, па-свойму зберагаючы і развіваючы ягоныя традыцыі. У сярэдзіне дзевяностых гадоў пра іх апавядаў “ЛіМу” тагачасны мастацкі кіраўнік тэатра Андрэй Андросік: ” Адна з галоўных маіх мараў – стварэнне сямейнага тэатра, – казаў Андрэй Фёдаравіч. – Прысутнасць бацькоў побач з дзецьмі – найбольш дзейсны спосаб уплыву на юную псіхіку. У такім сямейным адзінстве больш даверу, магчымасці для шчырай размовы на любыя, у тым ліку маральна-этычныя тэмы. Таму сям'я (так было заўсёды і так павінна быць) — малекула сусвету, ячэйка грамадства, якая стабілізуе, якая, магчыма, толькі і здольная ўсіх нас захаваць ад распаду і катастрофы.”
Жана Лашкевіч
Газета “Літаратура і мастацтва” № 43 ад 12 лістапада 2010 года
Комментариев нет:
Отправить комментарий