На сцэне драматычнага тэатра звычайна... э-э... размаўляюць. Словамі. Якія піша драматург. Парадак і якасць падабраных словаў уплываюць на дзеянне, вобразы, характары і на тое, што дачуе і запомніць глядач. У тэксце можна гразнуць і храснуць, па тэксце можна караскацца і коўзацца, праз тэкст можна дзерціся і направа-налева высякаць слоўны гушчар... Не, на жаль, не сякерай. Языком. Акцёр можа дапамагаць сабе рукамі і нагамі, але як толькі персанажа кранецца пачуццё альбо праява характару, на ўсе бакі паляціць смецце штучнага красамоўства і дачуюцца толькі дзеясловы: хачу, магу, раблю...
Таму, хто назваўся пятым рымскім імператарам на імя Нерон, ніхто не замінаў хацець, магчы і рабіць у прэм’ерным спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Звесткі пра Неронава колішняе існаванне пакінулі Светоній і Тацыт. Іх расповеды поўныя дзеянняў, учынкаў, жарсцяў, – таго, што мы называм драматызмам. Рымскіх гісторыкаў цытуе электронная Вікіпедыя, і праз яе таксама можна захапіцца выпрабаваннем характараў ў скрутных варунках. Але сцэнічная драма не абавязана наследваць гістарычнай дакладнасці. Для п’есы патрэбна ідэя і выбар падзей. Спектакль мусіць расцвеліць боль сённяшні.
Што меў на ўвазе драматург Юры Сохар, недвухсэнсоўна ўздзеўшы на Нерона штаны – гэта значыць, асучасніўшы да жанру “альтэрнатыўнай рэальнасці” ?Што меў на мэце рэжысёр Максім Сохар, утвараючы “альтэрнатыўную рэальнасць” на сцэне паводле п’есы Юр’я Сохара “Нерон”? Магчыма, Нерон вымагаў падрабязнай псіхалагічнай прапрацоўкі? Магчыма, жаху ў духу Арто – да глядацкай няпрыязі ці непрытомнасці? Альбо эмацыйнага расповеду сведкі ў адпаведным рэчавым асяроддзі (хоць сабе між адмысловых макетаў) – як у Радзінскага? Зразумела, да Неронавай постаці мусілі прыдацца і падыход, і вырашэнне, і стыль, але цноты глядзельнае залы распусны рымскі імператар не абразіў ні намерам, ні дзеяннем, і дзякуй за гэта балетмайстру А.Лукашэвічу і рэжысёру спектакля.
Адметнай прапановай сцэнографа В.Навакоўскага сталася сцэнічная пабудова ў выглядзе лацінскай літары N чорна-белай расфарбоўкі і сяродавік літары – лесвіца. Літара ў якасці Неронавай існавальні, жытла-не жытла, палаца-не палаца, але месца, гняздзілішча, дзе можна паставіць парадны фатэль (трон?) і забыцца ў кароткім сне. Сходы, драбіны, прыступкі праглядаліся за фасадам літары, нібыта да Нерона цягнуліся шляхі, сувязі, звязы, але надта няпэўныя... Літара-пабудова бачылася знакам раптоўнага ўзвышэння да ступені імператара. А таксама імклівага скатвання долу, ў прорву чорнага адзення сцэны. І (так атрымалася) – напамінам пра вартасці слова на сцэне. А славутыя штаны мастак надзеў на ўсіх мужчынскіх персанажаў. І хоць строі спектакля не самыя ўдалыя – у іх эклектычна спалучаны дэталі і фасоны розных эпох, – В.Навакоўскі па-свойму нагадаў пра гісторыю, якая чамусьці шматкроць паўтараецца.
Музыка кампазітара А.Касінскага і музычнае афармленне А.Пятрушы прафесійна падтрымлівала дзеянне, стварала патрэбны настрой, задавала рытм дзяўчатам з масоўкі, часам збірала і падцягвала асобныя сцэны: утварэнне атмасферы, напрыклад, у задачу музыкальнага афармленне не ўваходзіла.Што да песні, якая суправодзіла выхад Нерона-імператара, дык на падзеі і персанажаў песня не ўплывала, хіба дзівіла тэкстам пра плюшавага мядзьведзя.
Ну, а што ж Гекуба, у сэнсе – пяты рымскі мператар?
...Юны (малады?) Нерон толькі-толькі ачомаўся пасля забавы з Агрыпінаю і яму, перапрашаю, сорамна. Маці ўхваляе плоцевую налаўчонасць сына і грэх кровазмяшэння бярэ на сябе. Гэта – экспазіцыя драмы. Тутсама (за сцяной) ляжыць імператар Клаўдзій, якому намешваецца пітво з ядам. Пра яд Нерон не ведае. Па просьбе Агрыпіны ён нясе пітво з ядам Клаўдзію. Той п’е і памірае. Нерона абвяшчаюць імператарам. Высвятляецца, што Нерон не ўмее прамаўляць (перадусім – ухвальную прамову на пахаванні), яму патрэбны парады і дарадцы. У хуткім часе са сцэны гучыць, што “ён імператар, а кіруе маці”, што “улада не для яго” і думае ён толькі пра паэзію і акцёраў. Нібыта з Афінаў з’яўляецца Сэнека, суцяшае, цалуе Агрыпіне ручку, і, прычакаўшы, калі Нерон сыдзе, пытае, нашто Агрыпіна забіла Клаўдзія, а Нерона, няздару і параноіка, выправіла ў імператары?! На гэта Агрыпіна ласкава адгукаецца тым, што Нерон – Сэнекаў сын; што калі Нерон будзе кіраваць кепска і замінаць Арыпіне, яна яго заменіць; што яны с Сэнекам доўга не бачыліся, і ложак чакае. А Нерон, высвятляецца, усё гэта падслухаў... Зняважаны й прыніжаны, ён абяцае ім пакуты, і абяцанне неўзабаве пачне спраўджваць. Гэта – завязка. Першы акт канчаецца абвяшчэннем вайсковага паходу і Неронавай заявай, што рымскія арлы будуць паўсюль (нібыта без яго арлы ціхмяна пасвілі ўдома).
Бавячыся ў антракце, варта сказаць колькі прыязных словаў акцёрам бабруйскай сцэны. А.Агейкіна падступліва-асцярожна, альбо ўпэнена-уладарна, альбо зацкавана да прысуду перажывала кожны свой выхад у ролі Агрыпіны, Неронавай маці. Л.Пакрэўская стрымана і дакладна вяла ролю Актавіі, Неронавай жонкі: тая асуджана прызнавлася ў каханні да акцёра Атона, высакародна і нечакана памірала пасля звесткі пра Атонава забойства. А.Парфяновіч дасціпна сілкаваў глядацкую ўразлівасць у ролі Эпафрадыта, Неронава ліктара і адданага слугі. Я.Ракіцкі ўсімі прыдатнымі сродкамі намагаўся сыграць Нерона – накрэсліць ролевы малюнак, патрапіць выявіць унутраныя зрухі персанажа, ягонае... нецвярозае, п’янкое ад усёдазволенасці, паблытанай з усемагутнасцю, ўнутранае існаванне – душы, напэўна, бо яна, паводле Я.Ракіцкага, у Нерона ёсцека. Гэтая нявыхаваная, выпетраная душа жахалася сама сябе і... ніякавела перад акцёрскім мастацтвам! Гэты імператар на поўным сур’ёзе намагаўся авалодаць таямніцай ўяўнага – сцэнічнага – жыцця і зразумець законы, якім падпарадкуецца сцэна. Адметная падрабязнасць, вартая сцэнічнай распрацоўкі: калі Нерон не хворы, дык жа да якой ступені даходзіць ягонае захапленне тэатральнаю рэальнасцю? Малады акцёр Я.Ракіцкі сумленна і, я б сказала, гераічна верыў... так, што на нейкі момант працінаў сваёй верай гледачоў, – як першы хрысціянін перад самім Неронам, ці што... верыў, што Нерона можна сыграць – такім, якім ён паўстае з п’есы... Адметная акцёрская якасць!
...Але недаравальная для рэжысуры, чый строгі запавет адметна падказаны яшчэ Шэкспірам: з нічога й будзе – нічога, хоць рэжысёр і ўмее гуляць кантрастамі, рытмамі, валодае пэўным іншасказаннем; уяўляе, з чаго складаецца і ствараецца сцэнічны вобраз, як будуецца і выяўляецца дзеянне. Але...
...Чырвоныя штандары з выяваю акцёра Я.Ракіцкага ў ролі Нерона ўпрыгожылі сцэну на пачатку другой дзеі і папсавалі дакладную сцэнічную графіку. Наваяваўшыся, Нерон глядзеў на рымскі пажар. Рым поўны хрысціянаў, пад якіх маскіравалася апазіцыя. Нерон загадваў вынішчыць апазіцыю; з вынішчэннем стасаваліся развагі пра паэта, паэзію, слабасць духу і лёс настаўніка Сэнекі, якога Агрыпіна назвала бацькам Нерона. Нерон з Сэнекам імітавалі глыбіню непаразумення ў філасофскай спрэчцы: цынічны, распусны Сэнека сарамаціў разбэшчанага Нерона, а Нерону карцела спраўдзіць сваё жыццё ў мастацтве. Абодва час-почас паміналі пра... карону: згадка пра яе ў Неронавым асяроддзі вымагала смеху сваёй анахранічнасцю. Перадсмяротныя заявы Сэнекі “Я сам жыў у спрэчцы з сумленнем, а цябе (Нерона – Ж.Л.) навучыў жыць сумленна”, альбо “Адыходзячы ў вечнасць, да дабра, а не да зла заклікаю цябе, Нерон” (ну чыста Марк Аўрэлій!) выдавалі на блюзнерства. Кардоннага Сэнеку не ратаваў нават фактурны і дасведчаны Л.Кучко...
Такім чынам: ідэі, якую можна сфармуляваць каротка і зразумела, драматург не прапанаваў. Драматычнай гісторыі – нізкі падзей, за якімі па-просту цікава назіраць, у п’есе не было. Дзеянне не дзеелася. Яно абвяшчалася. Адно на адно грувасціліся падзеі і тэмы. Заяўлялася тэма набыцця і ўтрымання ўлады, падпарадкавання ёй і знішчэння ўладара праз яе самую, уладу. А контртэма? Страчвала голас? А скуль возьмуцца тыя, хто знішчыць Нерона? Як і чым яны Нерону супрацьстаяць? Калі плявузгаюць па кутах – адна паваротка тэмы. Калі запасяць зброю і муштраць легіянераў – другая. Калі клянуць, плююць у вочы, ідуць на вогнішча, папярэджваюць пра наступствы – трэцяя, чацвёртая, пятая. Нерону ў спектаклі ніхто не супрацьстаяў адметна альбо ідэйна, упарадкавана альбо стыхійна, выпадкова альбо паслядоўна (хіба ўяўны Гальба, калі пры фінале абвяшчалася, што ягоныя легіёны рушылі на Рым), пазбаўляючы дзеянне канфлікту, а падзеі – логікі. Можна падумаць, што Нерон змяніў не законы свайго антычнага дзяржаўнага вызнання, але самыя драматургічныя законы.
У спектаклі не было каму спачуваць і не было за каго перажываць. Неронавы словы абуджалі млявую цікаўнасць, маўляў, які конік ён выкіне ў наступнай сцэне. Чаму? А таму што ў сцэнічнага Нерона не было ўнутраных межаў ды бар’ераў: драматург не паставіў. Нерону не было чаго пераадольваць у самім сабе – хіба атруты чарговаму персанажу падліць, каб паглядзець, што будзе. Ён порстка збіваўся з тропу і грэбаваў здаровым розумам; разбэрсаны і раскілзаны, Нерон спраўджваў cвінствы ды злачынствы адно за адным... унікаючы ўсялякай прагрэсіі ўскладненняў. Адкуль жа ім узяцца?... Учынкі персанажаў таксама ўнікалі логікі і залежалі не ад характараў ці патрэбаў: іх абумовіў... тэкст. Намеры – прасталінейныя, дзеянні – грувасткія, думкі часам няўцямныя. Пры гэтым персанажы паслядоўна нібыта труцілі, быццам бы гвалцілі і як бы здраджвалі...
Наруч з лязом на Неронавай руцэ адыграла куды больш за слоўныя пагрозы. Дастаткова было моўчкі абняць кагосьці, каб парэзаць, закалоць, прыстрашыць. Абдымкі, з якіх можна не вылузнуцца, прыязнасць, праз якую можна не паўстаць, куды больш красамоўныя за тэкставае пап’е-машэ!
...Паводле антычных гісторыкаў Нерон, уцякаючы з Рыма, клікаў сваіх каханкаў, ахоўнікаў, гладыятараў: “Няўжо няма ў мяне ні сябра, ні ворага?” Яны хаваліся і маўчалі, а Нерон шукаў хоць каго, шукаў зброю...
Ведаеце, часам нават у добрым, дыхтоўным тэатры здараецца так, што гэтая зброя з кожным дотыкам на сцэне адгукаецца не металам. У аднам выпадку – дрэвам, у іншым – клеенай паперай. Бутафорыя! Але бутафорскай, аказваецца, можа быць і драматургія: ні сябра табе, ні ворага...
Жана Лашкевіч
Комментариев нет:
Отправить комментарий