21.04.2011

М.@rt.КАНТРАСТы (заканчэнне)

Кантраст трэці: прафесійны

Творцу сцэнічнага свету ўжо называлі дэміургам і прыпадабнялі бацьку-стваральніку, але стварэнне найноўшага (класікі?), асабліва з гразёю альбо са смецця, вымагае такіх адмысловых дзеянняў, якія наўпрост рэжысурай не назавеш (прынамсі ў той пэўнай якасці, якую мела на ўвазе бліжэйшае мінулае стагоддзе). Гэтаксама не назавеш рэжысурай і дзеянне проста супрацьлеглае: ператварэнне класікі ў смецце.



Рэжысёр Сяргей Паўлюк з Херсонскага музычна-драматычнага тэатра (акадэмічнага!) мерыўся ўпрэгчы ў адны калёсы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна і Леаніда Філатава: спалучыць маленькую трагедыю “Моцарт і Сальеры” з аднайменным паэтычным жартам... магчыма, для капусніка (праўда, Філатаў пісаў яго пад час непрыемнасцяў у тэатры). Канфлікт генія і пасрэднасці прасякнуў спектакль “Жаба” на іншым узроўні: абодвух драматургаў (з кампазітарамі) і рэжысёра... які, ужо як сцэнограф, выставіў на сцэну мноства слоікаў з вадою і нейкімі земнаводнымі істотамі; літаральна змусіў акцёра ў ролі Сальеры даставаць адтуль гукі, агаляцца, мерзнуць, квэцаць твар у бруд, захлынацца ад пафасу і кпінаў. А калі вадою са слоікаў акцёр пачаў пырскаць у публіку, закарцела выклікаць санітарны кантроль. Каб за адным разам наскардзіцца на ўсё, што так шчодра лезла ў вочы са сцэны: на цыгарэтны дым і пудру, на сцэнічныя строі кампазітараў (расцягнутыя спартовыя нагавіцы) і канфлікты, высмактаныя з языка, але жабай-зайдрасцю пушчаныя на распыл: пасля таго, як ў маналогу з Пушкіна акцёр прапусціў паверку алгебрай гармоніі, класічны тэкст, загнаны ў казіны рог, распрастаўся і балюча сцебануў выканаўцу. Проста па зубах...

...Спектакль ратавалі музыканты. Выдатныя музыканты суправаджалі і агучвалі “Жабу”, прапануючы выняткі з класікі ( з Моцарта дачуваліся самыя папулярныя творы кшталту “Маленькай вечаровай серэнады”), а таксама яе рокавыя апрацоўкі. А калі б рэжысёр музычна-драматычнага тэатра кінуў сваю прафесійную жабу ў каляіне і рушыў ад музычнай драматургіі?!

След у след ступаў рэжысёр Новага драматычнага тэатра на Пячэрску з Кіева Аляксандр Крыжаноўскі. Яго вабіла п’еса “Распуснік” і асоба Дэні Дзідро, які піша артыкул пра мараль у сваю “Энцыклапедыю” і паміж іншым спакушае і спакушаецца, гуляе і загульваецца. Скрозь – любошчы, каханне, мілосць, сімпатыя, вабнасць... кабеты, дзяўчаты, дзеўчынёхі... Але скарыстаць твор Эрыка Эмануіла Шміта толькі як сыравіну, нагоду альбо падставу не выпадала: драматург вымагаў паразумення, а інакш пагражаў рэжысёра абгуляць. А той выпускаў на сцэну эстэтыку васьмідзясятых і дапускаў, што жонка з’яўлялася наведаць Дзідро з распродажу, што авантурыстка мадам Тарбуш са сцэны ў сцэну перабірала тэатральны гардэроб, а дзяўчыну, якая намагалася спакусіць энцыклапедыста, абзывала “балерынай нейкай”... Рэжысёр не заахвочваў імправізацыю, але дапускаў бясконцую адсябеціну. Альбо ўтвараў выйсце акцёра з ролі... ў залу – па спагаду, разуменне і падтрымку... з рызыкоўнымі маналогамі інтымнае афарбоўкі. Эфектна? Атож! Рызыкоўна? Але. У ролі Дзідро гэта рабіў дыхтоўны акцёр Ігар Рубашкін і зала ўздыхала з палёгкай. У другім выпадку з ролі звадыяшкі і манюкі выходзіла ягоная партнёрка. Яна разважала пра мужчынскую пажадлівасць, хцівасць і распусту, з якіх можа добра скарыстацца хітрая кабета, але... звярталася да канкрэтнага гледача. Бядотнік ніякавеў. У выніку сцэнічны канфлікт на сцэну ўжо не вяртаўся, рызыкуючы паўстаць паміж сцэнай і залай...

Спектакль найважны для маладзёжнага форуму прывезлі былыя студэнты прафесара Рыгора Казлова з санкт-пецярбургскага тэатра “Майстэрня” (у сёлетнім верасні тэатр адзначыць першы год свайго прафесійнага існавання, а тое, што студэнтам дапамаглі застацца разам і ўтварыць тэатр, прафесар называе цудам). Спектакль называўся “Ідыёт. Вяртанне” і ўяўляе сабою сцэны першай часткі знакамітага раману Ф.Дастаеўскага – вяртанне князя Мышкіна ў Пецярбург, калі ў ягонае жыццё ўваходзіла мноства новых знаёмцаў і дачыненняў.

Спектакль, які паўстаў са студэнцкае працы, уражваў дыхтоўнай драматургічнай падрабязнасцю, густам, сцэнічнаю скончанасцю (фінал спектакля – ад’езд Настассі Піліпаўны з Рагожыным пад рэплікі шкадавання яе гасцей), але перадусім – прыгожымі маладымі абліччамі, адухоўленымі тварамі і апантаным выкананнем (без перабольшання – кожны выканаўца заўважны сваёй адрознасцю).



Верагодна, сёння ў найлепшых праявах рускі псіхалагічны тэатр атаесамляецца менавіта з гэтымі абліччамі. Адметны майстра Казлоў гожа злучае рэжысуру з педагогікай, спавядае патрабавальна-беражлівае стаўленне да асобы артыста і нейкае магічнае, глыбіннае стаўленне да акцёрскай прафесіі. Здаецца, у ягоным тэатры няможна быць непрыгожым, неразумным, няздатным. Ягоны спектакль карыстаў з самых простых дэкарацый і пастановачных прыёмаў, але уцягваў і ўражваў так, што хоцькі-няхоцькі ўся зала разумнела, прыгажэла і пачувалася годна. Магчыма, у санкт-пецярбургскай далечы ўсё гэта выглядала б інакш, але фестываль, які можа схіліць да прафесійнай ідэалізацыі, сабраны вельмі прафесійна...

Уразіў і тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I., які працуе ў інтэлектуальным аўтарскім кірунку, але хіба варты адмысловец патрапіць ацаніць ягоную прафесійнасць... прыцягнуўшы адмыслоўцаў са сферы этнаграфіі (аўтэнтычнае ўспрыманне й паводзіны), філасофіі (праблемы быцця й нябыту), эстэтыкі... кампутарнай графікі, якая не ілюстравала, а падтрымлівала развіццё дзеяння. Спектакль Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай-Кавальскай “Мухі на сонцы” назвалі сучасным балетам. Звыклыя мастацтвы ў ім шчыльна знітаваліся. Звыклыя законы пераўвасобілся. І вымагае ён асаблівай гаворкі...

Адметны прафесійны кантраст фестывалю ўвасобіла Вольга Скварцова-Кавальская, узяўшы ўдзел і ў сучасным балеце, і ў драматычным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Офіс” І.Лаўзунд у пастаноўцы рэжысёра Кацярыны Аверкавай.



“Офісу” прафесійныя крытыкі аддалі Гран-пры фестывалю, лепшым аўтарскім спектаклем вызначылі тэатр “Крэда” з Балгарыі, лепшай маладой актрысай вылучылі Марыну Карцаву, падзеяй форуму назвалі Вольгу Скварцову-Кавальскую, адмысловым дыпломам форуму за захаванне традыцый рускай псіхалагічнай школы ўзнагародзілі пецярбуржцаў, а дыпломам за лепшы пластычны спектакль – тэатр D.O.Z.SK.I., чым далі нагоду для некалькіх публікацый – ужо па-за межамі фестывальных кантрастаў.

Газета "Літаратура и мастацтва"

Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий