06.03.2011

"Пан міністар" : тэатральная падзея

Два вечары запар "Пан міністар" выходзіць да публікі: 5 і 6 сакавіка на сцэне Дома літаратара - прэм'ера спектакля Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. 5 сакавіка вольных месцаў не было. Калі сціпла і каротка, дык Аляхновіч + Савіцкі (драматург + рэжысёр) = тэатральная падзея.

Філімон Пупкін, як сцэнічны герой і спраўны герой нашага часу, вымагае павагі да свайго фінансавага генія: сціплы свінабой у стане аплаціць не толькі чыюсьці выбарчую кампанію, але і ўласнае пасоўванне па сацыяльнай лесвіцы! Філя прагне зрабіцца міністрам. Каб... падвысіць самаацэнку. Каб распачаць новы бізнес, варты ягоных магчымасцяў і зарабіць яшчэ больш. Ну і каб... на ўсіх зайздроснікаў і недарэкаў - каб! Віртуозная акцёрская работа Аляксандра Палазкова не пакідае сумневу, што Філя свайго даўмеецца, нават насуперак драматургу! А рэжысёр дапаможа...

Рэжысёрскі поспех Уладзіміра Савіцкага ўжо параўналі з колішнім поспехам "Тутэйшых" Янкі Купалы, перачытаных-пераасэнсаваных Мікалаем Пінігіным у 1990 годзе (цікава, што "Пан міністар" напісаны у адзін год з "Тутэйшымі" - 1922). Мяркую, што Савіцкі пайшоў далей, літаральна кінуўшы на вагі змесціва-месіва з інтрыг і чалавечых жарсцяў (велізарныя вагі - найважны складнік сцэнаграфіі, яны ператвараюцца... нагадваюць... утвараюць... ну і так далей), дзе і найцяжкім, і найлягчэйшым выяўляецца каханне.

Спяшаюся ўзважыць і вярнуцца да тэмы!

Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий