28.11.2010

Сон пра летнюю ноч (працяг)

Драматург глядзіць на сваіх персанажаў з усмешкай. Усмешка рэжысёра надае ім трошкі добрай іроніі: Ягор Лёгкін вымагае выканання не побытавага, а крыху адцягненага, нібы прыўзнятага на дыбачках, каб з гэтай вышыні выканаўцу можна было зірнуць на самога сябе, пераўвасобленага. Каб зала, аднойчы ўгледзеўшы, пільнавала гэтыя зрухі-позіркі ды ў нейкі сакрэтны момант краналася аж да суперажывання. (Толькі не тры кабеты, якія проста на прэм’еры не змоўклі ні на хвіліну, абмяркоўваючы свае вытворчыя школьныя непаразуменні ). Каб панавала атмасфера святочнага восеньскага... адыходу, заахвочаная мастаком Андрэем Меранковым і падтрыманая музыкай Леаніда Паўлёнка, лідэра Маланкі Аркестра, – атмасфера... старых савецкіх мультфільмаў – добрых, лепшых, на ўсе часы і глядацкія пакаленні. Рэдкі выпадак!



...Пасярод пляцоўкі – адмысловае карункавае дрэва з жоўтым лісцем, асталяванае на рухомай кружэлцы – дзіцячай каруселі. Да ягонае вершаліны Котка ды паркавая красуня Варона ўзнімаюцца па сходах, а сонца, рухаючыся, толькі што не чапляе абедзьвюх за каўняры. Як на дзіцячым малюнку. Павольнае пасоўванне сонца пазначае змены ў часе. Хуткае кружэнне каруселі імгненна выдае патрэбныя месцы дзеяння, узнёслы настрой рашучага пошуку лета змяняе на кашэчую змову або на дваровую дзіцячую сварку, а сустрэча з хлусам-Пацуком адным паваротам кола прымушае Брыка і Шусю да роспачна спяшацца... але за сонцам яны не паспяваюць і апынаюцца ў цемры. Такой страшнай цемры не збаіцца хіба той, хто ніколі не быў дзіцем. І Брык баіцца, але загадвае Шусі трымацца за ягоную руку. І стомленая, засмучоная, спалоханая Шуся называе Брыка разумным, дужым – дарослым...



Цяпер кожнае дзіця ведае, якімі мусяць быць ў казках каты, сабакі ды Чабурашкі, а з Брыкам і Шусяй зазналі клопату і рэжысёр, і мастак спектакля. Хто яны? Якія яны? Здаецца, гэтыя фантазійныя вобразы падказалі акцёрскія індывідуальнасці. Крохкай, танклявай рагатухай Шусяй, камячком пяшчоты і наіўнасці, вызначыліся Юлія Смірнова і Таццяна Чардынцава (дарэчы, абедзьве іграюць Дзюймовачку). Але ў рашучы момант гэты камячок сціскаецца так моцна, што здатны... ну калі не прабіць сцяну, дык разбіцца аб яе. Шуся з’явілася з кучы лісця лёгкай, нібыта паветранай істотай, таму атрымала светлы парычок, у якім заблыталася лісце, і строй, падобны на касцюм для фітнэсу з вызначанай паласатай таліяй ды воблачкамі цюлевых рукавоў, штонікаў й гетраў. Брыка ўсё адно як “змалявалі” з лепшых роляў Аляксандра Зелянко: унутрана рухомага, датклівага, безабароннага, са своеасаблівай супярэчлівай абаяльнасцю, якая з ролі ў роль можа мяняць “плюсы” на “мінусы” і наадварот. Кудлаты парычок з вушкамі-рожкамі, сіні камбінезон – напэўна, Брыку, які нарадзіўся вясной, падабаецца мімікраваць пад паркавых рабочых. Брык Аляксея Кірмуця мае іншую душэўную пабудову – не такую далікатную і гнуткую, але вызначаецца цікаўнасцю і своеасаблівай шчырай упэўненасцю. Характэрная адзнака Брыка і Шусі – наіўнае стаўленне да жыцця: у парку пагаршаецца надвор’е, і Шуся ўслед за Брыкам вырашае з гэтым... змагацца. А Брык, відаць, наслухаўся радыё на паркавых слупах...

Жана Лашкевіч

Заканчэнне будзе

Комментариев нет:

Отправить комментарий