30.06.2014

Cакрэт


У аповесці, па радках і рэпліках разыгранай падлеткамі на сцэне, няшмат шанцаў ператварыцца ў спектакль. На поспех у такога спектакля шанцаў яшчэ меньш, хіба сярод бацькоў ды сваякоў.

Спектакль “Сакрэт” паводле Аляксандра Грына рыхтаваўся як іспыт па “Падставах акцёрскага майстэрства” на тэатральным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў № 2 (Мінск, Беларусь)...  але стаўся сакрэтам чыстае радасці, якую першы паказ шчодра вызваліў для гледачоў. Складнікі падзеі сёлетняга тэатральнага сезона, драматычнага спектакля (нават і не мюзікла) “Сакрэт” – літаратура, не прызначаная для сцэны, школьнікі, навучаныя паводле звычайнай праграмы і рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ на чале пастаноўшчыкаў (праўда, абазнаных і спанатраных).  Як трэба любіць дзяцей (мастацтва, тэатр, сваю работу) каб зладзіць ім такі іспыт – на творчую радасць...

...Не ўскаламучаную досведам, паводле якога Аляксандр Грын яшчэ ў 1960-я гады зрабіўся аб’ектам сапраўднага савецкага культу як пісьменнік дзіцячы, а “Пунсовыя ветразі” – ўзорам савецкай масавай культуры для дзяцей (гэта давяла знаўца Грына Наталля Арышчук). Грын “... нібыта і класік савецкай літаратуры, а разам з тым не зусім: ён на самоце, па-за абоймай, па-за шэрагам, па-за літаратурным наступніцвам” (Ул. Амлінскі). І – па-за тэатральным таксама. Драматычныя і музычна-драматычныя спектаклі (савецкія і незалежніцкія), а потым – балеты, а пазней – мюзіклы на падставе “Пунсовых ветразяў” апавядалі кожны пра сваё, збольшага адбіраючы ад Грына фабулу ды персанажаў. Пераказаць Грынаву прозу, перарабіць яе на сцэнічны капыл, перастрававаць сутнасць яго метаду “незвычайнага рамантызму” (альбо, паводле найноўшай класіфікацыі, неарамантызму) было вельмі й вельмі няпроста: Грын аніяк “не зліваўся з эпохай” (паводле дасужай фармулёўкі 1930-х гадоў), а з далучэннем да фантастыкі сам не пагаджаўся. Многія шараговыя спектаклі гэта засведчылі.
…“Паэтам напружанага жыцця” быў названы Аляксандр Грын больш за сто гадоў таму і, наследуючы крытыку Гарнфельду, я вызначаю жанр спектакля “Сакрэт” як аповед напружанага жыцця. У гэтай напрузе ёсць пэўны незасмечаны, непагрызены  іроніяй пазітыў, а замест маскультавага школьнага рамантызму  – “новае асаблівае паветра, якім дыхае ўся сучаснасць – устурбаваная, задушлівая, напружаная і бяссільная...” –  дарэчы, як сто гадоў таму.

Аповед напружанага жыцця шматнаселены – двума выпускнымі класамі і малодшым  вучнем Фёдарам Савельевым, які кранальна выступіў у ролі Лецікі (браўся рыбарыць, прамаўляў вершамі, голасам сэрца адшукваў шынок для Грэя). Яны –.не куча і горбачка балбатлівых персанажаў. Яны ўсе без выключэння – і апаведнікі (бо якая дэкарацыя паўстане больш выразнай за апісанні Грына?), і персанажы, і ўдзельнікі прыгожых і дасціпных пластычных сцэн з жыцця людзей і стыхіяў. Сваёй безумоўнай верай, густам і культурай выканання яны ўладарна забралі глядацкую ўвагу з першай хвіліны дзеяння.

Шэраг падзей і ўчынкаў, узяты ад Грына аўтарам літаратурнай падставы, рэжысёрам В.Тарнаўскайтэ, бездакорна адпавядаў, так бы мовіць, напружанаму апавядальнаму пражыванню артыстамі сваіх роляў, то бок літаратуру  не давялося ілюстраваць! Прозу трапна  пераклалі на сцэнічную мову, дасціпна перападначалілі патрабаванням сцэны. Адну матроскую сцэну, да прыкладу, склалі ўцёкі падлетка Артура на карабель, два гады гартавання сярод экіпажу, рашэнне капітана Гопа (Яўген Круглік) адукаваць настыру, уся капітанская навука і набыццё “Сакрэту”, а ў фінале сцэны каманда, дзе служыў Грэй, натуральна пераўвасаблялася ў каманду галіёту – разам з Гопам, дарэчы. Зварот маці (Вікторыя Іванько) да сына-уцекача з вышыні рыштаванняў ар’ерсцэны, агульнае месца процьмы спектакляў, выдаваў на іхняе аднадумства і ўвасабленне матчыных таемных чаканняў; яна не пакутвала, а гартавалася разам з сынам!

Рэжысёр-пастаноўшчык В.Тарнаўскайтэ,  рэжысёр па пластыцы А.Некрыш, мастак Я. Волкаў мелі сціплыя пастановачныя прылады, карысталіся простымі пастановачнымі прыёмамі (дадамо і пра сродкі, бюджэтам школы не прадугледжаныя). У выніку на рэпетыйнай пляцоўцы Новага тэатра (Мінск) паўстаў свет шэрага злачынства Менерса і хваробы, якая забрала Мэры, чорных плётак ды жудзікаў пра Лангрэна... і светлых надзеяў Асолі, які падтрымлівалі дзяўчаткі з цацачнымі драўлянымі ветразнікамі; светлы, месцамі ззяючы свет дзяцінства Грэя і ягоных цяжкіх карабельных будняў; дзявочы свет хваляў,  якія нясуць караблі, і чорна-белы юнацкі свет небяспечнага мора, дзе капітан Гоп браўся за  апрацоўку шчанюка Грэя пад капітана...

Апісанне спектакля маруднае, не адпавядае ягонаму тэмпа-рытму і безумоўна прызямляе, бо па-мастацку неразгаданым застаецца сакрэт далікатнага ўзаемадзеяння празрыстых ветразяў і светлай матроскай формы з так званай двухніткі, чорных арыстакратычных строяў Грэевай радзіны і  чорна-белых абыватэльскіх апранахаў, гуку і святла,  зрэбных кулісаў, канатаў, гімнастычных лавак па абодва бакі  рэпетыцыйнай пляцоўкі, лямпаў дзённага асвятлення,  якімі гэтая пляцоўка выкладзена па перыметры...  Яны ні разу не выбіліся з эстэтыкі спектакля. Чмых дымавой прылады – і ў шчыльнай смузе Лангрэн (персанаж Валянціна Мароза выразна рупіўся пра Асоль) цікуе непагадзь, якая зносіць уяўную лодку з Менерсам у другі дымавы чмых;  і гэтыя два чмыхі (на ўвесь спектакль!) рабілі надвор’е сваёй і ўсёй наступнай сцэны: са смугі нараджалася шэрань хуткага абгавору і чарноцце паклёпу.

Чараўнік Эгль, які ў лясной ручаіне спыняў ветразнік Асолі, воляй пастаноўшчыкаў  памнажаўся і ператвараўся ці то ў фольк-гурт, ці нават у цэлую этнамузыкалагічную экспедыцыю... якая люта і весела скакала вакол дзяўчынкі. Скокі выдавалі то на абрад, то на жарт, але ў апошнюю хвілю вярховец-правадыр неяк апратваўся, сур’ёзнеў... праз тое, што раптам сам прыдумаў, пакляўшыся Грымамі, Эзопам ды Андерсенам, і, мабыць, раптоўна ўбачыў, як увасобленае... Карацей, вяшчаў пунсовыя ветразі.

Нерухома клаліся светлавыя плямы мясцовага балю ў шынку Менерса-малодшага з песняй пра марака, што надта доўга плаваў...  Сцэна адсылалася да фільма “Чалавек-Амфібія” са шлягерам 1960-х  у выкананні Дар’і Валадзько і нейкім пластычным падабенствам канкану з адмысловых складнікаў (нішто сабе падрыхтавался гэтыя падлеткі!), а гучала як вітанне бабуль і дзядуляў у зале.

У ролі Грэя былі занятыя Дзяніс Мароз (дзяцінства, уцёкі, служба на караблі) і Ігар Веракса, уласна Грэй-капітан, шчаслівы ўладальнік галіёта “Сакрэт”. У ролі Асолі – Яна Пастухова (дзіцячае замілаванне і першыя нягоды), Маргарыта Саўчанка (трыванне жыцця і гартаванне душы, у якой прарастае мара) і Дзіяна Ігнацік, чыя Асоль прадчувала каханне і напаткала яго, а проста ёй у рукі спусціўся цацачны караблік з чырвонымі ветразямі і старасвецкае ўяўленне пра цудоўна-нязбытнае (паводле Грэя) стала ўвасобленай марай.

Пастаноўшчыкі слушна памеркавалі, што моцы аднаго падлетка па-просту не выстачыць на такія аб’ёмныя ролі, але тым даражэйшы мастацкі эфект падзелу: кожны выканаўца задаваў столькі душэўнай працы свайму персанажу, што персанаж мяняўся літаральна! А яшчэ вынікала, што сакрэт Грэя ды Асолі ў тым, каб не здрадзіць – мары, душы, працы... Хто хочаш можа карыстацца гэтым сакрэтам!

Іспыт на акцёрскае майстэрства ў Дзіцячай школе мастацтваў № 2 перакінуўся  вартым студыйным спектаклем. Падобны спектакль, – як вынік навучання, – мае на ўвазе і дыхтоўную працу педагогаў, і падрабязную сцэнічную практыку, і бясконцую самастойную працу навучэнцаў. І на ўсё – адзін паказ? Было б прыкра і несправядліва  страціць такі “Сакрэт”...

Жана Лашкевіч

P.S. Шаноўныя бацькі, буду вельмі ўдзячная, калі падзеліцеся фотаздымкамі!


2 комментария:

  1. Bardzo dziękuję za odwiedziny i za komentarz.
    Serdecznie pozdrawiam:)

    ОтветитьУдалить
  2. Анонимный17/6/21

    у вас здесь хорошие статьи! Если кто-то здесь ищет ссуду со ставкой 2 в обмен на покупку дома или другие финансовые нужды, я хочу, чтобы вы связались с г-ном Педро по pedroloanss@gmail.com, когда я был представлен г-ну. Педро на семинаре по наблюдению за рынком, я входил на рынок как первый покупатель. естественно, мои потребности были немного другими, и у меня было множество вопросов. прежде чем он отправил мне письмо с предварительным одобрением, он позвонил, чтобы поговорить со мной о том, что это значит и что можно изменить. он был доступен мне практически в любое время по электронной почте и текстовым сообщениям. он был очень отзывчивым и знающим. он также очень прямолинеен. Я объяснил ему, чего я ожидал в отношении времени закрытия и других подробностей. он сказал, что оправдает эти ожидания, но превзошел их. Я так быстро закрыл своего риэлтора, и продавец, конечно, был взволнован этим. но как покупатель я оценил, как меня прошли через процесс предложения ссуды мистера Педро. от предварительного утверждения до закрытия - путь был таким плавным, и я считаю себя удачливым, потому что слышал ужасные истории. Я рекомендую его всем, кто ищет ссуду. все было обработано электронным способом, удобно и надежно

    ОтветитьУдалить