20.03.2011

Класічны свінтус

Падкоп інстытута геалогіі мамантава свіння Кандрата Крапівы ажыццявіла ў 1939 годзе і спакваля дакапала да сцэнічных трактовак, дысертацый і школьных хрэстаматый. Такім чынам, нагадваць змест камедыі “Хто смяецца апошнім” асаблівай патрэбы няма. Аднак спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна не спавядае адмысловую пашаноту да класікі альбо традыцыйнае прачытанне. І называецца “Свінтус Грандыёзус”.

Яго трывалы сюррэалістычны вобраз дасціпна распрацаваны і ўжо на сцэне сабраны па каліве рэжысёрам Уладзімірам Савіцкім і мастаком Віктарам Цімафеевым. З хрэстаматыйнага тэксту, скарочанага і пададзенага па-за прыкметамі часу. З нязмушанага акцёрскага існавання (стыль тэатра прадстаўлення). З вясёленькага музычнага падбору Паўла Захаранкі. Нарэшце, з… костак (натуральна, бутафорскіх).




Дзе такія ёсць? Верагодна, у музейным запасніку. У скрынях. Але ніякага бязладдзя і грувасткіх прыстасоваў: скрыні гарманічна ўладаваныя ў сцэнічную прастору. Іх атуляюць чалавечыя постаці — кшталту васковых. Перад стартам спектакля (у пралогу) адлічваецца час. Са скрыні пры сцяне вылазіць чалавек і крадком зрушвае бліжэйшую да сябе постаць. Тая знарок чапляе іншую, і хутка музейныя постаці ажываюць, пачынаюць рухацца… совацца, лётаць, завіхацца, цалавацца… Спяшаецца прыбіральшчыца цёця Каця, бокам сунецца Туляга з парасонам, тупаціць кабета Гарлахвацкага з пакункамі, спакусліва перабірае ножкамі Зіна Зёлкіна, шырокай хадою мерыць сцэнічны абсяг сакратар вучонага савета Левановіч…




У гэтым парадзе персанажаў можна пазнаць кожнага. Пазнаць і трактаваць. Аднаго — як Перасцярогу, другога — як Страх, іншых — як Нахабства і Ліслівасць, Адказнасць або Звадніцтва… Алегорыі новага жыцця… па-над побытам. Па-над завучанай сацыяльнай завостранасцю. Па сцэнічным дзеянні яны і пакрочаць парадам, спыняючыся для сцэн і дыялогаў. Уладзімір Савіцкі, безумоўна, іранізуе. Больш верагодна — кпіць. Затое інтрыга “Свінтуса…” празрыстая і дзеянне імклівае.

Акуратныя драўляныя скрыні ў вырашэнні Віктара Цімафеева надаюць віраванню навуковай думкі асаблівай элегантнасці. Светлае свежае дрэва з пячаткамі інстытута геалогіі. Паўсюль дбаюць ды завіхаюцца адмыслоўцы нетраў зямных. У хуткім часе са скрыняў пацягнуцца тэлефонныя драты — імі навуковыя супрацоўнікі ўсё адно як прывязваюцца да сваіх прамоўленых словаў. Куфры-скрыні варочаюць, носяць, соваюць і прыстасоўваюць — пад шафы, канапы, сталы… Здаецца, у іх можна спакаваць цэлы свет. Патэнцыяльная энергія руху назапашваецца ў скрыні. Энергіяй скрыняў ды іх змесцівам, здаецца, сілкуюцца і адмоўныя, і станоўчыя персанажы спектакля. Раўняюцца па скрынях. Скрыні раўняюць паводле сябе…



Пасярод сцэны — скрыня-шафа, якая ўяўляе сабой важнецкія падвоеныя дзверы ў кабінет Гарлахвацкага (вох жа й грымнецца, і ляснецца, і абрынецца яна — як папярэджанне дырэктару). Рухомыя скрыні — адзнака перасоўнага, лёгкага на пад’ём чалавецтва, якое цягае за сабой… гісторыю свайго… э-э… зямнога асталявання: мамантавыя косткі. Разабраныя. Палічаныя. Пазначаныя. Здабыванне ды апрацоўка мамантавых костак — векапомная адзнака чалавечага досведу.

…А прыбіральшчыца цёця Каця і ахоўнік Нічыпар размаўляюць пра новы дырэктарскі стол. Нічыпар перабірае косткі, а цёця Каця — паперкі ў сметніцах (кожную старанна перачытвае, усё адно як пазначае, падлічвае, рэканструюе). Цікаўнасць цёці Каці ў выкананні Ірыны Кляпацкай стрыманая, але шчырая і непапраўная. Ёй не дае спакою… cэнс працы інстытута геалогіі. Разважлівы асілак Нічыпар (Дзяніс Фешчанка) “сваімі словамі” распавядае ёй пра вывучэнне таемных жыццёвых працэсаў. Маўляў, навуковец Чарнавус на костку зірне і раскажа, якія жывёлы былі мільёны гадоў таму і як яны елі адна адну. І вось на прамоўленае “елі адна адну” адгукаецца нешта…

Запомнім фразу Нічыпара і тое, як на яе адгукнулася сцэнічная прастора. Ёсць свой таемны алгарытм у існаванні абуджанага інстытута геалогіі. Выніковыя праявы яго дзейнасці і суправаджаюцца пэўным адбіткам… голасам пачвары, сусветнае катастофы, паскарэння альбо тармажэння, перасцярогі ці папярэджання… Гэткае “memento mori” цэлай дзяржаўнай установы. Усе сцэнічныя насельнікі чуюць і адчуваюць яго. Нічыпар ажно бярэцца шукаць крыніцу гукаў, нават цёці Каці загадвае змоўкнуць. Гэтае водгулле не праміне апошні закутак інстытута геалогіі, суправодзіць падзеі да кульмінацыі і загучыць на поўны голас… Што ж такое чыніць пераслед геалагічнаму інстытуту? Родавы праклён чалавецтва? Цяжар цывілізацыі?

…Косткі? Унікаючы пільнасці цёці Каці, костку прыкладае да нагі сакратарка Зёлкіна (Яўгенія Стацэнка) — прымервае. Костак жахаецца спалоханая цёця Каця, калі Зёлкін змушае яе распавесці пра размову каляжанкі Веры з прафесарам Чарнавусам, а цёця Каця (за адным разам) шчыра выкладае Тулягаў сакрэт (вонкавае падабенства да варожага палкоўніка) — надта ўжо добра ўсё дачула. Пляткар Зёлкін ходзіць у абдымку з косткай. Костку выносіць за ім цёця Каця з дзвярэй дырэктарскага кабінета. Косткі цягае ў партфелі дырэктар Гарлахвацкі. Ён самы будуе з меншых костак фігуру гульні ў гарадкі і цэліць па іх большаю косткаю… а цёця Каця ад шчодрасці душэўнай дакладае яму плётку пра Чарнавуса і між іншым падносіць самую вялікую костку — каб пэўна пацэліў! Гарлахвацкага так захапляюць непрыемнасці прафесара, ажно танчыць лезгінку… з косткай у зубах. Альбо выкладае косткі ў нейкае падабенства шкілета, спакушаючы Чарнавуса рэцэнзаваць сваю дысертацыю. Асуджаючы Чарнавуса, косткамі адбарабаньвае доказы Зёлкіна пра Чарнавусаву вінаватасць. Памахваючы косткаю, выразна чытае Чарнавусу з “Дэмана”… Зорка мастацкай самадзейнасці! Гулліваю зоркаю прадстаўляе персанажа Барыс Донін: гэтак званая прафесійная дзейнасць Гарлахвацкага цалкам выдае на самадзейнасць. Але ж не звадніцтва. Гарлахвацкі — прафесійны звадыяш. Ён кшталціць сваё майстэрства да ўзроўню мастацтва. Ягонае мастацтва і выпрабоўваецца, і пераконвае (ад празмернай стараннасці нават усёведны Зёлкін падпускае шэфу непрыемных хвілін клопатам акцёра Васіля Сцепаненкі). Маналог з нагоды вымушаных заняткаў палеанталогіяй Гарлахвацкі прамаўляе, ускладаючы на грудзі дзве косткі крыжам, маўляў, не лезь — заб’ю…



Проста ў рукі Гарлахвацкі совае мамантаву костку і падначаленаму Тулягу: вымагае сабе дысертацыю. Як паводле Савіцкага, дык Туляга церпіць дырэктарскі ўціск не за фактычнае падабенства да варожага палкоўніка і не за тое, што гэтаму факту няма тлумачэння. Туляга баіцца не апраўдацца і сваім страхам толькі раздзімае ўяўную вінаватасць… за жыццё і працу ў Варонежы ў самую скрутную часіну. Гарлахвацкі так гучна вінаваціць Тулягу, што беларускае вуха адразу ловіць сугучча “Варонежа” з “варожым”, а выкананнем акцёр Сяргей Карзей пацвярджае: увесь шантаж Гарлахвацкага мацуецца моўным сугуччам! І Туляга раптоўна разумее гэта! Менавіта таму на абвінавачванне, выдзьмутае з паветра, Туляга прадставіць дысертацыю, высмактаную з пальца.

Сцэна шантажу Тулягі Гарлахвацкім нібы ў люстэрку адбівае завязку спектакля, калі (паводле рэжысёра) пра сваё падабенства з варожым палкоўнікам Туляга апавядаў… са скрыні-трыбуны, а малодшы навуковы супрацоўнік Вера (Людміла Рошчына) і прафесар Чарнавус (абаяльная работа Аляксандра Пашкевіча) слухалі яго на ладнай адлегласці. Тое, што звычайна прамаўляюць сцішана, амаль шапочуць, Туляга вымушаны быў крычаць. Вера з Чарнавусам пасмяяліся, а цёця Каця дачула — міжволі! І… паўтарыла Зёлкіну. Такім чынам — міжволі — Туляга сам сябе забяспечыў і вінаватасцю, і шантажом.

Але, выдае на тое, рэжысёра не дужа цікавіць выкрыццё пляткарства, абгавору ды прыстасавальніцтва. Іх механізм агаляецца на сцэне паміж іншым, не-пафасна й будзённа. Рэжысёра цікавіць чалавечая прырода, якой механізм замінае як… костка ў горле. Выродзіць яе. Мяняе. Старажытныя людзі заўважылі, што паводле малое часткі можна меркаваць пра цэлае. А можна паводле аднае навуковай установы — пра стан нацыянальнай навукі? Паўсталы з мінулага інстытут геалогіі — праўдзівая музейная рэканструкцыя, дзе адзінкі прафесараў Чарнавусаў стаяць супраць легіёна… На персанажаў Кандрата Крапівы Савіцкі глядзіць з нашае ”цудоўнае далечы” — і сцэнічнае жыццё інстытута геалогіі пасля скарачэння тэкстаў пра партыйны камітэт, НКУС і шкодніцтва распавядае пра стан знаёмы, клопат тутэйшы, дзень сённяшні. Жыццё найвялікшага цэлага мізарнее да нікчэмства малое часткі.

Тым часам “малая частка” збіраецца на сход і слухае новае слова ў навуцы пра мамантаў. А глядзельная зала дачувае… пра канфлікт чалавека і яго жыццёвага асяроддзя. Пра чалавечае грэбаванне прыроднай раўнавагай. Выкрыццё Гарлахвацкага так разнявольвае інстытут геалогіі, што патэнцыяльная энергія са скрыняў пераходзіць у кінетычную… чалавецтва разбірае косткі… і гэтак далей, паводле класічнае фізікі, да самай бойкі. Але ж класічная фізіка — толькі раздзел агульнай (да з’яўлення квантавай фізікі і тэорыі рэлятыўнасці). Але ж вывучэнне мамантавых костак — малая частка палеанталогіі. Уявім сабе бойку будучыні…

Бойку мамантавымі косткамі пасля даклада Гарлахвацкага можна назваць апафеозам, дзе кожны з насельнікаў інстытута геалогіі паўстае складнікам выключнага, адметнага “новага віду дагістарычнай жывёліны”, Свінтуса Грандыёзуса Класічнага — без прыкмет узросту, полу і навуковай абцяжаранасці. Чуецца знаёмы гук… рассоўваецца сцэнічная прастора… Пры самым задніку апынаецца пастава дыназаўра на поўны рост, а на ўсё люстра сцэны — Класічны Свінтус, утвораны з чалавечых постацей у баявым парадку і з косткамі, занесенымі над галовамі. Набіраецца святло…

…І па музеі вядуць дзіцячую экскурсію, распавядаючы пра мамантавыя шкуры ды косткі. “Маманты загінулі, — кажа экскурсавод. — Чалавек выжыў”. Рэжысёр дапісаў маленькі тэкст эпілога, каб падштурхнуць залу да адкрыцця: Класічны Свінтус выжыў разам з чалавекам. Голас таямнічага сцэнічнага пераследу належаў яму.

Жана ЛАШКЕВІЧ
газета "Літаратура і мастацтва"

Комментариев нет:

Отправить комментарий