18.11.2011

Прэміяльная драма

С 4 па 10 кастрычніка Нацыянальную тэатральную прэмію Рэспублікі Беларусь аспрэчвалі дванаццаць спектакляў: музычныя тэатры супернічалі з лялечнымі, лялечныя – з драматычнымі; спектаклі балетныя, пластычныя, антрэпрызныя і для дзяцей у імпрэзе не ўдзельнічалі; кожны тэатральны калектыў вылучаў на прэмію спектакль са свайго рэпертуару – меркавалася, што найлепшы; сто дванаццаць чалавек працавалі ў журы Беларускай тэатральнай акадэміі.Імпрэзы адбываліся ў Мінску.

...Лялечны баль не склаў канкурэнцыю опернаму хору, драматычныя артысты не вызначылі стаўлення да аб’ектаў, прадстаўнік міністэрства культуры адмыслова тлумачыў, што намінацыя “лепшае музычнае афармленне спектакля” не датычыла ўласна музычнага спектакля, за што яму і дзякуй вялікі. Конь і трапяткая лань у адны калёсы не запрагаліся: відавыя правілы тэатральнага мастацтва заставаліся непарушнымі, дый законы відаў мастацтва збольшага – на сваіх пазіцыях. А тое, што пераможцамі адначасова зрабіліся спектаклі оперны і драматычны (“Набука” Дж.Вердзі ды “Не мой” А.Адамовіча) можна лічыць загадкавай “гульнёй любові й выпадку”...

Паказальна, што лепшым рэжысёрам тэатральная акадэмія назвала Аляксея Ляляўскага за спектакль “Драй швэстэрн” (“Тры сястры” паводле А.Чэхава), дзе шматкроць прасякаюцца, далучаюцца, яднаюцца ўсе чыннікі і складнікі спектакля, прадметныя і акцёрскія; так , што ўзнікае нейкая асаблівая матэрыя, з якой творыцца тэатральнае дзейства, а хрэстаматыйная п’еса перакідацца чароўнай незнаёмкай і ў шчыльным тэатральным асяроддзі вядзе рэй інтэлект. Думанне. Мысленне. Заразлівы занятак, якім спакушаюць гледача ў добрым тэатры.



... Чатырох оперных зорак сабраў драматург Рональд Харвуд у пансіянат для асоб сталага веку: яны мусяць паразумецца на падставе агульнага мінулага. Але існае паразуменне абяцае толькі будучыня, гэта значыць, агульная справа – падрыхтоўка квартэту з “Рыгалета”. Чатырох дыхтоўных акцёраў з адметным досведам сабраў рэжысёр Рыд Таліпаў у сваім апошнім спектаклі “Квартэт” . Пятую ролю ў гэтай кранальнай камедыі мусіла адыграць музыка Вердзі: яе прысутнасць вымагала ансамбля і спраўджанага жыцця ў мастацтве. Музыка не схібіла і апынулася на першых ролях, бо квартэт знаных коласаўцаў ўвесь час раскідаўся... Збіваўся. Пераважна на рэчытатыў.
Праз колькі дзён нешта падобнае адбіла “Магічнае люстра пана Твардоўскага” драматурга Сяргея Кавалёва: лялечны спектакль з Гродна літаральна губляўся на сцэнічных абшарах Нацыянальнага рускага тэатра Беларусі. Ягоная містыка й метафары біліся на аскепкі, фіналы і часавыя прасторы сыходзілі сцэнічным дымам, рэплікі як быццам страчвалі сэнс, а лялькі адмаўлялі сваё сцэнічнае першынство. Будова спектакля гойдалася і паволі хілілася, рызыкуючы абрынуцца...

Што гэта было? Недарэчнасць? Чужыя сцены і пляцоўкі? Брак часу на падрыхтоўку? Час, калі тэатральны арганізм настроены на адпачынак (спектаклі іграліся ў пятнаццаць і шаснаццаць гадзін)? Крывое вока?

... А чыё вока разгледзела класічныя традыцыі сапраўднага акадэмічнага тэатра (цытата з буклета Нацыянальнай тэатральнай прэміі) ў Драматычным тэатры Беларускай Арміі, дзе з п’есай Лопэ дэ Вэгі “Сабака на сене” абыйшліся... ну зусім без цырымоній, – так, што спектакль набыў нечаканыя сюжэтныя павароткі?

...Заможная гаспадыня графіня Дзіяна ціхамірна драмае ва ўласнай гасцёўні на канапцы. Нейкія зухі прабіраюцца ў цемры; адзін збочвае за Дзіяны і цалуе яе. Як мяркуеце, пра што мусіць іграцца славутая сцэна абурэння графіні і допыт слуг? І як пасля такога камертону з’яўляецца на публіцы сакратар графіні Тэадора, у якім няцяжка пазнаць цалавальнага злодзея? Адна нетактоўнасць абыходжання і драматургія пачынае помсціцца: Тэадора ўяўляецца разліковым хлусам, Дзіяна – крывадушніцай. А хіба прайдзісвет Трыстан, слуга Тэадора, запросіць з сабою Фаб’ё, слугу Дзіяны, да графа Лудавіка – хлусіць старому пра сына, які нібыта знайшоўся і ўвасобіўся ў Тэадора? У Фаб’ё, вядома, свой разлік, ён хоча ажаніцца з Марсэлай, укаханай у Тэадора, і нібыта зацікаўлены ў такім падмане, але Фаб’ё не надта разумны, надта балбатлівы, занадта баязлівы – логіка, якую надаў характару Фаб’ё драматург, замінае кемліваму Трыстану даверыцца такому ненадзейнаму чалавеку. Хочаце змяніць падзею – мяняйце логіку характару, увасабляйце Фаб’ё іншым. Пад канец сцэнічнай гісторыі граф Лудавіка з’яўляецца да Дзіяны з партрэтам – на ім ён, Лудавіка, у маладосці. Выкапаны Тэадора. Так Драматычны тэатр Беларускай Арміі паўстае супраць супольнага падману Трыстана, Тэадора і Дзіяны, а таксама старчака Лопэ дэ Вэгі – маўляў, выдуманая гісторыя апынулася праўдзівай. Але праўда палягае ў тым, што гэткую праўдзівасць апявалі шматлікія іншыя драматургі. І ў тым, што мастацкі кіраўнік тэатра Аляксей Дудараў назваў сваё абыходжанне з “сярэднявечным драматургам” інсцэніроўкай і заклікаў “...зберагчы Лопэ дэ Вегу, Чэхава. Пры гэтым ашчадліва ставіцца да іх творчасці. Калі гэта будзе, дык ніхто не заўважыць, што творы трапілі ў перапрацоўку”, – а праз вершы Лопэ дэ Вэгі ў спектаклі выразна дачуваецца... то Раберт Бёрнс... то яшчэ хтосьці, перапрашаю, не вызначыла з першага разу...
Што гэта было?

Але праўда і тое, што ёсць у пастаноўцы Марыны Дударавай колькі вабных і кранальных момантаў, і колькі абаяльных персанажаў – стары Лудавіка (Віктар Моўчан), які ўсім і кожнаму распавядае пра сваю самоту; Мім на пляцы (Даніла Мілееў) – помнік, які ажывае, слухае і нават вымагае з мінакоў грошы; закаханая Марсэла (Алена Шкуратава) з дзявочымі прыкрасцямі і ўзрушэннямі; Трыстан (Ігар Фільчанкоў) – а для ягоных выхадак сцэна часам падаецца замалай...

... Нацыянальны рускі тэатр Беларусі паглядзеў на п’есу Л.Уліцкай “Мой унук Веніямін” вачыма рэжысёра Валянціны Ераньковай і паўстаў спектакль “Эсфір” з гераіняй няпростага лёсу і незалатога характару – Эсфір’ю Львоўнай. У сталым веку Эсфір Львоўна прычакала колькі небяспечных паваротак лёсу, замахнулася на самагубства, перажыла цудоўнае выратаванне і пераасэнсавала жыццё. Ад шчырага пераканання пра “богам абраны народ” самастойна дайшла да адкрыцця пра тое, што “няма ні эліна, ні іўдзея”, ад уладарнасці характару – да гнуткасці пачуцця, ад тэорыі правільнага жыцця – да ахвярнае сутнасці ягонай прыктыкі. Але гэта – у п’есе. У спектаклі Эсфір Львоўну іграла Вольга Клебановіч – з выразным яўрэйскім маўленнем і каларытнымі падрабязнасцямі, якія добры назіральны артыст назапашвае, ашчаджае і з любоўю прадстаўляе сваім гледачам. Далей за гэтыя падрабязнасці спектакль не сягаў –у глыбіню не зазіраў, на вышыню не падымаўся, памяркоўна спавядаючы выразнасць і каларыт, каларыт і выразнасць.
Што гэта было?

…А тым часам па-над радкамі гэтых апісанняў мусіць паўстаць прывід... Не оперы, не, – драмы! І паколькі дзея адбывалася на спаборніцтвах па набыцці Нацыянальнай прэміі, назавем яго прывідам прэміяльнай драмы.

Уважліва чытаем афішу з жанравага пункту гледжання: “кранальная камедыя”, “музычная камедыя”, “камедыя-фарс”, “сямейная меладрама”... І ўсё яно разам мізарнела перад дэтэктыўнай камедыяй Рэя Куні. Ягоную п’есу “№ 13” на сцэнічную мову Тэатра-студыі кінаакцёра пераклала рэжысёр Таццяна Траяновіч. Здаецца, да апошняе рэмаркі. Акцёры справіліся з тэкстам і са складаным сцэнічным рухам (па ходзе дзеі выяўляючы і прадстаўляючы Цела мужчынскае, сярэдніх гадоў, звонку невыразнае – дэтэктыва, збітага з тропу гатэльнаю шыбай), а Павел Харланчук-Южакоў, выканаўца ролі сціплага прыгажуна Джорджа Пігдэна, быў названы лепшым выканаўцам мужчынскай ролі, якую прадставіў у развіцці. Для гэтага развіцця акцёру хапіла сцэнічнага часу і матэрыялу драматурга, які забяспечыў дзве гадзіны прымусовага пазітыву, разняволення і гучнага глядацкага рогату. Эмацыны градус такога рогату трупа Мальера вызначала як “бугага”, сучасныя японцы памералі адмысловым прыстасаваннем, а знаўцы цытатаў перапыталі, з каго гэта народ так смяецца? І ці праўда, што думкі засмечваюць мазгі?

Натуральна, па ўсіх гэтых пазіцыях не канкурэнты Рэю Куні ні Дастаеўскі, ні Горкі, ні Сухаво-Кабылін; не справяцца з Рэем Куні ні Чэхаў, ні Лопэ дэ Вега, зберажоныя Аляксеем Дударавым, а што да Крапівы альбо Вудзі Алена, дык яны нават у адну афішу з Рэем Куні не трапілі. А калі б не авалоданне Нацыянальным тэатрам оперы і балета усімі сучаснымі тэхналогіямі ў справе пастаноўкі “Набука”? А калі б не Алесь Адамовіч і купалаўская традыцыя сапраўднага акадэмічнага тэатра?

...Але няўжо для таго, каб гэта выснаваць, спатрэбіліся аж сто дванаццаць тэатральных адмыслоўцаў?

Жана Лашкевіч
.

1 комментарий:

  1. The Lucky Nugget Casino - Timing, Photos and Reviews
    Get the latest The Lucky Nugget 시흥 출장안마 Casino. Timing, Photos and Reviews, 논산 출장샵 updated daily. ✓ FREE Delivery Across 시흥 출장마사지 The Board ✓ Free  속초 출장마사지 Rating: 5 · ‎6 삼척 출장샵 votes

    ОтветитьУдалить