21.11.2010

Сон пра летнюю ноч

Памятаеце, як у кардоннай каробцы агледзелі Чабурашку? Як у каналізацыі заўважылі чарапашак-ніндзя? А на даху – Карлсана? Магчыма, у шэраг славутасцяў трапяць і тутэйшыя персанажы: проста ў гарадскім парку знайшліся Брык і Шуся. Ён смешна куляецца і падае з дрэва, прымаўляючы “брык, паваліўся!”, а яна ў лісці жыве...

Брыка і Шусю ўпільнавала Таццяна Сівец, журналістка і паэтка. Але з 30 кастрычніка 2010 года – з дня прэм’еры “Брыка і Шусі...” – вытанчаную, далікатную прыгажуню Таццяну можна строга называць драматургам, бо і журналісты, і паэты робяцца драматургамі толькі тады, калі іхнія творы трапляюць на тэатральную сцэну. П’еса “Брык і Шуся шукаюць лета” – прафесійны дэбют Таццяны. Казку замовіў, прыняў і давёў да сцэнічнага ўвасаблення Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Рэдкі выпадак!



У казцы хапае выхаваўчых сентэнцыяў кшталту “дарогу трэба пераходзіць толькі на зялёнае святло” альбо “з незнаёмымі хадзіць нельга” (дзецям ды некаторым дарослым гэта і са сцэны паўтарыць не лішне). Поўна добрых і вельмі добрых учынкаў. Але “выхаваўчы працэс з мараллю” драматург адмыслова прыцішыла, а рэжысёр ператварыў у канчатковы выбар персанажаў. Рэжысёр – Ягор Лёгкін, на чыім рахунку восем драматычных спектакляў і адна опера. Ён таксама і драматург, ягоны спектакль “Квакі і Квокі” паспяхова пракатваецца на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.



З сёлетняга ліпеня Ягор Лёгкін – рэжысёр Беларускага рэспубліканскага ТЮГа і, падобна, лідэр адметнай каманды маладых акцёраў, узброеных не толькі свяжуткай акцёрскай адукацый, але і шчырым жаданнем на гэтую адукацыю не забыцца. Выкшталціць сцэнічнаю практыкай. Адшукаць краіну вечнага лета...
Разам з Брыкам і Шусяй, якая ніколі не бачыла лета, у пошукі гэтай краіны ўкручваецца шэраг персанажаў: Варона згадвае, што яна ў маладосці ляцела-ляцела ды трапіла туды, Сабаку хочацца цеплыні з косткамі, Котка цаляе ў тамтэйшыя каралевы, а ў Пацука і выбару няма – ён мусіць слугаваць Котцы (а раптам яна і напраўду сапрэцца ў тую краіну і дасць Пацуку спакою?). Ёсць яшчэ Хлопчык з Дзяўчынкаю, брат з сястрою, на якіх ускладзены самы просталінейна-правільны, але і самы чалавечы ўчынак спектакля: каб Брык і Шуся паспелі за сонцам, дзеці аддаюць ім самакат, бацькаў падарунак, за які толькі што біліся-душыліся...
Чалавечыя дачыненні навакольнага свету драматург празрыста і нібыта наіўна праецыруе на казачны. У ім, далікатным, крохкім, аказваецца, ёсць недавер, падман, здрада! (Яшчэ б не было – з чаго ж тады ўтвараць канфлікт, рухавік любога дзеяння?) І самота. Ды такая, што ў пошуках краіны вечнага лета сцэну і залу працінае адзіная скразная тэма пошукаў сябра, які патрэбны дзецям і дарослым усіх узростаў. Сябра знаходзіць кожны персанаж, праўда, не толькі па шчырасці, але і па разліку. Гэтыя пошукі не пакідаюць месца для выігрышнага, кідкага змагання “бабра з аслом” (дабра са злом, перапрашаю), затое ва ўсіх без выключэння персанажаў ёсць уласны ўнутраны канфлікт і яго развязанне відавочна рухае дзеянне.

Жана Лашкевіч
Фота Валянціна Хасяневіча

Працяг будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий