Пераўтварэнні для ложка прыдумаў драматург: каб трапіць да лялечнага доктара і паказаць яму Марсэлу, кампанія лялек рабіла з яго лодку – спачатку яна плыла, а потым ляцела. У спектаклі рэжысёра Генадзя Мушперта ложак перажываў дадатковыя пераўтварэнні і трымаўся да пераможнага канца сапраўдным абарончым рубяжом. Апошнім, таму што – свойскім. Альбо хатнім, як каму падабаецца. Калі надарыцца яго ўзяць, разбурыць ды знішчыць, дык свет перакуліцца альбо проста скончыцца. Бо пакуль ёсць дом, ёсць месца для сэрца...
Сэрца з надпісам “Я цябе люблю”прымацаваў да лялькі бацька. З гэтым сэрцам, поўным любові, Рэгедзі Эн вяла дзяўчынку праз воды ды нябёсы да лялечага доктара, па дарозе адшуквала яе маму і пераконвала Марсэлу дараваць маме колішнюю здраду. Страшнага Генерала, у якога ўвасобілася хвароба Марсэлы (у яго пад зямлёй войска мерцвякоў, але ён шукаў новых і новых), атручваў самы выгляд сэрца з любоўным надпісам. Лялькі, убачыўшы гэта, шапацелі, мармыталі, балбаталі “каханне”, “любоў”, “мілосць” (сцэна, цалкам прыдуманая рэжысёрам Генадзем Мушпертам – яшчэ адно маральнае адкрыццё спектакля паводле біблейскага запавету), а потым сардэчнымі струнами звязвалі яго так, што Генерал курчыўся і сцішваўся… праўда, ненадоўга. Сваё сэрца, поўнае любові, Рэгедзі Эн літаральна аддавала Марсэле для трансплантавання (режысёр знарок пакінуў медыцынскі тэрмін, які з цяжкасцю вымаўляюць лялькі). Ляльку без сэрца Генерал прымаў за Марсэлу, і забіраў яе з сабой…
Марсэла пераказвала сон бацьку, як раптам аглядзела, што ў цацачнай копіі Рэгедзі Эн сапраўды знікла сэрца. Бацька хуценька прышыў ляльцы новае сэрца з надпісам “Я цябе люблю” і… у жывым абліччы актрысы лялька ізноў з’явілася на сцене з усімі сваімі конікамі і кепікамі…
Так што Рэгедзі Эн у выкананні Веры Кавалеравай – лялька асаблівая. Можна апісваць, як пераканаўча знайшла актрыса лялечныя інтанацыі і пластыку, як ад сцэны да сцэны дакладна развіваецца роля (чаго варты фінал сцэны, дзе Марсэла вінаваць Рэгедзі Эн у тым, што яна самазванка, і ні да якога лялечнага доктара нікога не прывядзе! Лялька здзіўленая, разгубленая, збянтэжаная, адказвае, што і сама не ведае, хто яна, але годнасці не губляе!). Рэгедзі Эн Веры Кавалеравай – талісман, абярэг, добры геній сталення, старэйшая сяброўка, абаронца, саўдзельнік, прыхільнік… У гэтае лялькі шмат абліччаў і значэнняў. У адзін спектакль яны нават не заўсёды змяшчаюцца, – усё залежыць ад партнёраў у ролях іншых персанажаў. Але Рэгедзі Эн выяўляе ў кожным асаблівы талент – талент любові, і памнажае яго на жаданне жыць…
Лялька зрабіла самую важную справу – пазбавіла Марсэлу ад страху і хваробы. Ад Генерала, які ў спектаклі называе сябе “Генерад Зэт” ( у амерыканскім арыгінале ён – Генерал Жах, але беларускія сугуччы ў словах кшталту “здрада”, “здзек”, “змардаванне”, “забойства” далі магчымасць перакласці ягонае імя як адно з невядомых са школьнае алгебры, а пратэзы і каларытны строй мастака Ларысы Рулёвай зрабілі з яго заваёўніка па-за часам і эпохай.). Генерал – засяроджанне падсвядомых страхаў дзяўчынкі. Перамагчы або абхітрыць Генерала – значыць, перамагчы хваробу. Перамагчы Зло. Генерал злосны, цынічны, ўпарты і заўжды галодны; ён камандуе мерцвякамі і да часу церпіць часова жывых хіба дзеля камплектацыі свайго войска, але гатовы знішчыць увесь свет.
Неадназначнасць свайго персанажу Аляксандр Палазкоў высвятляе паступова: Генерал то шчыры служака, то фанатык, то цынічны філосаф збройнага чыну, стомлены бясконцым аднаўленнем жыццёвых формаў. Зло – катэгорыя абстрактная, а генеральскі пераслед дзяўчынкі Марсэлы залежыць ад таго, як Генерал паразумеецца сам з сабою, што сам сабе закамандуе. І паколькі глядацкі давер вымагае асаблівай, выключнай акцёрскай шчырасці, змаганне Генерала з лялькай Рэгедзі Эн апавядае не толькі і не столькі пра тое, як перамагчы хваробу. Перадусім спектакль – пра досвед чалавечага сталення, якое адбываецца цяжка, доўга, хваравіта. І якое робіцца цяжэйшым, даўжэйшым і проста балючым, калі чалавеку няма куды дзець сэрца. Калі ў чалавека няма дому. Як у Генерала. Як у мамы Марсэлы…
Жана Лашкевіч
Заканчэнне будзе
Комментариев нет:
Отправить комментарий