23.10.2012

Трэці шлях

12-14 кастрычніка ў Таронта (Канада) адбыўся Міжнародны Фестываль рукадзелля CreativFestival. Ладзіцца фестываль два разы на год, а сёлета ўвосень адзначыў сваё дваццаціпяцігоддзе. Зрэшты, нашы выданні пра фестываль не пішуць, як не пішуць пра “Формулу рукоделия у Маскве ды Кіеве, эстонскі Карункавы фэст альбо “Handarbeit&Hobby” у Кёльне, пра выставы і фестывалі ў Парыжы, Мадрыдзе, Лос-Анжэлесе...  Рукадзельная Беларусь сілкуецца інтэрнэт-навінамі. Адтуль і стала вядома, што  ў Таронта з нагоды юбілейнага святкаваньня ладзілася выстава майстроў-дызайнераў вышыванкі Needlework Designer Line, у якой бралі ўдзел сябры Гільдыі канадыйскіх дызайнераў вышыванкі (Needlework Designers of Canada). Сярод іх –  буцік "Spiritof Belarus".


Ягоная гаспадыня і стваральніца – Ірына Варабей, празаік, перакладчыца, майстрыха-дызайнер, фатограф, аўтарка адметных мадэляў на падставе беларускіх традыцыйных матываў ды вобразаў...  якія  муляюць сучасным беларускім рукадзельніцам сваёю відавочнаю недасяжнасцю.  Бо кніжак, часопісаў, сайтаў  не адно з маляўнічымі фота, але з дакладнымі схемамі, выкрайкамі, узорамі і прыкладамі для кожнага, хто хоча і вымагае, нямашака (натуральна, гаворка не пра энцыклапедыі, доследы ды адмысловыя ўтварэнні прафесійнікаў кшталту “Скарбніцы”).  Зрэдчас можна трапіць на добрага майстра, які вучыць не толькі аздабляць ды кроіць нацыянальныя строі, але тлумачыць сутнасць аздобаў-арнаментаў, іхняе значэнне, ўжыванне, каштоўнасць...  І, найгалоўнае, патрэбу ў іх. Перадусім патрэбай Ірына Варабей шчодра дзеліцца з намі .  Жана Лашкевіч 

Трэці шлях

“ ...Калі хочаш нечага папрасіць у Бога – маеш розныя шляхі да Яго. Па-першае, можаш схадзіць у царкву ды памаліцца. Па-другое, можаш запаліць грамнічную свечку; і пакуль агонь гарыць – маеш час для звароту да Яго... Але ёсьць яшчэ адзін шлях. Наш пракаветны, з даўняе даўніны. Складзі свой ліст да Яго. Не, ня літарамі і не алоўкам. Вазьмі голку з ніткай –  і вышый. А замест словаў –  узоры. Усё пра ўсё у тых узорах ёсьць... “

Гэтак некалі прыгаворвала мая бабуля, калі навучала мяне складаць з вышываных крыжыкаў ды ромбікаў узоры, а з узораў –  свае лісты да Бога і гэткім магічным чынам наладжваць сваю повязь з духовым сусьветам.

 А можа, і не мая бабка... А можа, і ня мне... Можа, маёй бабцы ейная бабка, калі тая яшчэ была маленькай... А можа, іншая бабка ды ў іншае стагоддзе... Можа, гэткім чынам мільёны нашых бабак з веку ў век перадавалі наступным пакаленням сваю няхітрую мудрасць.


Беларусы –  адзіная нацыя ў Эўропе, якая захавала старажытнае сымбалічнае пісьмо, пераклаўшы яго ў вышывальныя арнаменты. Сымбалі, захаваныя ў беларускіх вышыванках, былі агульнымі для эўрапейскага супольніцтва (падобныя ўзоры сустракаюцца і на Ўсходзе, і нават на амерыканскім кантыненце), але адно беларусы помняць, што яны азначаюць. З пакалення ў пакаленне, праз веру ў тое, што вышыўка ёсць магічнай дзеяй, што вышываныя ўзоры –  гэта нашыя лісты ў духовы сусвет, яны перадавалі значэнне старажытных сымбаляў...

Беларусы ўважаюць сябе за вышывальніцкую нацыю. І па праву ганарацца сваімі вышывальнымі здабыткамі перад ўсім светам. Вышыўка адыграла такую важкую ролю як у матэрыяльным, гэтак і ў духоўным развіцьці нацыі, што сталася нават брэндам нашае культуры, адметнасьць якога не змаглі зняважыць нават камуністычныя ўлады, знайшоўшы яму месца на дзяржаўным беларускім сьцягу.

 І як гэта ні парадаксальна, але сучасныя беларусы ганарацца сваім брэндам, дзеля якога так шчодра напрацавалі продкі, самі ж для ягонага развіцьця нічога ня робячы. Беларуская вышыўка неаглядна адстала ў той частцы ўсясветнага выяўленчага мастацтва, якім сёння з’яўляецца сучаснае рукадзелле. Я гэта кажу, бо, знаходзячыся тут, на амерыканскім кантыненце, які можна лічыць цэнтрам сучаснага вышывальнага мастацтва, бачу, якога ўзроўню дасягнула гэтая справа тут. Гэта ня толькі майстэрства ды разнастайнасьць саміх работ. Я па-добраму зайздрошчу дзейнасці Амерыканскай ды Канадыйскай асацыяцый вышывальніц: у іх і гільдыі, і семінары, і фестывалі, конкурсы, часопісы, вэб-сайты, майстар-класы (дабаўлю яшчэ і Каралеўскі цэнтр вышыўкі ў Англіі са сваім Каледжам і прыдворнымі вышывальніцамі), інфармацыйныя банкі стыляў і тэхнік з усяго свету –  і у рэшце рэшт, якое багатае й цікавае творчае жыцьцё ў тутэйшых вышывальніц! Тым больш, што для занятку вышыўкай ня трэба спецыяльнага таленту –  якое ж гэта дэмакратычнае мастацтва, самы просты спосаб рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў! -- любая аматарка можа худа-ладна вышыць для сябе, калі не хапае здольнасьці на прыдумваньне, любы узор па схемах, распрацаваных для ейных паслуг шчодрымі дызайнерамі.

Я гэтак жа, як і ўсе, некалі пачынала вышываць па чужых схемах. Аж пакуль мяне як беларуску не зачапіў той факт, што сярод незлічоных схемаў у крамах, між віктарыянскіх, індзейскіх, афрыканскіх, кітайскіх, японскіх, нават расейскіх і шмат іншых матываў няма толькі беларускіх. А што ж павышываць беларусцы? Дзе яны –  лёгка-пазнавальныя беларускія матывы, распрацаваныя для вышыўкі майстэрскай рукой сучаснай дызайнеркі? Такія, каб любая Дональдзіха-Макдональдзіха ў краме магла, ледзь кінуўшы вокам, сказаць: "А, ведаю... гэта – беларускае", і зрэшты набыць яго, спакусіўшыся на цікавую наватарскую тэхніку.

 Дый а якія яны –  беларускія матывы наагул?

 Тут, напэўна, я мушу зрабіць невялічкі адступ, каб удакладніць сваю думку ангельскім словам імідж. Вы пагодзіцеся сам мной, што для кожнае краіны (культуры, этнасу) склаўся ў свеце вобразна-мастацкі імідж. Вось глядзіце. Што на розум прыходзіць чалавеку, калі чуе слова “Японія”? Пэўна ж, галінку сакуры, дзяўчыну з веерам ў даўгаполым капялюшы, дліннай квятастай сукенцы. Нехта ўзгадае маляванкі баціка, нехта – яшчэ вершы хоку. А пры слове – “Перу”? Ага: шчымлівую мелёдыю, вялізнае понча, і яшчэ больш шырачэзны капялюш. Пры слове “Кітай” памяць кожнага абпальваюць чырвона-залатыя цмокі. Прыклады можна прыводзіць столькі доўга, колькі ў свеце набярэцца краін.

 Дык а што ж Беларусь? Што ва ўсім сьвеце людзі згадваюць пры слове Беларусь? ...Мы, эмігранты, вельмі добра ведаем, што... Так-так, Беларусь згубілася недзе на прасторах неагляднай Эўропы– маленькая невядомая краіна памерам з метраполію Англію з загадкавай культурай, векам са старажытную індускую...

 Сорамна прызнацца, але, пэўна, гэта і добра, што на амерыканскім кантыненце ўсё яшчэ ня ведаюць, якая такая вышывальніцкая нацыя са сваім ганаровым брэндам існуе ў сьвеце. Бо ў іншым выпадку нам давядзецца прадставіць на пахвальбу свае дасягненні –  павыцягваем з куфраў прабабчыны "крыжыкі" ды "гладзі"... і што ж? ...А нам скажуць: "Та цю-у-у.... крыжыкі мы ўжо бачылі, гэтак яшчэ нашыя бабці вышывалі. Пакажыце, што ў вас новенькага. Мо ў вас новае "баргела" ёсьць? А мо ў "белым-па-белым" якась па-хітраму дзіркі робіце? А мо завітастыя якісь швы ў "чорным-па-белым" маеце? Што ў вас адметнага? Дзе вашыя сучасныя творы?"

 Бадай, я тут мушу зноў адступіцца ды зрабіць-такі ніжэйшы паклон нашым прабабкам. Ведалі, ці ня ведалі яны, які знакавы закід у будучыню зрабілі яны, гэтак упарта зберагаючы вышываньнем старажытнае сымбалічнае пісьмо ды назапасіўшы ім тыя куфры, каб была нашчадкам нагода вышывальніцкай нацыяй звацца. Здаецца, праўда, маркотна зараз іхным душам у нябёсах глядзець на тое, як мы іхную традыцыю ўзялі раптам ды кінулі. Але гэтае рунічнае пісьмо, захаванае ў па-мастацку гарманічных арнаментах рукамі простых сялянак, і можа стацца тым адметным, што мы можам выкарыстаць для стварэння ўстойлівага, лёгка-пазнавальнага беларускага іміджу.

 Вышывальніцкі сьвет даўно ўжо перажыў выдаткі "навуковага й тэхнічнага ХХ стагодздзя", што моцна быў ляпнуў па руках рукадзельніц сваім прагрэсам. Рукадзельніцы Захаду, з’яднаўшыся і разам захаваўшы адданасьць любімаму занятку, узроўнем свайго майстэрства, віртуознасцю тэхнік, разнастайнасцю ды прагажосцю сваіх работ далёка пераасягнулі машынную вытворчасьць, давёўшы права вышыванню (ды й іншым відам рукадзелля) заняць пачэснае месца сярод ужо не рамёстваў, але – высокага мастацтва.

 Мае работы – гэта толькі спроба правесці першую выведку ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучыць у яго беларускую адметнасць, каб свет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасць. Я ведаю, што за мной прыдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя й дзёрзкія – і давядуць сьвету, што вышывальніцкая Беларусь жыве! Ёй ёсць што паказаць: цудоўныя па прыгажосці, фантастычныя па складанасці, мудрагелістыя ды загадкавыя, і ў той жа час асвечаныя ўсім духоўным жыццём нашых продкаў – нашыя беларускія арнаменты. Тут бязмежнае поле для даследаваньняў навукоўцам, а нам, майстрыхам (і майстрам :) – для натхнення ды рэалізацыі сваіх творчых памкненняў. Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль.

 Я ўжо пачала.

 Ірына Варабей (Iryna Varabei)

Комментариев нет:

Отправить комментарий