22.04.2011

Тэатра нам не пазбегнуць

Першы мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум “Крокі”
прайшоўся па сталіцы з 28 па 31 сакавіка


Уплыў “экранных мастацтваў”, асабліва серыяльных і “ў рэжыме рэальнага часу”, яшчэ гадоў дваццаць таму спарадзіў прафесійныя спрэчкі ў тэатральным асяроддзі. На пытанне рубам “як пазбыцца згубнага тэлевізійнага ўплыву” адказвалі не жартам – “хіба што перасяліцца ў тэатр”. І знайшліся-такі ідэалісты...

Мінская тэатральная школа № 1 літаральна жыве ў тэатры – Новым драматычным. З першага дня ўтварэння ў 2003 годзе. Вядома, дзеці навучаюцца, іграюць і глядзяць рэпертуарныя спектаклі; у спектаклях для роўналеткаў час-почас бяруць удзел. З гэтае нагоды старэйшыя цытуюць праўдзівую выснову пра тое, што “для дзяцей трэба працаваць так, як для дарослых, – толькі лепш”. А для сябе? Самім для сябе як працаваць?




Тры дні на новае пытанне рубам адказваў дзіцячы тэатральны форум “Крокі”, утвораны Новым тэатрам і тэатральнай школай: дзеці працавалі для дзяцей. Беларусы распавядалі “Праўдзівую гісторыю пра Марыю і Пушка” Б.Мар, тэатральная школа-студыя з Кіева ўвасабляла “Малітвы тых, хто не моліцца” Я.Корчака, дзіцячы музычны тэатр “Арфей” з Бранску шукаў “Крыштальны туфлік” Ш.Пэрро, Каўнаскі дзіцячы і маладзёжны тэатр “Вілколакіс” даў паспытаць салодка-салёную гісторыю “Друскіле” С.Іванаўскайтэ: чатыры конкурсныя спектаклі. Чатыры тэатральныя школы чатырох краін... паводле гаспадара форуму, “вартыя і непазбежна патрэбныя адна адной”. А гаспадаром мінчукі вывелі на сцэну... Ігната Буйніцкага ў выкананні Ігара Падлівальчава. Зухаваты, дасціпны і апантаны дзядзька Ігнат увасобіў існыя памкненні тых, хто “гуляе ў тэатр з дзяцінства”: творчую несупакоенасць, прагу дасканаласці, адметную годнасць і незалежнасць.

Першы спектакль форуму зрабіўся насамрэч першым у прафесійным спаборніцтве: “Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка” паводле літоўскай актрысы і пісьменніцы Бірутэ Мар, якую ўвасобілі рэжысёры-педагогі Віргінія Тарнаўскайтэ і Антаніна Міхальцова. Гісторыя пра тое, што жывы навакольны свет поўны цудаў, якія можна сустракаць альбо адчуваць: старэйшая сястра, летуценніца Марыя, бачыць свайго анёлка-ахоўніка на імя Пушок і часта-часта з ім размаўляе. Пад яе ўплывам малодшая падшыванка Аўдра вучыцца бачыць, успрымаць, цярпець, чакаць... А разам з анёлкам дзеці здатныя выхоўваць сабе бацькоў!



У спектаклі няма звыклай інтрыгі, але ёсць шэраг значных падзей, якія мусяць годна пражыць персанажы. Ступень годнасці (пераканаўчасці) залежыць ад выканаўцы. Якраз пераканаўчасцю ў ролі Аўдры ўразіла журы Лера Сакалова (прыз за лепшую жаночую ролю), а натуральнасцю і голасам – Даша Валадзько ў ролі Спяваючага Анёла. (Магчыма, каб удасканаліць спектакль, варта аддаць бацькоўскія ролі старэйшым акцёрам?..) Спектакль назвалі першым і за выбар літаратуры, і за драматургічны эксперымент, і за творчую працу з выканаўцамі, якія цярпліва чакалі ў чарзе, каб... захоплена павіснуць на шыі ў Віргініі Антанаўны Тарнаўскайтэ... І віснулі. Кожны са сваім адмысловым пажаданнем, сакрэтна шаптаным на вуха педагогу.



Дзіцячыя тэатры трэба ствараць хоць бы й таму, што яны адцягваюць дзяцей ад усяго, ад чаго трэба адцягваць сучасных дзяцей. Калі гэта ставіць найпершай мэтай, дык узорны “Арфей” з Бранску яе дасягнуў. Дзеці рухаліся, спявалі, таньчылі і па ўсім было відаць, колькі моцы і часу спатрэбілася для такой спанатранасці! Але мастацкая ідэя сцэнічнага твору, падтрыманая рэжысурай, надала гэтым адметным высілкам шараговае сціпласці...

...Паўлюс Кавалюнас атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю, дакладней, адразу за дзьве – двух Каралёў (чалавечага і павучынага) у спектаклі “Друскіле”, своеасаблівай дзіцячай версіі “Караля Ліра”, дзе малодшая дачка вяртае бацьку, ператворанаму ў павука, чалавечае аблічча з дапамогай... солі. Каўнасцы ўразілі сцэнічнай культурай, харэаграфіяй і пластыкай Лігіты Віршулітэ, а таксама сцэнаграфіяй Рэгіны Лабазавене. Выхаваўчыя матывы ўласнай п’есы Стасе Іванаўскайтэ прыхавала. Як рэжысёр-педагог яна вылучыла пераўтварэнні персанажаў (з людзей у насельнікаў павучынага каралеўства) і падкрэсліла, што яны абумоўлены ўнутранымі (чалавечымі) якасцямі. І часам варта паспытаць “прыемнасцяў” жывёльнага аблічча, каб выявіць уласнае чалавечае...

Высокімі літаратурнымі запатрабаваннямі здзівілі і ўкраінцы з Дзяржаўнай тэатральнай школы-студыі Галасееўскага раёна Кіева. Знаны драматург Аляксандр Ірванец пераклаў для іх “Малітвы тых, хто не моліцца” Януша Корчака – таемныя маналогі, якія вынікаюць з глыбіні душы як споведзь самому сабе і ўдзячнасць Богу за паразуменне. Дзейных асобаў шмат. Па тым, як яны падымаліся на сцэну і ўслухваліся ў сцэнічную прастору, можна было меркаваць пра задачы педагогаў Анатоля Суханава і Тамары Шастаковай.




Спектакль статычны, разлічаны на моцнае ўнутранае пражыванне, якому навучыцца нялёгка, але вучыцца трэба. Як і годнаму валоданню родным словам. Выхаванцы школы-студыі з Кіева паставілі сабе высокія мэты і як мага ўзнялі ліштву патрабаваняў да саміх сябе, адказна спавядаючы тэатр... як лад жыцця. Настолькі, што... “тэатра ім не пазбегнуць” , – як дасціпна прагучала ў абмеркаваннях.

...Мяркуючы па тым, што для дзяцей трэба працаваць усё лепш і лепш, па колькасці і якасці нашых веснавых тэатральных фестываляў, а яшчэ па іх зацікаўленых (ідэальных?) гледачах, тэатра нам не пазбегнуць. Напраўду.

Газета "Літаратура і мастацтва"
Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий