12.05.2013

«Больш клопату, ніж таго жыцця...”


Тэатральныя нататкі 

Веснавы гумор творчаму чалавеку псуе гарадское дрэва, даведзенае да ладу паводле бяспекі ды эстэтыкі – добра так папілаванае і папастрыжанае. З усіх бакоў, на ўсіх узроўнях. Дзесьці ў ягоных шатах, пасярод галін ды парасткаў, да апошняга хаваліся таямніцы... такія батанічныя таямніцы, без якіх жыццё дрэва гарманічна не спраўдзіцца. Датыкацца да іх  трэба было далікатна. А выпадковым службоўцам з пілою лепей было й не датыкацца зусім. Бо ў выніку дрэва замест жыцця асудзілі на выжыванне. А ў выжыванні  гармоніі няма.



... Веснавы гумор творчаму тэатральнаму чалавеку псуе рэальнасць, дзе вобраз службоўцаў з пілою асуджае на план па спектаклях і план па гледачах. Але тэатральную перспектыву таксама захапілі – і хто?! Распаўсюднікі тэатральнах квіткоў. Самае высокае, самае мастацкае распаўсюднікам не трэба. А найлепшы тэатр сёння – цырк. Там вартая праграма. Таксама добрая праграма ў казіно. А калі зайсці з боку мастацтва, дык чым выхоўваць гледача? Яшчэ трэба падвыхаваць артыстаў і крытыкаў. Артыстам трэба больш плаціць. Крытыкам плаціць няможна, бо яны не змогуць быць аб’ектыўнымі за грошы. І  трэба стварыць цэнтр, але хто яго будзе фінансаваць?  А лепш – прыняць закон пра тэатр!

Збольшага гэта ўсё праблемы “круглага стала”, – пры канцы сёлетнега красавіка яго ладзіў Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад назвай  “Сучаснае тэатральнае мастатва  Беларусі: рэальнасць і перспектывы”. Навукоўцы меліся зафіксаваць пэўны зрэз тэатральнай рэчаіснасці – з пагарэлым Мазырскім тэатрам і адбудаваным Купалаўскім, са станам тэатральнай школы,  з коштамі арэнды для антрэпрызаў ды прапановамі для дзяцей...  Жарты ўбок: тэатральная сістэма састарэла. Настолькі, што пра гэта сведчылі ўсе – ад рэжысёра-педагога да загадчыка літаратурнае часткі. “Трэба ўсіх звольніць і браць нанова па конкурсе!” –дзяліліся набалелым. “Трэба грошы! Бракуе грошай! Грошай не даюць!” –  сцвярджалі знаўцы. “У тэатры выжывуць толькі фанатыкі!” – цытавалі вядомага расійскага артыста-рэжысёра-прадзюсара. Падавалася таксама меркаванне, што эканоміка дадушыла мастакоўскае парыванне душы, а закуліссе апанавала зграя непрафесійнікаў. Маўляў, за тыя грошы, што атрымліваюць у тэатры... Ай! Сёння тэатру патрабуюцца ... усе.  Наколькі датрымае штатны расклад.

...Па трэцяй гадзіне сустрэчы сутнасць вынікнула намаганнем прафесара Вадзіма Салеева, які сфармуляваў наступнае: “Для чаго тэатр?”  І запанавала ціша. Бо наша тэатральнае дрэва, даведзенае да ладу паводле бяспекі ды эстэтыкі, зрабілася траха не драўнінай. А тыя   галіны, што квітнеюць і  даюць спадзеў на плады, задужа нешматлікія. Дый на кожны ўпадабаны (і ўпарта пільнаваны) працэс квітнення можна нацкаваць службоўца з пілою.

Мяне асабіста ўражвае гісторыя беларускага спектакля, які паспяхова жыве больш за дваццаць гадоў:  ён з’явіўся на свет як студэнцкі й дыпломны. З даробкамі і ўлікам пракату быў перанесены на сцэну недзяржаўнага тэатра. Тэатр сканаў, а спектакль падтрымалі артысты ды адмыслоўцы (грымёр, касцюмер). Спектакль працягваў жыць з дапамогай прадзюсара. Прадзюсары мяняліся. Было, спектакль не іграўся колькі месяцаў запар. Летась, калі  чарговы раз аднавіліся ягоныя паказы, выявіліся гледачы-старажылы. Тыя штогод імкнуцца ў залу,   “каб падтрымаць жыццёвы гумор”, ведаюць ягоны пакручасты жыццяпіс і ўсіх выканаўцаў. На справядлівае пытанне “і як доўга яшчэ працягнецца жыццё спектакля?” адказалі прадзюсар і артыст. Прадзюсар сказала : “Пакуль артысты будуць яго любіць”. Артыст сказаў: “Пакуль прадзюсар будзе любіць артыстаў.”   У адмысловай супольнасці іх не страшыць план па гледачах. Артысты патрапляюць імправізаваць: вельмі далікатна, не парушаючы колішніх рэжысёравых задач і патрабаванняў. Спектакль мяняецца з часам і мяняецца ў часе,  сёння выглядаючы як адмысловы рарытэт, як жывая тэатральная легенда. Спектакль гэты –  “Камедыя пра злашчаснага селяніна Дзёмку, ягоную жонку Маланку, арандара жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання”. Выдае на ідылію? Але прадзюсар “Камедыі...” Джэні Шарыпава  – добры практык-прагматык. Артысты “Камедыі...”  ў складзе вядомых  тэатральных труп працуюць на добрых стацыянарных пляцоўках .  У спектаклях, якія трымаюцца год-два-тры і здымаюцца з пракату, маючы датацыю, штат абслугі і нават славутых распаўсюднікаў тэатральнах квіткоў. Разважаючы пра эканоміку, трэба мець на ўвазе любоў.  Перадусім тую, без якой не ствараюцца спектаклі.

Наступная вынятка мае на мэце ў чымсьці патлумачыць шматгадовы поспех “Камедыі...”, якая на свам узроўні  разглядае  “... такія складаныя філасофскія паняткі, як узнікненне светабудовы, крыніцу канфлікту дабра і зла, мэту асобнага чалавечага жыцця і ўсяго чалавецтва.” Дзе “...выказваецца ўпэўненасць у канчатковай перамозе дабра, пераўтварэнні свету і чалавека...” Аўтарка – Галіна Алісейчык, кандыдат мастацтвазнаўства. Яе кніжка  “Містэрыі старажытных славянаў і генэзіс тэатра” з’явілася ў 2010 годзе і пісана не пра спектакль “Камедыя...”, але абсалютна пераканаўча абгрунтоўвае ўмову, якая  нібыта і маецца на ўвазе, але  застаецца па-за свядомасцю бальшыні нашых сучаснікаў – стваральнікаў відовішчаў масавых, інтэлектуальных  альбо цалкам  элітных. “Тэатр з’яўляецца наймоцным сродкам уздзеяння на масавую свядомасць, таму ва ўсе часы і ў кожным грамадскім ўтварэнні была надзвычай важная матывацыя стварэння спектакля. ”  Матывацыя! Інакш кажучы, што я скажу свету? Нашто я разяўлю рот? “Можа быць, – чытаем у Галіны Алісейчык, – крызіс сучаснага тэатра, адсутнасць новых тэатральных ідэй, вобразу новага тэатральнага героя звязаная з крызісам матывацый? ...Глыбінная сутнасць тэатра  не можа прыстасавацца да заземленасці тэмаў і прыніжанасці характараў?”  

Для чаго тэатр? Як патрапіць весці гаворку пра ягоную глыбінную сутнасць  і не насмешыць эканамістаў? Больш за дваццаць гадоў крочыць “Камедыя...” па калдобінах ды выбоінах  эканомікі. Можа быць, яе феномен набліжае адказ, які яшчэ не ўсвядомлены?

А пакуль з нашым дрэвам, папастрыжаным  і папілаваным, “больш клопату, ніж таго жыцця” .

 Жана Лашкевіч

Фота Віктара Стралкоўскага



Комментариев нет:

Отправить комментарий