09.12.2010

Сэрца дзяцінства (працяг)

Штораз лялечнікі рыхтуюць гледачам неспадзёўку – сапраўдную выставу на выставе, так званую «Персону». Гэты раз галоўнай персонай выставы зрабілася Таццяна Хаберская, чые тэкстыльныя жывёлы ад пачатку свайго існавання сяліліся толькі ў прыватных калекцыях, а на свет з’яўляліся толькі па начах – у вольную часіну ад асноўнае працы сваёй стваральніцы. Таццяна Хаберская – выключны звярыны адмыслоўца. Шыць свае шэдэўры пачала якраз тады, калі... не было з чаго: у нашы славутыя дзевяностыя гады. Ні тканіны прыдатнай, ні фурнітуры (вочак, кіцюрыкаў і г.д.), ні файбертэкаў-сінтэпонаў... Не было як і каго, і Хаберская нікога на паўтарала. Тэхнікі выканання і вобразы распрацоўвала сама: яркія, нязвыклыя, з вялікай колькасцю дэталяў.

...Стомленая бабуля-авечка гушкаецца ў фатэльчыку з кніжкаю. Кабылка раскінула капыты – таксама адпачывае. У кабылкі заўважныя, характэрныя заечыя зубкі, што надае вобразу ўсмешлівай характарнасці. Шэры каток у чатырох валёначках , у аблавушку і... з мяккай ручкай на спіне: яго можна трымаць, як кайстру. А ў маленькай белай пацучыхі – дзень народзінаў. Прыйшоў вожык, прыйшоў зайчык. Падарунак прынеслі – рыбку. Шмат дэталяў – розныя крэселкі, заплечнікі, спаднічкі й штонікі... І – прастора для ўяўлення. Калі звыклыя (асабліва старыя) цацкі натуральна ствараюць гісторыю, дык аўтарскія лялькі гісторыю... распавядаюць. Сваю, натуральна. Звераняты Хаберскай – пра дом, утульнасць, асаблівы клопат, руплівасць. Няшмат каму з людзей пашчасціла іх зведаць і зразумець, што гэта такое.



Рухавік мастацкага прагрэсу – мядзведзі. Вядома, для калекцыі. Натуральна, для гульні. Зразумела, пэўнай мяжы паміж імі нямашака. Іх пачалі шыць амаль адначасова і ў Старым, і ў Новым свеце; ёсць некалькі версій паходжання цацкі, але “ласы плюс” іхняму распаўсюджанню дадалі абставіны: з мядзьведзем ахвотна гулялі не толькі дзяўчаткі, але і хлопчыкі. Старасвецкіх мядзьведзяў рабілі з валізамі так званага пасагу – ад капелюшоў і парасонаў да бінокляў і матросак. А вось пра так званага сучаснага аўтарскага мядзьведзя абвясцілі амерыканцы пры канцы сямідзясятых.

Сёлета ў Майстэрні атарскай лялькі першыя навучэнкі адбылі курс “Аўтарскія лялькі і мядзведзі Тэдзі”. Аўтарскі фантазійны мядзьведзь перадусім шыецца па індывідуальнай выкрайцы, з даражэных матэрыялаў (антыкварных, знарок састараных альбо, наадварот, з самых сучасных калекцый), з адметнай фурнітурай. Чым больш дэталяў, тым цікавейшы вобраз. Для мядзьведзя акрамя вочак, лапаў ды пысы важна мець пяць злучэнняў, каб чатыры лапы і галава рухаліся для пошукаў настрою і ўдакладнення вобразу. Тэрэза Трухановіч прапануе мядзьведзяў-рэплікантаў – гэта значыць пашытых рыхт у рыхт паводле старасвецкіх узораў (яе паважны самотны Арыстарх выраблены паводле ўзору 1928 года, нават пілавінне ўсярэдзіне). Рэплікі (паўторы) бываюць поўныя ці частковыя – у тым выпадку, калі патрэбных матэрыялаў не дастаць. “Хайтэкаўскі” мядзьведзь Ірыны Ражко вылучаецца хіба расфарбоўкаю, але паходжаннем – свойскі, для дарослых дзяцей. За нядаўнім часам Валянціна Мезенцава распрацоўвала мядзьведзяў на цацачнай фабрыцы, а цяпер шые сваіх, аўтарскіх. Яна сведчыць, што найважная для мядзьведзя не выкрайка і матэрыял, а вобраз. Самыя паважаныя еўрапейскія і амерыканскія фабрыкі абавязкова выпускаюць невялікія наклады калекцыйных мядзьведзяў. Для гаспадара такі – сімвал дзяцінства. А без дзяцінства не абыходзіцца ніводзін чалавек.

Жана Лашкевіч

Заканчэнне будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий