08.05.2013

Гэта быў жарт?..


 Нататкі пункцірам 

Містычную арыфметыку старасвецкай показкі ўсмешліва падхоплівае Гродзенскі лялечны тэатр: у іхняй найноўшай “Пікавай даме” – дванацаць персанажаў. Іх ўвасабляюць чатыры акцёры. На адным стале, абцягнутым зялёным: для гульні, і  не адно для гульні ў карты. Стол абмяжоўвае крохкае сцэнічнае жыццё марыянетак... хіба прасторай Пецярбургу і фантазійным светам Алега Жугжды. На памежжы  гэтага свету і рэчаіснасці 19 лістапада 20012 года паўстала Нацыянальная тэатральная прэмія (ў чатырох намінацыях!), але ж і да яе “Пікавую даму” ганаравалі ўсяляк...

... Перадусім, бадай, за выключнае авалоданне сцэнічнай іроніяй. Далікатнай, шляхетнай, вытанчанай. Я б сказала, прафесійнай рэжысёрскай іроніяй Алега Жугжды (пасля з’яўлення “Пікавае дамы” у друку  Пушкіну казалі пра з’яўленне новага раману (кірунку) у літаратуры – фантастычнага; тэатр Жугжды даўмеўся іранізаваць з фантастычнага ды містычнага).  Ёю прасякнутая, пазначаная альбо афарбаваная кожная сцэна і кожная цытата – з Пушкіна, з Чайкоўскага, з фон Мэкк Надзеі Філарэтаўны – і ўсё пра грошы, усё пра грошы, якія трэба тэрмінова зарабіць, адаслаць, аддаць, а іх усё бракуе, не стае, не выстачае! І аднаго разу – пра фінал “Пікавай дамы”, які вынікнуў з музыкі Пятра Ілліча.

Адметна іранічны пралог да спектакля, які дзеецца ў фае: артысты тлумачаць сэнс гульні “штос” (якую за часам Пушкіна менавалі “фараонам” альбо “банкам”) ды прапануюць згуляць. У тую самую гульню Германа і графіні Ганны Фядотаўны. На грошы. На самыя невялікія! А ніхто не згаджаецца... Містыка? А-яй!

...На сцэне пры стале з’яўляюцца, мовім так, нехта  ад імя Пушкіна ды нехта ад імя Чайкоўскага і абвяшчаюць стварэнне “Пікавае дамы”... пры гульні? як гульні? Для партыі патрабуецца трэці. Ён ўжо напагатове. Мужчыны (цывільныя фракі, вайсковы мундзір) прадстаўляюцца “тройкай, сямёркай, тузам”, і бяруцца... пераказваць аповесць Пушкіна пры картах ды час-почас прамаўляюць “ад імя” – Германа, Томскага, Чэкалінскага. Чацвёрты персанаж, падобна, блытае карты – усе жаночыя партыі вядзе Ларыса Мікуліч. Гучыць нескажоны Пушкінскі тэкст.

Картачны стол і чорнае адзенне сцэны пазначаюць месца дзеяння. Вобраз спектакля акрэслівае вялікі кругазварот – картаў,  гульні, выпадку. На пачатку дзеяння калоды картаў свяжуткія, запакаваныя; пры канцы – зашмальцаваныя, загуляныя. Карты амаль не знікаюць са стала, разлятаюцца па падлозе, хаваюцца па кішэнях і ў капялюш Германа. З рук – у рукі. Кругазварот выдае метафару чалавечага лёсу, узлёты і заняпады, багацце і галечу. І – лёс, які ўвесь час мае спраўдзіцца ці змяніцца.

“Пікавая дама” на зялёным стале падначана хатняй ўтульнасцю і робіць гледачоў падобнымі да наведнікаў  адмысловага тэатральнага салону. Там, дзе кінавытворчасці спатрэбіліся б выдаткі на здымкі процьмы артыстаў ў розных атачэннях, гарадзенскім лялечнікам дастаткова... адкашляцца, перасунуца альбо схапіцца за стэк і тузануць, скажам, Германа, апавядаючы пра Германна. Адрознасць гэтых персанажаў  “з душою Мефістофеля, профілем Напалеона” мусіць дасціпна тлумачыцца для школьнікаў (“Пікавую даму” вывучаюць у дзявятым класе), але смешыць нават тэатразнаўцаў.

Строга кажучы, дзеянне з трыма лялькамі (Германа, Лізы да графіні) вырашана як вялікая падрабязная ілюстрацыя, якая (раптам?) пачынае жыць сваім жыццём  і не дужа зважаць на аўтараў. Цацачны фатэль, шырма, ложак, люстэрка належаць то графіні, то Герману, і толькі Лізавеце Іванаўне сесці няма куды.  Ітэр’еры імкліва змяняюцца на экстэр’еры, дастаткова фатэль ці ложак замяніць на  які-кольвек пецярбургскі помнік. Адметны дом графіні  падобны да невялікае арэны, а Медны вершнік порстка апярэджвае Германа. Сучасныя раманы, якіх просіць графіня, уяўляюць сабою кніжкі звыклых фарматаў, гартаюцца, складаюцца, няславяцца. Са свечак часам кропліць воск. Знакаміты раманс графіні Ларыса Мікуліч спявае сваім уласным голасам. Беспамылкова.

Але кожная карта мае значэнне не толькі ў гульні. Тройка, сямёрка, туз і пікавая дама, што з’явілася нібыта жартам, запрашаюць вылічыць, скласці, адгадаць лёс. Хоць да містыкі і лёсу рэжысёр ставіцца іранічна, але іх не адмаўляе і не прыбірае са спектакля...

...Пад час самагубства Лізаветы Іванаўны з-пад моста з’яўляецца зухаваты гандальера (лялька чацвёртая, але ёй аддадзена толькі адна сцэна), свайго роду  супрацьстаянне Пушкіна ды Чайкоўскага  пераймае (іранічна вырашае?) Даніцэці са сваім  “Напоем кахання”,  і выхаванка графіні шчасліва трапляе замуж... Пад картачны кругазварот гучыць тэкст  пра Лізавету Іванаўну, якая займела сваю выхаванку. Па крузе, па коле, здаецца, выўляецца графіня ў новым абліччы... Альбо гэта быў жарт?


Жана Лашкевіч


Комментариев нет:

Отправить комментарий