21.03.2011

Да невыноснай лёгкасці быцця

Пункцірам па спектаклі
Беларускага рэспублікаснкага тэатра юнага гледача
"Пан міністар"


Замест звыклага Філі-свінабоя, які колькі разоў ужо тупаў на беларускай сцэне, – адназначна нестаноўчага распусніка і дзялка-прайдзісвета, – рэжысёр Уладзімір Савіцкі вывеў персанажа куды больш важкага, хітрэйшага, мудрэйшага: спраўнага героя найноўшага часу.



...Ірвецца ў сусвет... свінячае рохканне. Кабета нешта цягне, лічыць, важыць. А вакол – мяхі з пячаткамі. Чорныя, чырвоныя. Паўсюль блокі, крукі. І, здаецца, хтосьці скача... на Чорта падобны... Двухпавярховая канструкцыя ар’ерсцэны падзелена на краты-нішы, і кожны персанаж займае такую, прыкрытую фіранкаю з выяваю часткі свінні. Усе фіранкі разам складаюць схему распадзелкі свіное тушы. Нішто сабе інтэр’ер прапануе мастак Віктар Цімафееў... кватэры, складу, офісу? А самы расповед пра Філімона Пупкіна нібыта ўскладзены...на велізарныя вагі, найпершы і цэнтральны складнік сцэнаграфіі.



На іх нібыта гойдаецца відовішча, важацца ўчынкі і памкненні, а вагі быццам ўвасабляюць прыцягненне – зямное, рэчавае, побытавае. Здаецца, без іх некаторыя персанажы ўзлуналі б ўслед за сваімі летуценнямі... (і музыкай Альфрэда Шнітке, – яе фрагментамі канчаткова знітаваў спектакль Павел Захаранка.)



Сюды да Пупкіна прыходяць наведнікі-госці, тутака ладзяцца звады і дзеюцца справы. Тутсама лаюцца й кахаюцца, а калі нявыкрутка і трэба пастанаваіць на сваім – адно аднаго ловяць мехам. Як свіней. У найпобытавай сцэне справаздачы каханкі і кухаркі Пупкіна Марты за выдаткаваныя грошы рэжысёр прыкрывае Марту і Філю чырвоным мехам, і крыўдная для кабеты справаздача выдае на адмысловую гульню каханкаў. Альбо раз’ятраны журналістамі Філя кідаецца да такога меху здрадлівую свінню калоць, а пад мехам – Любачка... Альбо вагі ператвараюцца ў каруселю, якая зносіць закаханых Міколу і Любачку да мройнай будучыні, – кахаць беднага беларускага настаўніка і самой зрабіцца... беднай беларускай настаўніцай.



Спектакль поўніцца нечаканасцямі, бо рэжысёр не спавядае чысціні фарсавага жанру і пэўныя эпізоды вырашае як фантастычныя, трагікамічныя, іранічныя і нават ўзнёсла-лірычныя. Жанр відовішча прыблізна можна вызначыць як фарс-фантасмагорыю, але ён абяцае развіццё з неспадзёўкамі, бо намяшана густа, ўтворана стромка, забудавана шчыльна.

працяг будзе

Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий