Miжнародны маладзёжны форум, задуманы і здзейснены ў Магілёве пад назвай М.@rt.кантакт, сёлета адбыўся ў шосты раз з 21 па 27 сакавіка
Газетны радок куртаты й скупаваты. А тэатр усё яшчэ здзіўляе: спалучэннем і ўзаемадзеяннем – руху, колеру і гуку, вадкасцяў і рэчываў – сыпкіх альбо гразкіх... Часам вялікая сцэна прыдаецца якраз для аднаго акцёра (у монаспектаклі), а колькім выканаўцам, падтрыманым аркестрам і балетам, цяжка засяродзіць на сабе ўвагу аднае залы... Здараецца, што сонечная фестывальная раніца афарбавана ў чорнае: у так званым “чорным кабінеце” сцэны вядуць рэй вядьмаркі ў чорных строях, а фестывальны вечар прапануе лагодных бялюткіх казачнікаў і пяшчотную казку на дасціпным сцэнічным снезе...
Фестывальныя кантрасты Магілёва відавочныя, слушныя й чароўныя: крытыкі справядліва зважалі на адыход тэатральнай класікі, мадэрнізму і постмадэнізму – фестываль спрыяў досведу ў тэатральнай магіі: мяшаем-мяшаем уяўнае варава, кідаем-кідаем у сцэнічны кацёл, вывяраем-узважваем складнікі разам з гледачамі...
Кантраст першы: казачны
Мінскі рэжысёр Яўген Карняг ствараў сваё відовішча пяць фестывальных дзён па-за праграмаю – заяўку на спектакль “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” паводле найвядомых казак братоў Грым.
Тры паненкі мадэльнай знешнасці (а які вытанчаны грым!) пачынаюць прэс-канферэнцыю, – імпэтна, тэмпераментна, варожа. Поўгадзіны яны перахопліваюць адна ў адной мікрафоны, замінаюць, пагражаюць, зневажаюць і вокамгненна робяцца паплечніцамі ў змове дзвюх супраць адной; натуральна, кожнай карціць выказацца першаю. Ролям і дзеянню яшчэ бракуе развіцця, – іх трэба вышукваць у казках і прыдумваць разам з тэкстам, але актрысы ўдала імправізуюць, удаючы з сябе адначасова персанажаў Шэкспіра і дзіцячых жудзікаў, міфічных уладарак лёсу і зорак шоў-бізнэсу, нядобрых чараўніц з мультфільмаў і вядомых жанчын-палітыкаў... Спроба Яўгена Карняга – не так рэжысёрская, як аўтарская заява на бліжэйшую тэатральную будучыню. Ён увасабляе ідэю, і яна можа зрабіцца падставаю для дыхтоўнага відовішча. А можа і не зрабіцца. А можа і зусім не спраўдзіцца. У тэатры ўсяляк бывае. Ці рызыкне Магілёўскі абласны тэатр, ці паспрыяе таму, каб рэжысёр выказаўся нароўні з ягонымі персанажамі?
Звыклая практыка рэпертуарнага тэатра не заахвочвае рэжысёрскай магіі. Трэба адмыслова загартавацца, каб не зважаць на штодзённыя нястачы і дамагчыся свайго, – мастацкай вартасці сцэнічнага твору. На фестывальных сустрэчах наракалі, што пачаткоўцу ад рэжысуры няма дзе кшталціцца; замежжа (напрыклад, Масква) не можа прыняць усіх жадаючых; дэбютную пастаноўку ў сталічным тэатры дастаць немагчыма... Колькі ў гэтым шчырае праўды? Валеры Анісенка, мастацкі кіраўнік і дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, цярпліва ўдакладняў: няма дзе і немагчыма... там, дзе хочуць, жадаюць і прагнуць маладыя рэжысёры – у нацыянальных акадэмічных тэатрах? Не падыходзіць РТБД? Новы драматычны? Тэатр юнага гледача?..
Як навучальны дапаможнік па стварэнні так званага аўтарскага спектакля, дзе “нялішняе і невыпадковае” на сцэне робіцца абавязковым дасціпным складнічкам твору, збіраецца, зліваецца і ўтварае адзінае і суцэльнае, можна скарыстоўваць спектакль Ніны Дзімітравай і Васіля Васілева-Зуекі “Тата заўжды мае рацыю”паводле Андэрсена (назву варта было б перакласці паводле самога казачніка – “Што муж не зробіць, тое і добра”). Казка Андэрсена перачытана сучасна і вынаходліва, але з вялікай павагай да першакрыніцы...
...З велізарнымі санкамі, поўнымі дасціпнага рэквізіту, з’яўляюцца выканаўцы-казачнікі, каб распавесці пра дзівакаватага Мужа і Жонку, заўжды гатовую падтрымаць і ўхваліць свайго любага. Усё на сцэне афарбавана ў адзін – белы – колер. Усё мае адну – пухнатую і мяккую – фактуру. Сцэнічная краіна Данія, пра якую вядуць гаворку акцёры, засыпана снегам траха не пад самыя дахі. Снег – бялюткія скруткі фліса (новы матэрыял – новыя магчымасці!), а калі зямлю сцінае мароз, з санак з’яўляюцца стэплеры і раскручаны фліс літаральна скабіцца да сцэнічнае падлогі. Лыжныя кіі ўтвараюць абрысы пахілае хаціны, робяцца складнікамі каня, каровы і авечкі, якіх Муж, апынуўшыся на кірмашы, будзе мяняць адно на другое, а кошык – ажно “шведскім салаўём”, які ў выніку апынаецца курыцай. Старая коўдра на дзірках ператвараецца ў прасцірадла для кірмашовага фатографа, а фотаапарат – у ліхтар. Ён прапануецца ў якасці бонусу да курыцы, якую Муж выменьвае за авечку...
Тэатр з Сафіі спалучае так званы “жывы план”, прадметы, аб’екты і лялькі, дзе ролю атрымлівае кожная драбяза і дзе няма ніводнае драбязы: усё ўзбуйняецца і гуляе, – ад шыкоўных мужавых вусаў да пенкі на малацэ і піве. Мноства сваіх персанажаў акцёры ўвасабляюць, дадаючы да ўбрання пэўныя дэталі і аксесуары (напрыклад, мяняючы галаўныя ўборы). Аб’ект на сцэне можа ператварыцца ў прадмет (гульня з шынком, які робіцца сасудам для піва і перакідаецца ў вясковую хаціну), прадмет – у ляльку: з торбы з’яўляюцца карова і авечка, а варта авечку ўскінуць на плячук, і яна адыграе ролю валынкі (гульня з вонкавым падабенствам і ўжываннем рэчаў).
Адметная казачная кульмінацыя адмыслова пражываецца Жонкай - Нінай Дзімітравай, якая ацэньвае паводзіны Мужа цалкам зразумела: ну які ідыёт змяняе каня на мех гнілых яблыкаў?! Але, раўняючыся па персанажах Андэрсена, актрыса разыгрывае эцюды на пераадоленне – здзіўляецца, крыўдуе, лютуе... і ўголас ўхваляе дзеянні персанажа, якога іграе партнёр! Праўдзівы казачны кантраст завяршае дзеянне: старое жыццёвае павучанне шанаваць і паважаць адно аднаго ўспрымаецца адкрыццём.
Жана Лашкевіч
Газета "Літаратура і мастацтва"
Працяг будзе
Комментариев нет:
Отправить комментарий