“Як лёгка было б зразумець адно аднаго, каб не існавала слоў.
Тады можна было б гаварыць і не рупіцца пра словы”.
Эжен Іянеска
"Падстава тэатра і рэжысёра – гэта рэпертуар, а, значыць, літаратура. Літаратура і аўтарская задума, якую рэжысёр мусіць умець прачытаць. У тэатры трэба ўмець чытаць...” Адвольнае цытаванне класіка выдае рэжысёра Уладзіміра Савіцкага: ў тэатры, бачыце, трэба ўмець чытаць!
...Мы з Савіцкім – роўналеткі. Правадырамі нашага дзяцінства, якое выпала на 1960-я, яго неаспрэчнымі аўтарытэтамі былі дзядулі і бабулі, якія вучылі шанаваць тое, што маеш, сваё. Спадарожнікамі – расповеды па вялікую вайну, уключанае на ноч радыё і адказнае чытанне цэнтральных газет. З газет дзяды ўмелі вычытаць... усё. Уменню чытаць даводзілася навучацца міжволі. Праз дваццаць гадоў калегавання я пачула ад Савіцкага: “У аўтара ўсё напісана, чытаць трэба ўважліва...”
...Савіцкі гадаваўся ў дзедавым доме з невялікім садам, але і дом, і сад былі гарадскія. Горада Баранавічы. І, як усе баранавіцкія дамы й сады, добра памяталі, як бывала за немцамі, за палякамі і за саветамі; пад немцамі меліся на ўвазе “немцы чатырнаццатага году” (Першай сусветнай вайны). Пра немцаў сорак першага казалі інакш.
Паміж процьмай хлапечых заняткаў Валодзя Савіцкі хадзіў у школу. Здаецца, на пятым годзе навучання школьнікаў абавязалі мэтава наведаць тэатр, якога Баранавічы не мелі. Настаўнікам раілі сталічны ТЮГ, але Савіцкаму пашэнціла трапіць адразу ў Купалаўскі. Навучаны чытаць і слухаць, школьнік Савіцкі глядзець яшчэ не ўмеў, але... штосьці здаралася цягам тэтральнага часу. Паводле Савіцкага, пад скуру лезла нейкая зараза... Балазе, у родных Баранавічах трапіўся чалавек, апантаны драматычным гуртком. Галоўным героем пастановак мелася быць вялікая вайна, але ўблыталіся Гогаль з Чэхавым. І – ўсё. Усё вырашылася. У 1976 годзе Уладзімір Савіцкі паехаў рабіцца артыстам, трымаць іспыты ў Інстытут культуры, які на той час раскашаваў купалаўскімі акцёрамі ў выкладчыках...
Генеральную лінію рэжысёра Уладзіміра Савіцкага я магла б вывесці з цытатаў сваіх аглядных арытыкулаў і рэцэнзій на ягоныя пастаноўкі. Першыя датаваны пачаткам 1990-х: Савіцкі перажываў так званы студыйны бум дзевяностых, стварыўшы тэатр-студыю “Абзац” з “Няскончанай драмай” Аляхновіча, на якой “ …я сядзела ды іранізвала, пасмейваючыся і з сябе, і з Аляхновіча, упарцілася рэжысёравай празрыстай дзейнасці, маўляў, за такія просталінейна-літаратурныя істоты я б на сцэне ніколі не заступілася, а ўжо мераць іх па сабе... Я прагледзела іхнія аб’ёмы ды ёмістасці: пасля рэжысёра Уладзіміра Савіцкага іх, узбуйненых сцэнаю, ужо не прамінеш. І тое, што спектакль адбыўся адзін-адзіны раз, і невядома, ці прычакаем мы разу наступнага, спрыяе тэатральнай легендарнасці, накшталт таго, як жыццёвая драма ў спектаклі сілкуе драму ўяўную, пісаную.”
