06.05.2014

ХТО ЗАБІЎ?..


 Спектакль "Прысвячэнне Ялце" паводле Іосіфа Бродскага  пачалі рыхтаваць у лістападзе 2013 (Новы тэатр, Мінск), і, пакуль рыхтавалі, ён спраўджваўсяу Ялце, наяве, у нейкім недарэчным  збегу падзей і абставін, якія крок па кроку выдавалі на тэатр іншага віду і зместу – ваенных дзеянняў.

"Прысвячаю Крыму",  рэзюмавала назовам сёлетняй сакавіцкай прэм’еры рэжысёр спектакля Віргінія Тарнаўскайтэ.

Пра падобную метамарфозу ў Бродскага сказана, што "..в наши дни /не только ложь, но и простая правда / нуждается в солидных подтвержденьях /и доводах… И как ребенок, распатронив куклу, / рыдает, обнаружив в ней труху, / так подоплеку тех или иных /событий мы обычно принимаем / за самые событья". Пакуль тыя падзеі зробяцца відавочнымі, бясслоўны музыка на бас-гітары дасціпна дэманструе “подоплёку” утрымання тэмпа-рытму спектакля і ўтварэння атмасферы агульнай стурбаванасці…

На тэатральную тэрыторыю, дзе вядуць рэй суверэнная песня і танец (уявіце вечарыну ў мясцовым стылі) урываецца нехта ў камуфляжы й балаклаве (вязанай чорнай масцы з дзіркамі для роту і вачэй), дае кухталя музыку, і мала таго, што псуе песню, дураньДзейнічаючы спрытна, абазнана і, галоўнае, моўчкі, ён спраўджвае пралог спектакля: як дзіця, дападае да лялькі з пацярухай... Да бутафорскай муміі, ніяк не прыкрытай і не схаванай, а знарок асталяванай па цэнтры тэатральнай пляцоўкі і адмыслова падсветленай... Сумысна, урочыста –  для тых гледачоў, чыя эмацыйная памяць не  патрапіла азвацца імгненна. Да сакрэту (Полішынеля), які вымагае пэўнай працэдуры звароту, нейкіх абумоўленых дзеянняў – як тэатральным законам, так і крымінальным. Гэта значыць, патрабуе растлумачыць прызначэнне прадмету, які вылучыўся на грамадскія вочы… э-э-э… неяк недарэчна. Вуснамі і тэкстамі сваіх персанажаў прызначэнне возьмецца тлумачыць артыстка Кацярына Ермаловіч, занятая ва ўсіх шасці ролях спектакля і, трэба заўважыць, растлумачыць пераканаўча.
...Нехта знойдзены мёртвым. У наяўнасці – адзнакі гвалтоўнае смерці (забойства). З гэтай нагоды ўчыняецца допыт чатырох персанажаў-сведак  – дакладна паводле  тэксту Бродскага, ніводзін радок не зменены і не скарочаны. Сцэны-маналогі персанажаў іграюцца і адначасова адыгрываюцца  праз фізічныя дзеянні ды інтанацыйную афарбоўку, – так што калі не высветленай, дык цалкам  вытлумачальнай робіцца і асоба следчага. Сведак ён зневажае (Шахматыста), гвалтуе (Жанчыну), запалохвае (Хлопчыка), а каб націснуць на чалавека моцнага і загартаванага, можа выявіць і некаторую павагу а Афіцэра, бацькі Хлопчыка).

З пластыкі вершаў, з сумяшчэння прыкметаў і рэчаў асяжных гістарычных часоў, са строяў і ўбораў персанажаў, мовім так, напластоўваецца выяўленчы  шэраг спектакля, воляю рэжысёра і абыходжаннем артысткі – паслядоўна іранічны, да шаржу і... агіды. "Культурнымі напластаваннямі" на сцэне грувасціцца вайсковая форма, зброя, прылады свідравання і збіцця, жаночы туфлік, ліхтары, бутэлькі

Жывых  персанажаў дапытваюць, а мумію цягаюць з месца на месца, падвешваюць, збіваюць, абдымаюць, ўскрываюць ёй галаву  і целабез толку для следства выяўляючы мноства злачынстваў і здрадаў, зусім маленечкіх і трошкі большых. Аповеды сведак анічога не тлумачаць. Хіба тое, што падставы для забойства былі ў кожнага. Для забітага, у прынцыпе,  яны не важныя. Дый допыт ў спыненым крымскім часе дзеецца фармальна і цапом-лапом. Факт з’яўлення забітага (чытайце – муміі) альбо акт забойства (чытайце – колішняй муміфікацыі) ні сведак, ні ўяўнага следчага не дзівіць, хіба нярвуе і страшыць… Праўды ўяўны следчы не прагне.  Да фіналу і ўцёкаў яго падганяе не толькі тэмпа-рытм і логіка вершаў Бродскага: ад рэжысёра ён чуў аб праклёне муміі. Праклён ўпадзе на кожнага, хто яе патрывожыў

Крымская мумія на месцы забітага з паэмы чарговая іронія рэжысёра, іронія бязлітасная. У аглядным дзесяцігоддзі твор Бродскага неаднаразова ставілі ў Расіі (з рознай доляй поспеху),  але ў сакавіку 2014 прывітанне ад паэта ўзору 1969  (часу напісання паэмы) пашыраецца да іранічнага салютавання з 1950-х, 1900-х,1800-х, 1700-х  – чытайце, захопаў і далучэнняў Крыму ў асяжнай гісторыі. Узнёслы паэтычны тэатр Віргініі Тарнаўскайтэ брыняе злобай дня і траха не пераўвасабляецца ў тэатр дакументу, бо ўсе персанажы на сцэнічнай пляцоўцы спатыкаюцца на ўвасобленую мумію ганьбы мінулага. Па іроніі агульнага лёсу шматлікіх мумій – яна выдатна захавалася  праз многія спробы  добрых людзей схаваць яе і перахаваць. Мумія – гэта і ўвасабленне наступстваў канфлікту, які будзе доўга расследвацца, каб знайсці вінаватых, але вінаватыя усё, а гэта значыць ніхто...

У спектаклі мумію змяшае з смеццем і вынесе прэч не прызначаны законнік следчы, а простая грамадзянка прыбіральніца, наводзячы жаданы парадак не паводле пратаколу і працэдуры, а паводле здаровага розуму і неабходнасці. Яна і данясе да суграмадзян следчыя паперы, што паспелі да часу ўцёкаў змяшацца з смеццем. Яна і перачытае выкінутыя сведчанні, яна  і здагадаецца, хто забіў…

Бо забіў якраз той, у каго няма падставы да забойства.  Каму проста – загадалі, хто проста выканаў загад.

А хто загадаў – ўяўнаму следчаму не ў рахубу. Ён хутка пакідае Крым.

Жана Лашкевіч

2 комментария:

  1. Так спектакль-та выйдзе?! Жадаю паглядзець.

    ОтветитьУдалить
  2. Наталля, "Новы тэатр" - мінскі, прэм'ера адбылася, спектакль паспяхова з'ездзіў на фестываль монаспектакляў у Каўнас. Цяпер трэба пільнаваць афішу Новага тэатра.

    ОтветитьУдалить