Філімон Пупкін вымагае павагі да свайго фінансавага таленту: ён здолеў так абыйсці “дзіравы” закон, што ў стане аплаціць хоць уласную выбарчую кампанію, хоць якое іншае пасоўванне па сацыяльнай лесвіцы. Філімон прагне зрабіцца міністрам, – для пачатку. Перадусім каб падвысіць самаацэнку. Каб распачаць новы бізнес, варты ягоных магчымасцяў і зарабіць яшчэ больш. Ну і каб... на ўсіх зайздроснікаў і недарэкаў – каб!
Не дужа адукаваны, не надта выхаваны, не зусім прыстойны і зусім не сумленны (“добры чалавек, хоць і вялікі паскуднік”), Філя – таленавіты, здольны, здатны! А душэўная нявыхаванасць нічыю кар’еру яшчэ не псавала – бяру ў сведкі жыццё. Да і хто ж яе заўважыць, акрамя Міколы ды Любачкі, хто яе зразумее (і даруе), акрамя Марты? А талент вымагае дзеянняў.
Дыхтоўная акцёрская работа Аляксандра Палазкова не пакідае сумневу, што Філя свайго даўмеецца... насуперак самому драматургу, а рэжысёр дапамагае фарсаваму Філю ўзору 1922 (альбо 1923 – крыніцы даюць па-рознаму) творча авойтацца с днём сённяшнім.
Асаблівае ўвагі вымагае рэжысёрскае стаўленне да драматургіі. Зварот да “Барыса Гадунова” абумовіў Ф.Аляхновіч. Савіцкі пашырыў ўжыванне тэксту А.Пушкіна і надаў яму сцэнічнага аб’ёму: у першы выхад Пупкін хораша цытуе летапісца Пімена і сваю справу параўноўвае з ягонай; перачакаўшы фінальныя апладысменты публікі, Філімон на авансцэне завяршае: “Што ж вы маўчыця? Крычыця! Слаўця!”. Народ-публіка – рыхтык паводле паэта – не ведае, што адказаць, бо што ж на такое насланнё адкажаш?! Крычыць... певень. І насланнё... знікае? Альбо не знікае? Бо Чорт, адпрацаваўшы сваё на працягу дзеяння, шнуруецца навыперадкі з усімі астатнімі персанажамі!
Рэжысёр абвострыў інтрыгу, узяўшы колькі тэксту з іншага твору Ф.Аляхновіча – “Няскончанай драмы”; ён зрабіў колькі невялікіх гратэскавых дадаткаў у сцэны Пупкіна з Кукішам і Пупкіна з Міколам Светляком (чаго варты іспыт на веданне беларускай мовы, калі для Пупкіна “перакладаюць” – ператлумачваюць словы “тэатр” альбо “маці”!); там, дзе за сцэнай паводле рэмаркі Ф.Аляхновіча з’яўляецца славуты народ, спявае “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” і змятае пупкіных як сухое непатрэбнае лісце, закулісны народ рэжысёра дзейнічае проста супрацьлегла: спачувае абсмяянаму ў прэсе кандыдату і патрабуе Пупкіна ў міністры, Пупкіна ва ўрад. Гучны псеўданім “Філіп Македонскі” нікога з тропу не збівае, македонскі – ўсё адно што мінскі ці гомельскі (Марта гэта адзначыла першаю), а газетнае выкрыццё ў вачах народа ўздымае Філю толькі што не да пакутніка. Фарсавы закулісны народ для сваіх пупкіных гэтыя самыя вочы альбо пазычыць, альбо залье, але свету за імі не ўбачыць...
Аметнымі, каларытнымі партнёрамі Аляксандра Палазкова выступаюць Леанід Улашчанка ў ролі апівохі і круцяля Арцімона Кукіша, уладарнага генерала ад журналістыкі, – дзе ступае, там, напэўна, трава не расце; Наталля Гарбаценка ў ролі Марты, чыйго кахання-спачування ў свой час дамогся Пупкін; Васіль Казлоў – беларускі настаўнік Мікола Святляк, закаханы ў наіўную Любачку, нібыта пляменніцу Пупкіна (яе падкрэслена лірычна сыгралі Таццяна Чардынцава і Юлія Смірнова), Мікалай Лявончык – журналіст Скакун і Людміла Асмалоўская ў ролі каларытнага памаўзы Чорта.
Акцёры ўніклі карыкатурнаці і просталінейнасці, але развіццё персанажаў і абраны спосаб існавання ў спектаклі вымагаюць большай нязмушанасці, адцягненасці, лёгкасці...
...Ажно да невыноснай лёгкасці быцця, якую памераюць і ўзважуць, а рады не дадуць.
Жана Лашкевіч
газета "Літаратура і мастацтва"
Комментариев нет:
Отправить комментарий