Колькі лічаных разоў публіка дзівілася з “Раскіданага гнязда” Купалы (спектакль ішоў пад назвай “Сумная аповесць”), дзе “такту й далікатнасці стараннямі Уладзіміра Савіцкага выстачае кожнаму і ўсім... бо менавіта гэтыя якасці абыходжання з тэкстам Купалы, з людзьмі ягонае п’есы ды з людзьмі ў зале і падводзяць да думкі: перадусім не сацыяльныя катаклізмы… не грамадска-палітычныя неўразумеласці вызначаюць чалавечыя радасці-пакуты. Богам закладзена куды больш важкае, складанае ды непрадбачанае... Хораша, спакойна будзе толькі т а м. Гэта ці не значыць – не шукай дарэмна. Жыві. Т у т.”
А потым былі Быкаў, Баршчэўскі, Караткевіч, Крапіва, ізноў Купала, ізноў Аляхновіч, і ці не кожны спектакль ставаў падзеяй і нават тэатральным адкрыццём літаратуры. Няйначай эпоху сціпла распачаў рэжысёр Савіцкі, замірыўшы з тэатральнай сцэнай герояў Уладзіміра Караткевіча у “Дзікім паляванні караля Стаха” 2005 года; праўда, малая сцэна Купалаўскага тэатра, дзе гэта адбылося, сталася для іх малаватаю.
“... На персанажаў Кандрата Крапівы Савіцкі глядзіць з нашае ”цудоўнае далечы” – і сцэнічнае жыццё… апавядае пра стан знаёмы, клопат тутэйшы, дзень сённяшні.”
“...Калі з Мікітам Зноскам дваццаць гадоў таму мы набывалі голас, дык “панам міністрам” (”Пан міністар” Ф.Аляхновіча – Ж.Л.) цяпер гэты голас аддаем... А Савіцкі рушыў далей: замест звыклага Філі-свінабоя, які колькі разоў ужо тупаў на беларускай сцэне, вывеў... спраўнага героя найноўшага часу.”
Ат! Чаму ж я не пішу пра тое, што ў акцёрах Уладзімір Савіцкі ажно дзесяць гадоў служыў бабруйскай Мельпамене і звёў сяброўства з рэжысёрамі Мікалаем Труханам і Віталём Баркоўскім; што трапіў пад уплыў іхняй прафесійнай налаўчонасці, прывезенай ад Анатоля Эфраса; што сам апантана навучаўся рэжысуры, а потым кшталціўся ў Юрыя Любімава і Алега Табакова; што, уражаны ў дзяцінстве Купалаўскім тэатрам, ў гэты самы тэатр быў прыняты ставіць спектаклі?! Што свой чалавечы юбілей аздначыў мастацкім кіраўніком Тэатра юнага гледача...
“Кіраўнік, начальнік, галоўны, – у тэатры гэта ўсяго толькі назвы, словы, – сведчыць рэжысёр. – Але не давайце веры таму, хто не дбае пра слова, каму ў тэатры не рупіць літаратура. Ці лёгка было б зразумець адно аднаго, каб яе не існавала? Ніводная літаратура не пацярпела ў славутыя трыццатыя так, як беларуская. А яна толькі-толькі падымалася, была вельмі й вельмі цікавая, дзейсная, адметная. Пачынаючы з Купалы, з паэта-сімваліста, драматурга, яна падымалася над зямлёй, лунала, давала нагоду для такога ўяўлення, якое складана знайсці ў іншай літаратуры. Яна дала нагоду для тэатра новага пакалення… Трэба ўмець ёй паддацца, ўмець яе прачытаць, трэба ёй адпавядаць на сцэне. Часам ў яе трэба вучыцца тым, хто піша для тэатра сёння. Такая мая генеральная лінія...”
...Тэатр заўсёды распавядае пра дзень сённяшні. Сёння Уладзімір Савіцкі шукае расповед для заўтрашняга дня.
Жана Лашкевіч
Адметнае i добрае уражанне пакiдае падборка пра Уладзiмiра Савiцкага. Магчыма, у вас ёсць иi рэцёнзiя на "Дзiкае паляванне", альбо на "Сны аб Беларусi"? Вельмi зацiкаулены
ОтветитьУдалитьbet365 Casino: Play with a Top Casino Player at
ОтветитьУдалитьbet365 bet365 Casino is a great place to play online 다파벳 casino games from a vua nhà cái top-rated provider, known for its generous bonus offers and generous promos.