20.02.2022

Слухайма Ліску

«Сцяпан – вялікі пан» Артура Вольскага ў Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача 

Прэм'ера -- 21 лютага 2021 года 


«Казка для тэатра і для чытання таксама» змяніла жанр на «блазнаванне». Лёгкае, порсткае, пругкае, з імгненнымі зменамі настрою, бесперапынным пасміханнем, кепікамі, жарцікамі, гранічным несур“ёзам ды (часам) перабольшана-камічным стараннем выканаўчай грамады. Драматычная артысты ўзяліся за планшэтныя лялькі, а пастаноўшчыкі выкшталцілі чароўны тэатр ценяў напераменкі з адметнымі пластычнымі сцэнамі (мастак-пастаноўшчык – Ларыса Рулёва).


01.02.2022

Эфект датычнасці да жыцця

Шэсць прапаноў склалі конкурс Нацыянальнай прэміі-2018 на лепшы спектакль для дзяцей і там, паводле анатацыі да спектакля з Магілёва, «спляліся сюжэты нашых любімых рускіх казак». Рэй з пераменным поспехам вялі Ямелі й Вані; жорсткія ваяводы і капрызлівыя цары гучна вымагалі шчупаковых цудаў, чароўных ялінак, лятучых караблёў; сам «Лятучы карабель» Беларускага дзяржаўнага музычнага ўяўляў сабою мюзікл Максіма Дунаеўскага, а «Па шчупаковым загадзе» (На шчупакоў загад?) Магілёўскага абласнога і Палескага драматычнага разам са «Старой чароўнай казкай» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага – навагоднія прадстаўленні рознай ступені дыхтоўнасці і традыцыйнасці. Творы з чароўным шчупаком мелі адрозненне – Лізавета Тарахоўская стварыла з народных казак п’есу на пачатку мінулага стагоддзя (у 1938 годзе яе зрабілі падставай для фільма) і перадусім мела на ўвазе дзіцячую аўдыторыю, а Станіслаў Зельцэр відавочна натхняўся творамі Леаніда Філатава і дбаў пра глядельню з бацькоў. Магілёўскую казку давёў да сцэны Міхаіл Лашыцкі – і як рэжысёр, і як мастак. Вывеў плойму скамарохаў, прымусіў пераўвасобіцца проста на сцэне, пераапранаючыся ў стракатыя лапікі, датрымаў гэты своеасаблівы выяўленчы стыль нават у афармленні зэдлікаў альбо акардэона, пераніцаваў акцёрскія асаблівасці ў ролевыя адметнасці, спраўдзіў шалёны тэмпа-рытм – так, што кожны акцёрскі крок відавочна і пераканаўча соваў дзеянне. Праўдзівы казачны атракцыён (паводле жанравага вызначэння) прыемна здзіўляў кожнай павароткай. Натуральна, такое прадстаўленне здабыло сабе месца ў рэпертуарнай афішы. Верагодна, з пінскім спектаклем у пастаноўцы і мастацкім вырашэнні Паўла Марыніча адбылося нешта падобнае, але... хто купляе квіткі ў тэатр на свой бацькоўскі густ? На гэтую акалічнасць дужа зважыў і Канстанцін Міхаленка з Маладзёжнага тэатра, стваральнік «Старой чароўнай казкі»: пры тым што частку дзейсных ліній казачнага аповеду ён па-просту кінуў – недакрэсленымі й незавершанымі, сэнсавы складнік «для дарослых» дагледжаны як вока ў лобе. Перлінка казкі «Ша-ша з левага чаравіка» Алены Мальчэўскай – дзіцячыя мары, якія маюць намер спраўдзіцца ў дарослым жыцці нашай сучасніцы; да перліны праз сцэнічнае ўвасабленне Наталлі Слашчовай, на жаль, гісторыя не даспела, але сваёй пяшчотнай маціцовасцю кранула – залічым сюды і музыку Алены Зуй-Вайцахоўскай, і выяўленчыя шэрагі Вольгі Шчарбінскай. Аднагалосным лідэрам намінацыі апынулася «Калядная гісторыя»: рэжысёр Ігар Казакоў вышчыраваў яе з трупай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і мастачкай Таццянай Нерсісян на падставе класічнай аповесці Чарльза Дзікенса. Да прывідаў каляднага аповеду дадаліся спевы і тэмы кампазітара Аляксандра Літвіноўскага, а таксама заўважныя акцёрскія работы жывым планам, дзе першы сярод роўных -- Аляксандр Васько ў ролі Эбэнэзера Скруджа (праца з лялькамі і прадметамі не ў рахубу, яна ў Дзяржаўным лялечным заўжды на вышыні). Маецца і яшчэ адзін «ласы плюсік». Працяглы час наша лялечная рэжысура імкне да відовішча, дзе, так бы мовіць, «усё працятае ўсім»; вырашэнне мастака альбо кампазітара не толькі сціпла ўплывае, але разам з рэжысёрскім вызначае спосаб акцёрскага існавання; музыка, прыкладам, не адно падтрымлівае тэмп і настрой, але характарызуе вобразы ды выгукае манеру акцёрскага выканання (нават віртуозным падборам гэта не вырашыць, таму да ўдзелу і запрашаецца кампазітар), лялькі мяняюцца значэннем з артыстамі, робяцца іх двайнікамі, супернікамі, дзеля чаго пераасэнсоўваецца драматургія, нават класічная – і да таго падобнае. «Калядная гісторыя» названае імкненне падтрымлівае і ператварае ў вектарнае, паскараючы як мага. Дзіця, своечасова прыведзенае на падобны спектакль, падсвядома засвойвае адметную тэатральную меру з яе «чароўным імгненным эфектам датычнасці да жыцця». З ёю жывецца няпроста, але вынікова – а мо тады й бывай, маскульт традыцыйных навагодніх прадстаўленняў?