20.03.2014

Перспектыва па-за канцэпцыяй

“Лялькі над Нёманам” святкавалі ў Гродне з нагоды адкрыцця будынку Абласнога тэатра лялек пасля рэстаўрацыі.  Іх падтрымаў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт  і сябры з розных краін. З 10 да 13 мая 2013 года сябры бяскоштава (безганарарна)  паказалі дванаццать спектакляў, зладзіўшы адметнае свята-фэст.


"Поўня Сальеры"
Крохкая лялечная святочнасць сыходзіла ад самога тэатра Тызенгаўза, ад парку Жылібера і таго, што пакінуў па сабе час у гарадскіх пагалосках пра будынак ды месца. Вабіла гасціннасць, з якой прымалі ў тэатры: згуртаванасць і вывучка  тэатральных службоўцаў на чале з Марыяй Шабашовай, прыязнасць артыстаў трупы на чале з Алегам Жугждам. Фэст паўставаў як чароўная скрынка з сакрэтамі-спектаклямі, – тыя хаваліся ў кожнай шуфлядзе, выйме ды адтуліне. Іх суправаджалі загадкавыя прылады й прыстасовы, бездані “чорных кабінетаў”, рухомыя цені на шырмах, фокусы пераўтварэнняў і такая музыка, без якой тэатральнай таямніцы па-просту не існуе...
Асаблівасць паловы пастановак палягала ў тым, што іхнія рэжысёры самі ў сябе выступілі драматургамі.  Нават там, дзе пэўна значылася прозвішча ”М.Гогаль” пашчыраваў рэжысёр – Віктар Клімчук, галоўны рэжысёр Беларускага тэатра “Лялька” з Віцебска...

 ... Якраз таго тэатра, які суправаджае поспех. “Нататкі вар’ята” – вечаровы спектакль для публікі, якую не адзін год вабілі ды выхоўвалі.  У выкананні артыстаў – тых  таксама выхоўвалі, а часам і гадавалі.

Мастакі Сідаравы знайшлі адпаведную прыкмету вар’ятні – металічныя сценкі з адтулінамі. Сценкі сыходзіліся ў кут, дзе мусіў абжывацца Папрышчын. Дачыненні персанажаў асталёўваліся праз аб’екты, прадметы і размаітых лялек (розных канструкцый). Зялёны камбінезон Папрышчына кантраставаў з пышным бела-ружовым убраннем начальніцкай дачкі, якая першы раз выходзіла на пуантах, а другі – на ролікавых каньках. Мітусіліся хвацкія чыноўнікі, альбо – дактары-садысты, альбо персоны инфернальныя ў іншых сцэнах. Часам лялькі выяўлялі душы. Часам – сабак. Часам звар’яцелы Папрышчын пластычна качаўся па падлозе, еў паперу і ўпадаў за дачкою начальніка...  Але дзеянню, гучнаму і яркаму, бракавала... развіцця? Глыбіні?  Сэнсу. Папрышчын, ён жа не вар’ят, праўда? Сучасныя псіхолагі гэта пацвердзілі нават у Вікіпедыі, што значыць – публічна. Знаны літаратуразнаўца Юры Лотман знайшоў сувязь “Нататак вар’ята” з... лубком: Папрышчын збіваецца з тропу праз газеты,  газетныя глупствы, якія вельмі ўпадабалі творцы лубочных выяваў (яны, дарэчы, часцяком і спасылаліся на газеты). Толькі ад сабак (не абы-якія персанажы “Нататак...”) можна пачуць праўдзівыя словы... Гісторыя дае падставу для моцнага рэжысёрскага замаху... аніяк не адмаўляючы ролю драматурга. А з ёю асвойтацца не так проста, што пацвердзіў сваім сцэнічным вопытам  Віктар Клімчук.

Спектакль “Чароўны пэндзаль” Магілёўскага абласнога тэатра лялек, – ранішні альбо дзённы, паспеў зрабіцца лаўрэатам ІІ Нацыянальнай прэміі ў намінацыі “Лепшы спектакль для дзяцей”. Перадусім рэжысёр спектакля  Ігар Казакоў (галоўны рэжысёр тэатра) папрацаваў з маладым драматургам Алесяй Сабелай. Іх супольны драматургічны план займеў жанравае вызначэнне  “музычная казка-размалёўка”,  адметную музыку Святланы Залескай-Бень і адпаведнае вырашэнне мастачкі Таццяны Нерсісян. Адмысловыя белыя планшэты з прарэзамі ўтварылі і шырму, і заднік-аркуш для малявання з дапамогай кампутарнай графікі. Цэлы фільм змастачылі, каб падтрымаць персанажаў “жывога плану” і пляскатых лялечак на шпянях. Лялечкі, у сваю чаргу,  стылізаваныя пад дзіцячыя малюнкі і ўвасабляюць персанажаў спектакля ў маляванай краіне, дзе атайбаваўся кароль-самазванец з нядобрым намерам панішчыць колеры і ўсё зрабіць шэра-чорным!

...Але лялечка-дзяўчынка згубілася на тле чырвонай сукенкі галоўнай гераіні, дзяўчынкі-мастачкі з чароўнымі фарбамі... а тая манерамі і пластыкай выдала на цётухну-травесці... а сяброўка-Мышка, яна самая – Чырвоная фарба, старанна правіскатала ўсе рэплікі... а да караля звярталіся “ваша высокасць”, як да прынца... а ягонае пераўтварэнне ў мастака аніяк не мацавала папярэдняе развіццё падзей... а персанажы-фарбы, па-сутнасці, былі аднолькавыя, толькі колерам касцюмаў і вызначаліся... Надаць размалёўцы аб’ёму мог бы чароўны пэндзаль драматурга, але ягоная роля сталася эпізадычнай...

Літоўскія лялечнікі так паслядоўна цярэбяць свае шляхі ў тэатральнай прасторы, што нават фестывальныя спектаклі склаліся з аповедаў пра пошукі й дарогі; да ўсяго казкі Панявежскага тэатра лялек на колах  і вільнюскага тэатра “Леле” па-просту... распавялі. Апавядальнікі. Але сцэнічнае ўвасабленне простых аповедаў вымагла канструктыўных мастакоўскіх вырашэнняў – таксама ў простым сэнсе слова. Панявежская канструкцыя ўяўляла сабой рарытэтны інструмент з клавіятурай, які вымагаў адпаведнага абыходжання цалюткага Прафесара! На пару з Апавядальніцай ён граў то літаральна, то ў пераносным сэнсе – казку “Пернікавы дамок” паводле братоў Грым.


"Пернікавы дамок"
Пераказ прыгодаў брата і сястры ў вядзьмарчыным дамку заняў хвілін дзесяць, таму асноўныя падзеі драматург і рэжысёр Алена Барысава засяродзіла вакол каштоўнага інструменту, які Прафесар і Апавядальніца-экскурсавод баяліся папсаваць, але псавалі. І рапаравалі. І патрошкі міжсобку сварыліся: іх побытавы канфлікт пераважаў казачны, а галоўнай дзейнай асобай спектакля рабіўся... інструмент. З усімі клавішамі, педалямі ды ручкамі, якія напіналі панарамныя выявы экстэр’ераў; са скрынямі і засланкамі, дзе знаходзіліся выштукаваныя інтэр’еры і лялькі. І цягам мацавання глядацкай мары (інструмент памацаць-пакратаць-хоць як зачапіць)  канфлікт паціху соваўся –  між сцэнай і залаю...

Лялечны тэатр з Паневяжысу, экзатычна перанесены ў вазок з коньмі, існуе, так бы мовіць, ў паходна-палявым становішчы. Ён перадусім асветны і хатні, а ягоныя спектаклі разлічаны на самае невялікае кола гледачоў. Ён сам – як той каштоўны інструмент, які можна сапсаваць – недакладным дзеяннем і нятрапным словам...  


"Залатая яблынька, вінны калодзеж"
Рэжысёр літоўскага тэатра “Леле” Рымас Дрэжыс таксама выступіў драматургам свайго спектакля “Залатая яблынька, вінны калодзеж” (у тым сэнсе, што ў калодзежы віно), узяўшы пад увагу тое, што гледачы добра знаёмыя з казкай і ўласна казачных падзей хопіць на хвіліны сцэнічнага часу. Таму асоба Апавядальніцы ў ягоным вырашэнні займела якасна інакшую ролю: прычыны падзей спектакля яна далікатна праецыравала на аўдыторыю, выклікала эмоцыі, заахвочвала пачуцці... Пад расповед пра мачаху з дочкамі, падчарку, кароўку і харашмянага караля на коніку дзеянне рухалася ў тэмпа-рытме... калаўроту, на які накручваюць калодзежны ланцуг. Чаргаваліся панарамы і чароўны ліхтар, дыярамы і тэатр ценяў, механічныя прыстасовы з мексіканскай драбінай Якаба (яна стварае ўяўленне пад’ёму і спуску)... Шматлікі тэатральны арсенал старасвеччыны выклаў мастак Марус Йануціс на вочы публікі (свайго роду каштоўны інструмент!), старанна падабраны і аздоблены (усім тэатрам фарбавалі паводле ягоных эскізаў). Спагадзя “аджывала” галоўная лялечная шырма-экран,  дзе чаргаваліся сцэны лялечныя і анімацыйныя (кампутарная графіка Альгімантаса Дрэжыса). Нават сукенка Апявядальніцы – зялёны луг з дамком пры гаёчку ды воблачкі –  ўтварала дасціпны рухомы заднік, варта было актрысе Эльвіры Пішкінайтэ ўзяць ляльку-забаўку ў рукі.  Лялечніцы не бракавала майстэрства абазнанай  драматычнай артысткі, а лялькам, стылізаваным  пад старасвецкія цацкі, пяшчотных  і артыстычных дотыкаў яе спрытных  рук, якое на прафесійнай мове называюць “ высокай культурай выканання”. Лепшая рэжысура, лепшая работа мастака і лепшая жаночая роля гарадзенскага фэсту вызначыліся ў “Залатой яблыньцы...”.

А лепшы фестывальны ансамбль – Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек – згуртаваўся  “Па дарозе да сонца”: п’есу і пастаноўку спраўдзіў рэжысёр Барыс Канстанцінаў. Амаль без тэксту, з шэрагам знакаў, метафарычных пераўтварэнняў і ў адметнай музычнай форме.

...Жыве сабе скрыпач пад вакзальным мостам мастака Віктара Антонава. Грае музыку Дзяніса Шадрына, марыць, дрэнчыцца, чакае (так, што нават дождж да яго прыслухваецца і ліхтар не застаецца абыякавым), узіраецца ў чыгунку... А цягнічкі бягуць-бягуць, то зусім далёка, то бліжэй. І аднойчы спыняюцца ля скрыпача, і  перакідаюцца вандроўным цыркам, дзе лялечныя насельнікі штукуюць нумары-эпізоды – пра чалавека, ягонае атачэнне і дачыненні. Назіраць за імі смешна, прыкра, журботна. Але праз іх скрыпач  гартуе волю, каб парушыць зацягнутае падмоставае існаванне. Цыркавыя артысты разварушылі ягоныя пачуцці, нагадалі дзяцінства і чаканне шчасця.  У фінале “шчасце” кліча скрыпача за сабой і выскоквае з “чорнага кабінету” – усе артысты, занятыя ў спектаклі, з’яўляюцца на сцэне і трымаюць “апазнавальныя знакі” сваіх персанажаў – гармонік, філіжанку кавы, сцяжок... На фестывальным паказе з імі выходзіў Алег Жугжда, бо па дарозе да гарадзенскага сонца адзін з выканаўцаў пашкодзіў нагу і яго давялося замяніць (балазе, без тэксту і “без аблічча”, у чорным строі). Адметная праява прафесійнай падтрымкі!

На баль і па скарбы выпраўляліся знаны варшаўскі “Гулівер” і Тэатр лялькі і актора з Ломжы , адпаведна з “Невядомымі прыгодамі Аладзіна” Ібрагіма Шавоха і з “Папялушкаю” Яна Бжэхвы.  Рэжысёры Яўген Ібрагімаў і Яраслаў Антанюк  ладзілі відовішчы падрабязныя, фантазійныя, больш (усходняя казка) і менш (заходняя казка) шчыльна населеныя, больш (пад усходні вулічны тэатр) і менш (пад тэатр моды) удала стылізаваныя. “Папялушцы” моцна дапамагла музыка Багдана Шчапаньскага – падтрымала тэмпа-рытм дзеяння, акцёрскае існаванне ў ролях  і надала сэнсу падзеям ( за што кампазітар і быў адзначаны як лепшы). Беластоцкі тэатр лялек адважыўся на харэаграфічныя выпрабаванні: для ўвасаблення  кампазіцыя Раберта Драбнюха “Мікракосмас”  нават паяднаўся з Падляскай асацыяцыяй харэаграфіі. Досціп рэжысёра Караліны Гарбацік палягаў у тым, што дачыненні жамярынак у нас пад нагамі падобныя на чалавечыя (прырода канфлікту!). Артысты ўзброіліся  адмысловым рыштункам, свядома ператварыўшыся ў падабенства лялек...  і ўдзельнікаў сучаснай харэаграфічнай пастаноўкі. Некаторыя пераўтварэнні (напрыклад, у павука на паляванні, сабранага са шатлікіх металічных “ног”) выклікалі не толькі цікаўнасць, але і шчырае захапленне залы.

Сапраўднай “скрынкай з сакрэтам” сталася  “Лясная песня” Лесі Украінкі Закарпацкага абласнога тэатра лялек “Баўка”, якую  спраўдзіў  рэжысёр Алег Жугжда. Перадусім – паадкідаўшы шалупінне шматлікіх  трактовак у фальклорным рэчышчы.

...Дзесьці на зломе эпох ды эстэтык кампанія выканаўцаў  бавіцца ў ратондзе за раялем: абазнаныя эстэты захапляюцца фальклорам і ўцягваюцца ў нейкае дзейства “з паганскімі матывамі”. Дзейства маляўніча падтрымлівае вянок  з ламачча  і палосы празрыстых белых вэлюмаў (яны ўтвараюць ратонду); вянок і раяль робяцця месцамі для выступу лялек. Моцных, драўляных, разьбяных –  сялянскіх, мужчынскіх. Стылізваных пад керамічныя збаны з накруткамі-галовамі – сялянскіх жаночых. Далікатных, лёгкіх, на кіёчках – інфернальных...  Лялькі – нагода для чалавечых гульняў, магчымасць выказацца і паразумецца нарэшце.

Здаецца, са сцэны вось-вось заструменіць энергія нейкіх першасных пачуццяў, пакліканая мужчынскай моцай і жаночай вабнасцю. Гульцы і зала ўжо паяднаныя, ужо захопленыя гульнёй і тэкстам; ў нейкі момант лялькі мусяць закіраваць лялечнікамі і паказаць характары, імкнучы да мэтаў. І...  не здараецца. Напал не набірае належнага градусу! Дзеянне правісае і канае, эмоцыі гразнуць... нібыта пад ногі артыстам паслалі стомленасць.  І  на першым плане апынаюцца  невыразныя лялькі і псеўдарамантычныя строі артыстаў,  мяшчанскія талеркі, якія гучна прыбівала да раялю адна з гераінь, мусовае жняярства сярпом па раяльных струнах, калядныя лямпачкі ў цернях вянка, паадкручаныя лялечныя галовы – яны ўжываюцца як кілішкі для гарэлкі...

Фінал відовішча так прыцьмеў... так адкаснуўся ад настраёвага, пачуццёвага пачатку, што на цэлую хвіліну паўстала развага на тэму “а ці варта было вырашаць такі матэрыял праз лялькі?”! Адказ – варта. Бо – вырашана! Але моцны рэжысёрскі замах перахапіла і згасіла  ўвасабленне. Альбо няўдалы паказ?..

Балазе, прывід пытання “а да чаго ў спектаклі лялькі?” больш не паўстаў. А лялечнае ўвасабленне маленькай трагедыі “Моцарт і Сальеры” падалося і зусім беззаганным...  Лялечнае прачытанне класічнай гісторыі Пушкіна ў Брэсцкім тэатры лялек належыць расійскаму рэжысёру Руслану Кудашову і названа “Поўняй Сальеры”.

Спектакль і напраўду ззяе халодным святлом поўні. Поўняў. Бо ў іншасвеце, куды перанесена дзеянне, поўня ў кожнага свая, асабістая: яна з’яўляецца і несупакоеныя душы адгукаюцца на з’яўленне.  Поўня Сальеры гарантуе яму асабістае пекла, і той безліч разоў перажывае сваё злачынства. Якое пачуццё так зацята абуджае ў Сальеры поўня? Няўжо зайздрасць? І няўжо зайздрасць здатная перакідацца тым ланцугом, які не перагрызе аніякая іржа забыцця?  

Для ўвасабленя сваёй нечаканай і бліскучай задумы Руслан Кудашоў  скарыстаў  сродкі выключна тэатральныя і выключна лялечныя; аніводнага радка з Пушкіна не дастаў. Пра музыку “двух сыноў гармоніі” у спектаклі рупіўся Уладзімір Бычкоўскі, пра сцэнаграфію і лялькі – Андрэй Запарожскі і Аляўціна Торык.  Нават Ізора,  памянёная Пушкіным як дарца яду,  увасоблена ў спектаклі – як Муза. На запыты творцаў яна адгукаецца адпаведна: аднаму – Рэквіем, другому – атруту.  Муза вольная. І летуценны Моцарт – вольны.  Адляцець, вярнуцца, даць палёгку сябру Сальеры. Праз Моцарта  злачынца марыць (і яшчэ  можа!) вызваліцца ды спачыць. Але пачварны Дэман пільнуе злачынства.  Трэцім стаіць пры сябрах у “Залатым ільве”. Цяжка распроствае крылы і мяняецца з твару...


Захапляе не толькі адметны фокус з тварам Дэмана. Лялечныя ручкі перадаюць садавіну і атруту, перасоўваюць рэчы, даюць поўхі.  Сем артыстаў віртуозна кіруюць чатырма лялькамі, дажджом, віхурамі з пяску, ліставеем, палётам поўні Сальеры і адлётам (адплывам?) Моцарта з Музай на велічнай рыбіне; Зміцер Нуянзін і Раман Пархач падтрымліваюць пушкінскі дыялог за Сальеры і Моцарта...  “Поўня Сальеры” атрымала гран-пры свята-фэсту “Лялькі над Нёманам”.

... Пры канцы патрабуюцца высновы. Вось яны. Фестывальны праект гарадзенскіх лялечнікаў толькі распачаты, а ліштва конкурсу ўзнята высока. Адмысловай канцэпцыі для прафесійных сяброўскіх сустрэч лялечнікі не шукаюць: якое ж сяброўства паводле канцэпцыі ? Лялечнікам як нікому  іншаму заўжды рупяць дзеці і сямейныя прагляды; фестываль – не выключэнне. Лялечнікі лёгкія на пад’ём, едзяць па свеце, вучацца адзін у аднаго і не цураюцца не-лялечных мастацтваў. Другая Нацянальная прэмія, здабытая Алегам Жугждам у чатырох намінацых, вокамгненна давяла, што лялечнікі – народ вельмі перспектыўны, а для перспектывы хіба можна скупяндзіць?

Жана Лашкевіч

Варыянт артыкулу апублікаваны ў  часопісе "Мастацтва" у ліпені 2013 года
http://kimpress.by/

Комментариев нет:

Отправить комментарий