19.02.2010

“Аднолькава важуць дабро і зло”

Мяркую, што Рыду Сяргеевічу Таліпаву, які сёння ачольвае Нацыянальна акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў якасці мастацкага кіраўніка, самому будзе цікава згадаць адзін са сваіх першых спектакляў.

Газета “Літаратура і мастацтва” 3.11.1989

“Картатэка” Т.Ружэвіча ў Тэатры-студыі на плошчы Перамогі

Ёсць пэўная бясспрэчнасць у выбары рэжысёрам Р.Таліпавым гэтай п’есы менавіта сёння – не “пра прастытуак” , не “пра Сталіна”, не “пра мафію”; не дэтэктыў, не меладрама, не інсцэніроўка нашумелага твора. Спектакль, у сваю чаргу, сведчыць , што тэатр – не абавязак, не кафедра, не палітыка. І гасразліковы Тэатр-студыя на плошчы Перамогі рызыкнуў не змагацца за гледача, а заставацца “проста тэатрам”…

Тэатрам думкі (інтэлекту), тэатрам парадоксу, тэатрам сімвалу? Бадай, усе названыя кірункі спалучыліся пад уладаю Р.Таліпава. Спектакль тэатра-студыі “Стрып-тыз” С.Мрожака быў пазначаны, па-першае, дакладнасцю рэжысёрскае работы, якая давала работу глядацкай фантазіі, падштурхвала да сатворчасці, але, па-другое, і няспраўджанасцю, няпэўнасцю акцёрскага існавання ў ролях. Схіляюся да высновы, што рэжысёр “прымерваў” на сваіх акцёраў сякія-такія адмысловасці з выдатна распрацаваных у замежжы “школ” накшталт жорсткасці ці жаху; прымерка, праўда, засталася прымеркаю. А што ж другая пастаноўка?

…”Цёмныя месцы” драм літаратара Ружэвіча шмат у чым тлумачаць ягоныя вершы. Дый драмы напісаны ім накшталт вершаў. Мовячы фігуральна, “без рыфмаў, знакаў прыпынку, традыцыйных памераў” – паводле вызначэння Ю. Пшыбася. Праз верш Ружэвіч хацеў убачыць ягоную, верша, драматычную тканіну, “каб было заўважна, што варушыцца на дне”, і форма такім чынам павінна была знікаць, рабіцца настолькі празрыстаю, каб атаесаміцца з прадметам твора:
Крынічным
Празрыстым апісаннем
Вады
Дасягнеш
Апісання смагі

Магчыма, менавіта ягоныя вершы “перацякалі”, ператвараліся ў п’есы, бо “на дне” п’ес можна заўважыць маленькія каменьчыкі паэтычных вобразаў – “Картатэка” не выключэнне. (Цікава, што па-майстэрску рэжысуючы вершы, Ружэвіч і з драмамі сваімі робіць тое самае з дапамогаю шматлікіх рэмарак.) Нацыянальны польскі паэт, годны грамадзянін свету, свайго Героя ў “Картатэцы” ён, відаць, празрыста атаесаміў і з самім сабою, і з цэлым чалавецтвам. Нездарма Героя і ў п’есе, і ў спектаклі называюць самымі рознымі імёнамі. Ружэвіч яго штучна не абагульняў, не тыпізаваў, не характарызаваў, не надзяляў бародаўкамі ды шнарамі, а прадставіў, так бы мовіць, праз працэс мыслення, праз плынь ягонай свядомасці – згадкі, здагадкі, выдумкі ў тым ліку, – праз дзівосную тканіну, матэрыю, атмасферу, якую павінны ўтварыць на сцэне акцёрскія словы, словы, словы… Герою наканавана быццам “матэрыялізавацца” з гэтых слоў, а потым “знікнуць” туды ж – у словы… Аднак Ружэвіч ніякі не абсурдыст (“Я ствараю тэатр з рэалістычнай тканіны з дапамогай слова. Слова ў тэатры набывае плоць”), ён, бадай, парадаксаліст, прыхільнік кантрастаў, а таксама пакручастых доказаў, а затым – рухомых драматургічных пабудоў. Без традыцыйных памераў, без знакаў прыпынку…

Ружэвіч, а ўслед за ім Таліпаў, далікатна вызначаюць, што на плыву жыцця чалавек трымаецца процьмаю самых нябачных, самых неверагодных сувязяў, што ён сам сябе не заўсёды разумее, калі можа пажадаць адначасова памерці і ўваскрэснуць; чалавек, здаецца, усведамляе сваю біялагічную мяжу , але падсвядома перакананы ў бессмяротнасці душы…
Драматург і рэжысёр адзначаюць хісткую раўнавагу свету чалавечага і сусвету касмічнага (у спектаклі ёсць сцэна з дзіцячымі цацкамі, “гульні” з якімі ў нейкім сэнсе сімвалізуюць чалавечую дзейнасць), крохкую гармонію паміж злым і добрым у чалавеку, строяць кепікі з палітыкі і перадаюць зале сваю шчымячую стомленасць ад бездапаможнасці ў справе выратавання ўсяго і ўсіх.

Нагадаю, Герой заняты складаннем вельмі своеасаблівай картатэкі (прыём эксцэнтрычны, дзіўны, тэатральны) – раптоўных згадак, сноў, размоў, спрэчак, часам балючых намаганняў асэнсаваць і растлумачыць уласнае жыццё, прыстойнае, выродлівае, узнёслае і гаротнае адначасова (чым не жыццё кожнага?). Атмасфера паэтыкі сну, эстэтыка паэтычнага вобразу ўтвараюцца з плыні слоў, зрухаў; па-свойму вытанчаных, па-свойму пікантных сітуацый, якія ўзнаўляюць чародку вобразаў з мінулага Героя. Са свайго боку дзею кантралююць і абмяжоўваюць тры “Старыя” кабеціны (у драматурга гэта мужчыны), гэткія нянькі, спакушальніцы, наглядачкі ці сапраўдныя багіні лёсу (просіцца асацыяцыя з Мойрамі), ролі якіх выконваюць маладзенькія актрысы Л.Хацкевіч, В.Сарока, В.Шаплякова. Колькі разоў пад рознымі абліччамі акупуюць сцэнічную пляцоўку мужчыны (Б.Палякоў і У.Юрэвіч) – як абмершчыкі, ці далакопы, ці нахабныя служкі, ці злавесныя асобы з заданнем ад Люцыпара, няйначай. Чалавечае жыццё героя заціснута ў вузкую прастору паміж жаночым і мужчынскім пачаткам (матыў з Фрэйда), альбо павольна рухаецца па адвечным калідоры часу, як энергія нашай думкі і духу (матыў з “Вяданты” і Вярнадскага). Герой (а сваё цела і дух яму аддаў акцёр І.Сцяпанаў) пакутліва ўзнаўляе свае адчуванні – няўжо так прадчуваецца канец жыцця?

“Людзі палуднуюць, толькі палуднуюць, а тым часам складаецца іхняе шчасце і разбіваюцца іхнія жыцці”, – я спісала гэтую цытату А.Чэхава з артыкула пра Тадэвуша Ружэвіча , дзе “Картатэка” названа драмай пэўнага чалавечага стану. Што да Героя, дык з ім, як быццам, нічога асаблівага і не адбываецца, не здараецца. Ён, па-сутнасці, яшчэ не пачынаў жыць! А ў калідоры часу не затрымліваюцца.
Праз вобраз Героя рэжысёр праводзіць думку пра марнасць марнасцяў, бессэнсоўнасць жыцця і пра тое, што толькі сам чалавек можа надаць яму сэнсу. Акцёр у гэтай ролі прапануе некалькі нязвыклае інснаванне – хоць бы ў тым, як не баіцца (лепш сказаць, жадаў бы) адкрыта дэманстраваць свае адчуванні, крыху адасобіўшыся ад таго, каго стварае, але знарок не стараецца ставіцца да Героя па-філасофску адцягнена ці іранічна. Праўда, мне здалося, што акцёрскі настрой на працягу спектакля не мяняецца. Халаднаватае чаканне і чамусьці падсвядомая насцярожанасць, нават у тых сцэнах, дзе ледзь не літаральна даводзіцца выяўляць безвыходнасць і біцца аб сцяну. Чаканне на свой манер апаноўвае і гледачоў: якая раптоўнасць акцёрскага выканне скалане ці дасць паспытаць прыкрасці? Насцярожанасць акцёра проста-такі наструньвае залу на насцярожанасць у адказ. Прынамсі, мне так здалося, ды сфера пачуццяў-адчуванняў настолькі няўлоўная, што не ўлавіць.. вельмі проста. Але відавочна, І.Сцяпанаў хацеў бы знайсці да засвоіць для свайго Героя цалкам нетрадыцыйнае існаванне на пляцоўцы. Акцёр яшчэ на шляху да поспеху.

Людзі, якіх узнаўляе Герой, некалі нешта значылі ў ягоным жыцці, нездарма яны ўзнікаюць менавіта перад канцом, і ці не з той самай прычыны такія цудоўна-адцягненыя, такія, я б сказала, эстэтычна дасканалыя? У згадках, да прыкладу, нават Тоўстая дама дзякуючы рэжысёру з’яўляецца стройнаю і гнуткаю, а банальныя рэплікі Мамы і Таты Героя рэзка кантрастуюць з іх чалавечаю значнасцю і вытанчанасцю. Адзіны выканаўца, на маю думку, пакуль выпадае, – хацела напісаць “з ансамбля”, ды ён выпадае з атмасферы спектакля ці парушае яе – А.Абрамовіч у ролі Дзядзькі. Ягонае выйсце не выклікае пачуццёвага зруху; яго абыякавасць альбо скутасць у шкоду вобразу, які, па-мойму, вымагае трошкі дасціпнай характарнасці.
А.Жызнеўскі (Мужчына з праборам) і Л.Хацкевіч (”Старая”, Вольга, Тоўстая дама) працуюць дасціпна, выяўляючы долю характарнасці персанажаў, зусім не характарна выпісаных драматургам. Л.Хацкевіч, дарэчы, нездарма прымае на сцэне палярна розныя абліччы: яна павінна быць непаўторнаю, як... праявы самога лёсу героя. Мяркую, такім чынам рэжысёр падкрэсліў ягоную існасць і непрадказальнасць.

Наследуючы Ружэвічу, ідучы шляхам парадоксу, са слоўнае плыні Героя варта вылучыць адно праклятае пытанне (да гэтага падводзіць І.Сцяпанаў), каб... у саміх сябе папытаць тое самае: як так?! Як так атрымалася, што адзінае жыццё нельга пражыць самым найлепшым чынам, а ідэал таму і ідэал, што недасяжны; праходзяць маладосць, сталасць, старасць, а сутнасці быцця спазнаць няможна, не выпадае, затое, і з лішкам, – трэба мітусіцца, маракаваць, гібець...
Як так?! Гэта злосныя сацыяльныя сілы вінаватыя ці спракавечныя законы існавня разумнага? Вось і Ружэвіч спачатку піша “шукаю сабе могілкі дзе не паўстану з памерлых”, але “пасля канцу свету пасля смерці я апынуўся пасярод жыцця сатвараў сябе ствараў жыццё”. Паэт Ружэвіч такім шляхам аднаўляе гармонію, яму не пярэчыць Ружэвіч-драматург: “Лепш за ўсё я бачу, калі заплюшчваю вочы. З заплюшчанымі вачыма я бачу каханне, веру, праўду...” Акцёр робіць пасля гэтай рэплікі Героя маленькую паўзу, якая на сучаснай сцэнічнай мове можа абазначаць вялікае мастакоўскае сумненне наконт аднаўлення гармоніі. Сумненне і пакідаецца гледачам... Дый хто толькі не занатоўваў парадаксальныя сумненні за гісторыю існавання пісанага Слова; Ружэвіч працягвае па-свойму:”Аднолькава важуць дабро і зло”. Такой рэплікі няма ў спектаклі, гэта – радок з верша, але яго “сваімі словамі” прамаўляе голас з-за сцэны, калі да Героя быццам бы па інтэрв’ю звяртаецца Журналіст (каб Герой патлумачыў яму сваё жыццё). У драматурга Журналіст абавязаны выйсці на сцэну, Таліпаў абмяжоўваецца адным голасам з-за сцэны, які належыць нейкай вярхоўнай істоце, паводле традыцыйных уяўленяў – анёлу, апосталу, богу. “Вельмі позна”, – на ўсё адказвае голасу Герой. І – знікае. І ніводнага тлумачэння больш не дае...

Я ж зразумела ягонае дрэнчанне так: парушэнне гармоніі, раўнавагі не танна абыходзіцца чалавечай душы, нават калі свет вакол яе і не разляціцца на друзачкі. Душа, чалавек, жыццё (і ў гэтай выснове, магчыма, заключана рэжысёрская канцэпцыя спектакля) – вельмі каштоўныя самі па сабе і ў любых сваіх праявах (гаворка пакуль не ідзе пра пачварства альбо паталогію, хоць і тут варта добра падумаць), каб дзеля чаго б там ні было ахвяраваць імі. Па ўсім відаць, гэтая канцэпцыя не напрасткі запазычана тэатрам з сусветнага Слова, выпакутавана не адным днём жыцця.
...Дык хто вінаваты ў чалавечай мізэрнасці? Альбо адказны за чалавечую веліч? І чым гэта не тэма для наступнага спектакля?..

Комментариев нет:

Отправить комментарий