20.04.2011

М.@rt.КАНТРАСТы (частка другая)

Кантраст другі: класічны

Пры канцы казкі Андэрсена за любоў і павагу адно да аднаго Муж з Жонкаю атрымліваюць куфар залатых талераў. Куфра, бадай, зашмат, але гледачу зацікаўленаму нейкі тэатральны талер заўжды выпадае. Такі сабе... наіўна-фантастычны альбо магічна-шчыры... Яго па тэлевізары не паказваюць. Затое па тэлевізары часам паказваюць людзей з Расіі, зрэдчас нават акцёраў, якія прыязджаюць да нас і як добрыя госці захапляюцца, маўляў, “у Мінску чыста”, “у Беларусі чыста”, “варта пераехаць вашу мяжу – і адразу чыста”!
Мікалай Каляда, выбіраючыся на фестываль у Магілёў, замовіў для свайго спектакля паводле М.Гогаля “РэвІзар” (менавіта так, з націскам на “і” – чынавенства ў спектаклі вучыцца вымаўляць літаратурна)... 120 літраў гразі. Не бруду, – гразі, ды такой гразкай, што можна ўгразнуць... Ну, вы зразумелі.



Гразь выконвала ў спектаклі розныя ролі – ад святой роднай зямлі да камяку гранічнай знявагі й гвалту. У выніку яна рабілася магутным мастацкім (метафарычным) сродкам, таму што, паводле крытыка Марыны Дзмітрэўскай, “прыбраць расійскую гразь нельга”. Натуральна, глядацкія меркаванні палярна разыйшліся. Адмысловага незадавальнення паспыталі тэатральныя прыбіральшчыцы.



Водгукамі пра “Рэвізора” ў рэжысуры Мікалая Каляды поўніцца інтэрнэт-прастора: яны самыя падрабязна аднаўляюць і сцэнічнае дзеянне. Таму да месца будзе збочыць ды згадаць, што Каляда ўжо названы “сонцам рускай драматургіі”. Што менавіта Гогалеў “Рэвізор” класічна адпавядае запатрабаванням сучаснай драматургічнай школы, якую Мікалай Каляда стварыў, узгадаваў і, паводле слыннага расійскага крытыка Паўла Руднева, “на якой будзе трымацца расійскі рэпертуар у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Яе законы складае сумесь амаль дзіцячае наіўнасці і шчырасці, якая неабавязкова ідзе ўслед за ёю, якая можа сыходзіць, а можа і не сыходзіць з сярэдзіны тэксту. Часта ў няспраўных п’есах Каляды, гэтаксама як і ў ягоных няспраўных спектаклях, абуджаецца вялікая магія, нешта фантастычнае.” “...Свае пастаноўкі Каляда робіць з “фігні”, жыццёвага бруду, аскепкаў цывілізацыі, тым самым даводзячы, амаль як казачнік, што чалавечы геній і тэатральная ўмоўнасць здатныя пераўтварыць жыццё вакол сябе...”
“Мара пра шчасце – вось “праўда чалавека” ад драматурга Мікалая Каляды.” Якраз пра гэтае славутае шчасце і “Наташчына мара” Яраславы Пуліновіч, гадаванкі Калядовай драматургічнай школы.
...Пакуль збіраюцца гледачы, актрыса сядіць на крэсле, апусціўшы галаву. Нібыта ўслухваецца ў настрой залы. Падымаецца раптоўна. Хавае рукі ў доўгія рукавы расцягнутага старога швэдара. Пачынае гаварыць. Збочвае. Збіваецца. Ізноў пачынае. Апраўдваецца. Гадзіну дзеяння не кранаецца з месца і толькі адзін раз агаляе рукі да локцяў. Дый гаворыць пра нейкія глупствы: была... хацела.. меркавала... скрала нейкую шпільку ў суседкі па пакоі... скочыла з трэцяга паверху... сустрэла хлопца...
На сцэнічнай пляцоўцы – узорная чысціня альбо вобразная пустэча.Толькі крэсла, якое заступае актрыса. На задніку мяняюцца выявы нібыта з дзявочага альбомчыка: сэрцайкі, стрэлы, малюнкі і фоткі, мары і летуценні... чаканне найважнага ў жыцці, якім часцей за ўсё бывае Ён, уяўны каханы. Выявы, тэксты і манеры выдаюць на кіч, сметнік, прымітыў... і ўвасабляюць мару пра шчасце дзеўчынёхі з дзіцячага дома. Страшна сказаць, – душу! І перадусім размова – пра яе, душу. І пра яе, нявыхаванасць. Душы й пачуццяў.
У Наташкі ёсць зграя таварышак. Ім па шаснаццаць гадоў. Па бальшыні сваёй іх яднаюць інстынкты. І раз’ядноўваюць інстынкты. Яны жывуць паводле няпісанага вычварнага кодэксу: любым коштам пастанавіць на сваім, узяць верх, не даць слабіны. Сяброўка падбіла Наташку скочыць з акна (ідыёцкае падлеткавае спаборніцтва); журналіст Валера прыйшоў распытаць пра здарэнне, мяркуючы пра замах на самагубства; дзявочая мара пра каханне і аб’ект злучыліся. Ці не першы раз у жыцці Наташка мае магчымасць быць асаблівай, адрознай, інакшай... а ў хлопца ёсць дзяўчына. Дык трэба яе пазбыцца!
Спавядальнасць – адзін з трывалых законаў монаспектакля. Але... законы можна парушаць. Рэжысёр Лінас Зайкаўскас (Чалябінскі акадэмічны тэатр) змушае гледача ўзяць пад увагу тое, што выявіць следчы эксперымент, але не замахваецца на псіхалагічны дослед падставы для злачынства, не ставіць задачы актрысе Марыне Карцавай спавядацца ў ролі.




Наташка трымае сваё апошняе слова, перш як выправіцца ў турму. Яна кажа шмат лішняга. Гаворыць пра тое, пра што ўяўныя суддзі і не падумалі б пытацца. Раптоўная шчырасць гераіні – адначасова і пераляк, і боязь будучыні, і наіўнае здзіўленне з уласнага становішча. Яе шчырасць абуджана папраўкаю на адмысловую наструненасць залы, якая слухае, глядзіць і нешта сабе там думае, але ў выніку ўсё пра Наташку вырашыць, бо мае права... вырашальнага голасу. Таму што зала ў выніку – судовая. І ў выніку зале зразумела, што збіццё дзяўчыны і яе стан (кома) Наташку закранулі, але не скаланулі. Бо ў дзяўчыны гэтай ну ўсё ж было, нават бацькі, а ёй спатрэбіўся хлопец, якога Наташка абрала! Бо... справа ж зроблена, нічога назад не вернеш і румзае толькі той, хто мала бачыў. У інтанацыях Наташкі ёсць скупая эмацыйнасць ветэрана пасля бою, які чапляецца за фармулёўку “збіццё паводле папярэдняе змовы” і намагаецца давесці, што гэта якраз – вы-пад-ко-ва! Бо кожны... сам за сябе і сам па сабе... не хацеў скалечыць альбо забіць, хіба правучыць...
У фінале прамень святла выхопліваў з цемры рукі з пярлінкамі... са зламанай крадзенай шпілечкі: сумесь амаль дзіцячае наіўнасці і шчырасці, няшчасная прастата, вартая жалю, нявыхаванасць пачуццяў... Пярлінкі слізгалі з далоняў (як шчасце) і рассыпаліся. Як жыццё. Як нябачны хор найноўшае трагедыі, асуджаны гібець разам з героем.
Але чалавек, паводле «Каляды-Тэатра», здатны змяніць жыццё вакол сябе. Але такое мастацтва, паводле Паўла Руднева, бясформеннае, нерэгулярнае, знарочыста няправільнае – якраз і гарантуе свабоду, у якой можа "нарадзіцца" сіла ( а можа і не нарадзіцца, а толькі прымроіцца). У “Рэвізоры” яе ўвасабляе гразь. У “Наташчынай мары” – абсалютная чысціня сцэнічнай пляцоўкі і “чыстая дошка” асобы персанажу. Класік цвеліць душу сучасніка, а сучаснік, як той казачнік, абуджае вялікую магію, навучае фантастычнаму і стварае найноўшую класіку з любога смецця.

Газета "Літаратура і мастацтва"
Заканчэнне будзе

Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий