20.03.2014

І моладзь не саступае

Нашто – вось тут во й зараз (прэм'ера адбылася ў лютым 2014) – Моладзеваму тэатру (Мінск) спатрэбілася камедыя Карла Гальдоні “Веер”, я адказаць не патраплю. Не сумная, але “бу-га-га” (паводле Мальера) не выклікае. Да таго, што нам моцна баліць сёння, не прастуе ані мастоў, ані кладак. Цнатлівую закаханасць сіньёра Эварыста, – ён праз яе пасаромеўся падарыць сваёй абранніцы цэлы веер замест зламанага, сербануўшы нягодаў ды турботаў –  узорам для пераймання не назавеш. А калі б не пасаромеўся і падарыў – п’есы б не было.

Славутага “Слугу двух гаспадароў” ды “Карчмарку” Гальдоні ствараў  у Венецыі, між поспехаў і скрутаў сваёй сцэнічнай рэформы ды ў баруканнях з Гоцы. У лепшую сваю часіну.  “Веер” (1763-1765) штукаваўся ў Парыжы, куды рэфарматар Карла з’ехаў у 1762 – далей ад венецыянскіх прыгодаў, бліжэй да мройных пераменаў. Як выявілася потым – да марных. І – назаўсёды.

...У тэксце “Веера” няма падтэксту. Але, магчыма, вабнай для сённяшняга ўвасаблення паўстае дасціпная выштукаванасць камедыйнай драматургіі – як сапраўднага механізму, якую славуты Джорджа Стрэлер параўнаў са швейцарскім гадзіннікам. (Праўда, спектакля не зрабіў.) “Веер” міжволі і не адзін раз ставаў іспытам на прафесійную маентнасць, вымагаючы перадусім акцёрскага ансамбля. А той, як вядома,  збіраецца па каліву,  ладзіцца доўга, аднаўляецца цяжка, – шмат у якіх рэпертуарных тэатрах. У Моладзевым таксама. Але дыхтоўная драматургія Гальдоні мабілізавала ягоны творчы арганізм.

... Драматургавы рэмаркі пра месца дзеяння да заняткі персанажаў увасобіліся ў варштат на тры паверхі, асталяваны на сцэне. Варштат паўстае відавочным увасабленнем сацыяльнай лесвіцы падпарадкавання ды заступніцтва-спрыяння, пра якое па-французку скажам  – le patronage, а па-руску –  покровительство. У цэнтры, натуральна, Граф ды Барон. Яны трымаюць іерархію і месцы (без якіх ані шэлегу не вартыя, але ж ім нават шэлегаў бракуе!). Граф, як аматар чытання і патрон наваколля, хутка і задаволена фармулюе: “Мы, людзі заможныя, мусім бескарысліва дапамагаць адно аднаму!” Побач – упадабанак пляменніцы Кандзіды сеньёр Эварыста (Канстанцін Міхаленка); Кандзіда разам цётухнай Джертрудай (Раіса Сідорчык), як прыўкрасны пол, месціцца вышэй.  Гэта да пляменніцы звернецца пляткарка Сузаны ў выкананні Наталлі Падвіцкай (яна не толькі прадала веер сеньёру Эварысту і падгледзела, каму ён гэты веер перадаў, але і выснавала з гэтага зваду!): “Мы, сумленныя дзяўчаты, мусім бескарысліва дапамагаць адна адной!”. (То бок страчаная сумленнасць паўстане гострым аскепкам высакароднае пыхі.) На авансцэне –  сялянка Джаніна (гэта на яе скіруе сваю рэўнасць-паздрослівасць Кандзіда), слугі, майстры ды безназоўныя “чорныя плашчы” ў масках-баўтах на пару з паненкамі. Іхнія танцы ды пластычныя дзеянні падрахоўваюць кожную сцэну і робяцца камертонам-уступам да наступнай (балетмайстар – Дзіяна Юрчанка).

Падрабязнасці побыту са сцэны прыбраныя. Затое ў наяўнасці так званы восевы прадмет – веер, вакол якога сумленна круцяцца ўсё персанажы. Знакавая сутнасць гэтае рэчы зацерлася, згубілася з цягам часу. Яго можна інтэрпрэтаваць як чароўны кіёчак (прадмет), можна нават памяняць – хоць на гаманец, хоць на капялюш (як у Эжэна Лабіша, напрыклад), бо ніякія асаблівыя ўласцівасці веера не ўплываюць на дзеянне і персанажаў. У спектаклі чырвоны з золатам веер, які вандруе па руках, кішэнях ды запазухах выканаўцаў    яркая пазначка інтрыгі.

Пакуль выразным рэчытатывам цягнецца экспазіцыя, гэткая запаволеная опера на драматычнай сцэне, парадак сцэнічнага свету прыгожа змацаваны (мізансцэнічна).  Персанажы  прадстаўляюць адно аднаго, вызначаюцца ў занятках ды намерах, а сеньёра Кандзіда млява выпускаез рук веер і ён ламаецца. Сеньёр Эварыста асцярожна падыме ўломак і... завіруе імклівае дзеянне, якому гледачы на прэм’еры не паспявалі  апладзіраваць: з гэткай імклівасцю трымай вуха востра, каб хоць не заблытацца ў тым, хто кім каму даводзіцца і што каму з гэтага даводу будзе!

Маладыя ўсіх саслоўяў спрытна пакідаюць свае месцы, лётаюць, слізгаюць, пырхаюць па сходах ды драбінах;  людзі ў веку – Граф ды Барон – доўга трымаюцца за сваё (месца, перакананне, жаданне); кабеты у роспачы ды скрусе апынаюцца на адной прыступцы, а паненка-гераіня ды гандлярка, агорнутыя прыкрасцю і занятыя выкрыццём героя, рухаюцца сінхронна, аднолькава ўздымаючы рукі ўгору і падбіраючы спадніцы.

Далікатнай, але ўлоўнай іроніяй прасякнуты спектакль рэжысёра Уладзміра Савіцкага. Ён адхіліў імправізацыі, скараціў сцэны і тэкст, але праз гэта не пацярпеў ні Гальдоні, ні сэнс спектакля. Персанажы  апантана падглядаюць, падслухваюць, пляткараць, крыўдзяцца, блытаюць і блытаюцца.  Іхняе  багатае ўяўленне не заўжды ладзіць з рэчаіснасцю, брак інфармацыі змушае дадумваць, памыляцца і прымаць пажаданае за існае... Напрыклад (паводле драматурга) Графу замінаюць чытаць  і ён накідваецца то на шаўца, то на карчмара, маўляў, годзе грукаць ды бразгаць! Тыя апраўдваюцца неабходнасцю, але магчымасці грукаць ды бразгаць іх пазбавіў рэжысёр. Няйначай разлікі ды звады замінаюць графскаму чытанню...

Так, артыстам яшчэ бракуе наіўнае веры ў гульню, якая дапускае вокамгненную перамену настрояў, перакананняў, прынцыпаў, смешную дзівакаватую ўпартасць, якая прагне ўсё падначаліць, перападначаліць і перарабіць на свой капыл; бракуе лёгкасці пасоўвання “на цырлах” – прыўзнята-камедыйна, амаль балетна. Не так хутка і выбухова, як вымагае Гальдоні,  дасягаюць належнага градусу сцэнічныя жарсці.  Але ў сцэнах, дзе моладзь не саступае этыкету і правілам, рэжысёр вылучае добрыя пачуцці і здаровы розум. Вылучае ненавязліва і пераможна – яны бяруць верх. Не разлік або выгода, а добрыя пачуцці і здаровы розум персанажаў вядуць рэй у спектаклі Моладзевага тэатра!

...Я там штосьці сцвярджала пра масты і кладкі, якія ад Гальдоні да нас не дацягваюцца? Ат! Я памылялася.

Жана Лашкевіч




Комментариев нет:

Отправить комментарий