04.07.2011

Дзецям Беларусі

У год свайго 55-годдзя Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, распачаў праект “Тэатр юнага гледача – дзецям Беларусі”

“Пра тое, што ў Мінску ёсць адмысловы тэатр для дзяцей і юнацтва – Тэатр юнага гледача – ведае, бадай што, уся Беларусь...” Па шчырасці, у тэатры так і думалі. Але неўзабаве высветлілася, што ўся Беларусь не ведае. Першы дзіцячы спектакль, паказаны ў Смаргоні, засведчыў: бальшыня залы наведала спектакль ўпершыню ў жыцці. І як, дзеля чаго і навошта яго глядзець, па-просту не ўяўляла...



Тэатр юнага гледача – адзіны ў краіне прафесійны тэатральны калектыў, які працуе для дзяцей і моладзі па-беларуску. Вымогаў і патрабаванняў да яго шмат. Яму б ціхусенька пераседзець рамонт уласнага будынку... які не пачынаецца ўжо два гады, але ўласна “тэатр – гэта тут во і зараз”, таму і вырашана было знаёміць Беларусь з самім сабою, адзіным і непаўторным, шляхам найпростым: наведацца ў невялікія гарады Беларусі.

Праект “Тэатр юнага гледача – дзецям Беларусі” складзены для папулярызацыі тэатра і мусіць паўплываць на захаванне творчай формы трупы, а таксама спрыяць шчыльнаму знаёмству з гледачамі па-за межамі сталіцы. На бліжэйшы час “пазамежжа” акрэслілася Гародняй, Лідай, Пінскам, Горкамі і Любанню. Што да спекталяў, дык для знаёмства абраны найлепшы – “Брык і Шуся шукаюць лета”. У тэатры жартуюць, што цяпер Брык і Шуся шукаюць лета арганізавана і па раскладзе, змяніўшы самакат на аўтобус і фуру для дэкарацый, і ёсць пэўнасць, што такі знойдуць, бо шмат запрашэнняў прыпадае на цёплую паравіну году.

Пад час гастроляў запланаваны шэраг творчых сустрэч з вядучымі акцёрамі тэатра, але першыя сустрэчы замоўлены з паэтам і драматургам Таццянай Сівец, аўтарам тюгаўскага сцэнічнага бестселлера. І давядзецца расказваць усім шчырую праўду: як навучалася Таццяна ў драматурга і паэта Артура Віталевіча Вольскага, якія п’есы паспела напісаць да сцэнічнага дэбюту і, галоўнае, як Брык з Шусяй пасяліліся ў Тэатры юнага гледача – так, што Брык адказвае на глядацкія лісты, а Шуся спіць, але часам прачынаецца і бярэ ўдзел у ранішніках, выставах і творчых сустрэчах.


І цяпер спадарыня Таццяна мусіць пісаць пра тое, як Брык і Шуся жывуць у тэатры, што яны там бачаць, як сябе паводзяць – кіраўніцтва для тэатралаў-пачаткоўцаў...

Праект “Тэатр юнага гледача – дзецям Беларусі” працягнецца тры гады. Першы спектакль праекту адпрэм’ерыўся 14 траўня: гэта “Кот у ботах” (п’еса Мікалая Шувалава паводле казкі Шарля Пэро) у пастаноўцы рэжысёра Венедыкта Расстрыжэнкава. “Кот у ботах” ажыццёўлены па шматлікіх просьбах маленькіх гледачоў тэатра, а таксама іхніх бацькоў, якія згадваюць спектакль “Кот у ботах” 1981 года ў рэжысуры Віргініі Тарнаўскайтэ з Народным артыстам Беларусі Міхаілам Пятровым у ролі Ката. Напераменкі з Міхаілам Пятровым Катом у ботах на тюгаўскую сцэну выходзіў Сяргей Журавель, сёння – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядомы сваімі адметнымі сцэнічнымі персанажамі, а ў ролі Прынцэсы публіка вітала Валянціну Філатаву, якая зазнала вядомасці сваімі рэжысёрскімі работамі ўжо як Валянціна Еранькова.



У новым спектаклі ролю Ката ў ботах выконвае Сяргей Марговіч – сваю першую буйную ролю ў Тэатры юнага гледача. Побач з ім у ролі Прынцэсы - Таццяна Чардынцава.

Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий