22.08.2011

След у след

Гэты архіўны артыкул я прапаную ў працяг абвешчанае тэмы пра рэжысёра Уладзіміра Савіцкага, - так бы мовіць, след у след публікацыі пра колішнюю пастаноўку "Раскіданага гнязда", - колішні студыйны досвед прачытання “Няскончанай драмы” Ф.Аляхновіча.

Драма Францішка Аляхновіча зазнала сцэну тэатра-студыі “Абзац” след у след за Купалавым творам. Спектакль, пастаўлены паводле “Раскіданага гнязда”, уразіў празрыстасцю пераасэнсавання ў “Сумную аповесць” і скалануў жорсткаю рацыяй рэжысёрскага фіналу: два дужыя дзецюкі, усё адно як падмінаючы пад сябе і герояў, і абставіны трагедыі іх чалавечай немаентнасці, літаральна навялі, навязалі свой фінальны парадак, а потым сілком адарвалі ад падлогі роспачную Зоську і... разам рушылі да публікі – на паклон.




Выпрабаваным чынам рэжысёр Уладзімір Савіцкі ўнікае няпэўнасці “магчымых прачытанняў” і Аляхновічавай “Няскончанай драмы, або Трох дзён з яго жыцця”: яго – героя Васіля, які піша драму і перажывае драму. Націскі, ацэнкі, усемагутныя кропкі над “і” ў абедзьвюх драмах расстаўляе не папяровае жыццё, выяўляючы складаную залежнасць добрых намераў ад пякельных пуцявінаў.

...Трое “Сумнай аповесці” былі ўжо рушылі ў самую публіку – на паклон, ды сімвалічна прыпыніліся, прытармазілі ля беражка падмосткаў. Персанажы “Трох дзён...” след у след падымаюцца на іх, пасядеўшы сярод публікі і літаральна вызваляючы месцы тым, хто спазніўся на спектакль, або пасаромеўся адразу папрасіць сваё куплёнае крэсла... Такое нягучнае, адпрацаванае рэжысёрскае баруканне з банальнасцю (уводу гледача ў дзеянне) мусіць залу і нясцярожыць, і наструніць відавочным пачытаннем думкі: “У мастацтве большасць людзей вабіць магчымасць атаясамлення”. А я сядзела ды іранізвала, пасмейваючыся і з сябе, і з Аляхновіча, упарцілася рэжысёравай празрыстай дзейнасці, маўляў, за такія просталінейна-літаратурныя істоты я б на сцэне ніколі не заступілася, а ўжо мераць іх па сабе... Я прагледзела іхнія аб’ёмы ды ёмістасці: пасля рэжысёра Уладзіміра Савіцкага іх, узбуйненых сцэнаю, ужо не прамінеш. І тое, што спектакль адбыўся адзін-адзіны раз, і невядома ці прычакаем мы разу наступнага, спрыяе тэатральнай легендарнасці, накшталт таго, як жыццёвая драма ў спектаклі сілкуе драму ўяўную, пісаную.

Акалічнасці пэўнае часіны (дваццатыя гады дваццатага стагоддзя) ды месца дзеяння (Вільня) не гвалтоўна ўплываюць на герояў. Яны могць вырашаць, учыняць, дзейнічаць, выбіраючы (падобна, рэжысёр і сам дае гэтаму веры). Выбар, які ўтрымлівае тэкст п’есы, здаецца перабольшана літаратурным, – выбар, патлумачаны тэатрам, гукае класічны матыў паяднанасці дабра і зла і – раздзяляе іх. Раздзяляе пераканаўча. Здаецца, увесь сэнс баўлення сцэнічнага часу Васілём, героем Барыса Галубкова, – у пісанні драмы і перажыванні драмы. У ягоным распараджэнні – макет будучай пастаноўкі, ён прагаворвае рэплікі сваіх персанажаў, час-почас перасоўвае іх уяўныя фігуркі-шахматы. І вось у нейкі здрадлівы момант у лік герояў пісаных незаўважна для пісьменніка трапляюць і героі ягонага ўласнага жыцця, героі нявыдуманыя (уявіце сабе шырму-выгарадку па дыяганалі сцэны, з-за якой тыя з’яўляюцца ўслед... за сваімі ценямі (вобразамі?), спраецыраванымі на тканіну шырмы з дапамогаю ліхтара). З рэальнага Васілёвага жыццёвага вымярэння – у ягонае пісьменніцкае ўяўленне... Зрэшты, як сапраўдныя героі годнага аўтара, насельнікі сцэны (блытаючы яго, ціснучы на гонар на сумленне і да т.п.) не падпарадкуюцца ягонай аўтарскай волі, выломваюцца са сваіх ролевых абмежаванняў! А на мяжы, мовім так, творчага недагляду Васіля паўстане чалавек ад тэатра (Алег Грысевіч) з флейтаю ў руках, зноў і зноў нагадваючы класіка: на чалавеку граць таксама небяспечна, як і на капрызлівай флейце...

Іх няшмат, герояў Васілёвых драм. Жонка Ядзя (Анастасія Гавядзінава), якая прадстаўлена на самым магутным пераломе свайго жыцця: не выгодамі, не выбрыкамі, не светлым будучым вымярае яна кожны свой і не свой учынак, а дзіцем-немаўлём. Сябра і кватарант Васіля Костусь (Андрэй Дудараў), удаліца, весялун, даставала, як высветліцца, закаханы ў Ядзю, на працягу сцэнічнай гадзіны дасць рады сямейным скрутам. Сяброўка Ядзі Паўліна (Наталля Клімчык) з’явіцца для невялікага дабрадзейства (аддасць сяброўцы сваё старое паліто, бо ў той ніякага няма) і вялікага сумніву (якія творчыя ды грамадскія ідэі могуць пераважыць сямейны дабрабыт і забяспечаную будучыню дзіцяці?). Палітык Багдзевіч (Уладзімір Мішчанчук) эпізадычна мільгане са слушнымі высновамі (кшталту несвоечасовага з’яўлення дзіцяці) і важнымі весткамі (абвешчана Беларуская рэспубліка). Усе разам нібы без дай прычыны ўзвярэдзяцца на Васіля і кожны на свой капыл зладзіць яму выпрабаванні (нават немаўля, ні разу не заплакаўшы, памрэ ў прытулку: бацька-творца не змог зарабіць яму на жыццё...); Васілю ж патрэбна хіба душэўная раўнавага ды адносны спакой, каб рабіць самае каштоўнае з наканаванага: займацца творчасцю. Вызначальна для творцы падаецца ў спектаклі цытаванне вершаў Аляхновіча пра сэрца, якое пасля пахавання мусіць быць прабіта асінавым калом: так рабілі з ведзьмакамі, з чараўнікамі (а творчасць – не чарадзейства?), каб не паўсталі з магілы ніколі, – ці не таму, што надта жорсткія рахункі выстаўляе часам творчая азоранасць, вымагаючы неабдымных маральных ахвяр? Каштоўнасць спектакля – у дзёрзкім дакляраванні: мастак і воля вольная, насуперак узнёслым уяўленням, аб’ектыўна адмаўляюць адно аднаго, творца і ягоная залежнасць ад чаго б там ні было існуюць поруч, хаўрусуюцца, пачуваюцца паплечнікамі! Сам творца, паводле спектакля, не напрасткі, не заўсёды залежыць ад уціску звонку, хоць абставіны і назаляюць, а вось страта ўнутранай раўнавагі набліжае ягонае банкруцтва. Дакладная акалічнасць (Аляхновіч яе накрэсліў, Савіцкі замацаваў): глыбінныя канфлікты персанажаў мацнейшыя за побытавыя непаразуменні , – таму спектакль, паступова падымаючыся над побытам, над прывязанасцю да пэўнага часу і месца дзеяння, набывае магнэсавую прыцягальнасць тэатральнай перамогі літаратурных банальнасцяў…

...З-за шырмы, адкуль узнікалі героі Васілёвых драм, з’явіцца ў фінале персанаж непрадугледжны – сам рэжысёр спектакля. Усміхнецца, развядзе рукамі, моўчкі апраўдваючы адсутнасць фінальнае падзеі ды ўдарнае кропкі-ацэнкі негераічных учынкаў героя: след у след за сваімі стварэннямі...

“Літаратура і мастацтва”, 11 сакавіка 1994 года

Комментариев нет:

Отправить комментарий