01.11.2012

Патрабуюцца рукі і сэрцы

Штораніцы за каваю я выслухваю сабачыя і кашэчыя гісторыі, бо сястра дапамагае валанцёрам, якія ратуюць катоў і сабак. Часам збіраюць па вуліцах, а часцей забіраюць з вуліцы Гурскага, 42, дзе месціцца ўстанова, названая “Фаўнай гораду” –  пункт адлову і часовага ўтрымання  жывёлаў. Гісторыя першая, другая, чарговая... Пазачарговую гісторыю я пачула пад час выканання службовых абавязкаў. Перад пачаткам спектакля глядач гадоў васьмі шчасліва паведаміў: цяпер у яго таксама ёсць сабака! Гледачоў тата разважліва ўдакладніў, маўляў, глядзелі ваш спектакль, а там сабака ды котка знаходзяць сабе гаспадароў. Ну і... пад уплывам мастацтва спраўдзілі сынаву мару. Узялі сабаку. Проста ўзялі – у валанцёраў...

Увага, знаўцы ды заўсёднікі Тэатра юнага гледача! У якім спектаклі знайшлося падобнае мастацкае кіраўніцтва да дзеяння?  Слушна, у цудоўнай гісторыі пра Брыка і Шусю, якія шукаюць лета. Сярод нашых персанажаў ёсць прынцэса Беласнежка, якая вельмі любіць свайго маленькага поні. Ёсць маленькі лорд Седрык Фаўнтлярой, што любіць сабак і рыхтуе свайму дзеду прыемную неспадзёўку  – сабачы хор, які брэша... дакладна пад музыку. Ёсць маленькае Асляня, якое ўцякае ад жорсткага гаспадара і дапамагае немаўляці на імя  Езус Хрыстус. Ёсць вожыкі, вавёркі, медзьвядкі, парсючкі, пацукі, краты, ластаўкі... У тэатры працуюць з вобразамі. У адных спектаклях жывёльныя персанажы адлюстроўваюць чалавечыя дачыненні, у іншых – уяўленні  людзей пра жывёлаў,  у нейкіх – стасункі людзей з жывёламі. Неўзабаве выстветлілася, што сярод нашых заўсёднікаў-тэатралаў ёсць ратаўнікі жывёлаў з  маладзёвага грамадскага аб’яднання “Суперкот”. Натуральна,   Тэатру юнага гледача проста наканавана было з ім пасябраваць!

"Суперкоткі" (валанцёркі прытулку) на кашэчай выставе 

Вольга Швед, старшыня “Суперката”, з гэтай нагоды жартуе: маўляў, у нас агульныя каты, сабакі, дзеці, сваякі, а хто як не дзеці і не жывёлы патрэбны адзін аднаму?
Паводле адукацыі Вольга – педагог, паводле заняткаў – прадпрымальнік, у вольную часіну – валанцёрка. Перавагу аддае катам. Бавіцца з імі столькі часу, што, падобна, здолее перакладаць з кашэчае мовы на некалькі чалавечых.

Амаль перакладаю, – пагаджаецца Вольга. –  Здаецца, самыя лепшыя чалавечыя пачуцці ўзнікаюць да дзяцей і да жывёлаў. Варта дакрануцца да пухнатага кашэчага камячка альбо да маленькага дзіцяці... А калі не ўзнікаюць, калі чалавек не любіць жывёлаў ды дзяцей, дык з чалавекам нешта не тое робіцца...  Дзеці жывуць пачуццямі, жывяцца вобразамі, таму спектаклі , напэўна, самае геніяльнае вынаходніцтва, каб распавесці дзіцяці пра жывёлу і абудзіць да жывёлы лепшыя пачуцці (вядома, ёсць адметныя фільмы ды кнігі, але тэатр – ён вось тут і зараз, і ягонае ўздзеянне пераацаніць цяжка).