20.02.2022

Слухайма Ліску

«Сцяпан – вялікі пан» Артура Вольскага ў Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача 

Прэм'ера -- 21 лютага 2021 года 


«Казка для тэатра і для чытання таксама» змяніла жанр на «блазнаванне». Лёгкае, порсткае, пругкае, з імгненнымі зменамі настрою, бесперапынным пасміханнем, кепікамі, жарцікамі, гранічным несур“ёзам ды (часам) перабольшана-камічным стараннем выканаўчай грамады. Драматычная артысты ўзяліся за планшэтныя лялькі, а пастаноўшчыкі выкшталцілі чароўны тэатр ценяў напераменкі з адметнымі пластычнымі сцэнамі (мастак-пастаноўшчык – Ларыса Рулёва).


Твору Артура Вольскага, які лічыцца першай беларускай аперэтай для дзяцей (пастаўлены ў 1979 годзе на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі, цяпер – Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра), гэты жанр упасаваў як мага, бо ажывіў стандартна-рамантычныя дачыненні закаханых, з хітрыкаў галоўнага звадыяша вылучыў рашучую дурноту, надаў асобе-функцыі кіраўнічыя царскія рысы. Падкрэсленую павагу да аўтарскага тэксту выявіў рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Савіцкі, але ў пастаноўцы, прызначанай для шасцігадовых, рэй павяла дынаміка дзеяння, якой падпарадкаваліся ўсе музычныя нумары.

Пакуль дарослы глядач пазнаваў-пільнаваў знаёмыя па жыцці сітуацыі (экспазіцыю паспяхова завяршае песенька з рэфрэнам «...а грошы атрымаю і стане весялей»), для малога ўвасаблялася абсалютна казачная несправядлівасць: царскае паляванне страляла і кагосьці цкавала. Праз хвіліну захеканая, спалоханая, гожая паненка прасіла ў шаўца Сцяпана паратунку. Сцяпан знаходзіў дзяўчыне месца ў зале, даручаў аўдыторыі -- калі раптам што, прасіў дапамагчы або заступіцца. Тое, што артыстка ўвасабляла Лісіцу, гледачы зразумеюць неўзабаве, бо звыклых сцэнічных прыкметаў вобразу ў выглядзе хваста ці футра яна не мае. А вось дзеянне (паляванне, ловы, здабыванне), што стагоддзямі ўспрымалася як норма і жыццёвая вымога, праймала глядзельню навылёт і яе няўхвальны гоман імкнуў да рампы: так цягнулася, шырылася, доўжылася генеральная лінія ТЮГа -- чалавек мусіць пераглядаць і мяняць сваё стаўленне да жывога і нежывога, кожны ўчынак вымагае абачлівасці, абдуманасці, прыстойнасці.

Чатыры цэнтральныя персанажы казкі прадубляваны лялькамі (работы калектыву пад кіраўніцтвам скульптара Наталлі Кудашкінай) – за імі хаваюцца, бароняцца ад чужых вачэй, яны ўводзяць у зман камічным скажэннем прапорцый і падкрэсленай прасцякаватасцю сваіх вобразаў. Цару ды Генералу асабліва важна, каб іх сапраўднае аблічча штораз заставалася ў ценю лялькі – яны і Царэўну міжволі цягнуць у свае гулікі, але, як цяпер кажуць, перамагае здаровая спадчыннасць ды імунітэт -- за аднастайным лялькавым фасадам шавец і Царэўна ўсведамляюць свае сімпатыі да рашаюцца на ўчынкі.

Захапленне прафесійным майстэрствам Сцяпана мяняе царскую дачку: рапараванне чаравіка, які намуляў Царэўне, пастаўлена як невялікі эфектны нумар, калі пад працоўны рытм абуткоўца падпадаюць нават царскія жаўнеры і дваровыя фрэйліны. Файна адрабляе экран тэатра ценяў пры задніку – як сценка чароўнага ліхтара, дзе з“яўляюцца ажурныя дрэвы, птушкі, а чалавечыя целы раз-пораз утвараюць формы чарадзейных істотаў. Ён таксама здатны і на эфекты крывога люстэрка: прыкладам, зайцы на нейкі момант пераўзыходзяць па памерах ваўкоў альбо страшная ахова не дае прыступіцца да ўваходу ў палацавую вязніцу; па-за межамі экрана паставы асілкаў з царскага войска перакідаюцца дробнымі пазлізнікамі, здатнымі хіба слугаваць і прыніжацца.

Кожная несправядлівасць ў казачнай гісторыі мае пэўнага натхняльніка і выканаўцу – царскага Генерала. У Цара, бачыце, медалёў-ордэнаў шмат, таму Генерал пастанавіў сабе здабыць як найбольш. Спадзяецца, што нават за лісіны каўнер які-небудзь дадуць. Намаганнямі Андрэя Каралевіча на кожным кроку Генерал дэманструе самавызначэнне і самасцвярджэнне праз гвалт. А яшчэ на ўсё царскае войска замовіў боты шаўцу Сцяпану і не заплаціў за іх ні капейчыны, так што памяркоўны майстар адклаў ляльку і па-чалавечы ўтаропіўся ва ўяўную будучыню. Шчымлівую ноту страты ў сэрцы ( бо Царэўну звезлі ў палац) і гаспадарцы (бо спадзяваўся на прыбытак) перапыніла Лісіца -- прапановай, ад якой Сцяпан хоць і разгубіўся, але не здолеў адмовіцца. Варта толькі расстарацца ботаў добрай работы...

Праз артыстку Насту Астапенка (яна ж балетмайстар пастаноўкі) ацалелая Ліска паўстае той яшчэ кіцунэ: і Сцяпана спакушае сватаннем царскай дачкі, і ачольвае народныя масы зайцоў з ваўкамі, і выяўляе добрыя шпегарскія здольнасці, час-почас прамаўляючы «Слухайся Ліску, шчасце ўжо блізка!». Асаблівасці пражывання ролі -- прыгожы вонкавы малюнак, узважана эмацыйны тэкст, знаходжанне ў пастаянным руху – раскрываюць персанажа, які, нарэшце, здабыў годную справу для сваіх здольнасцяў. Сцяпан, трэба заўважыць, не герой. Сцяпан здаволены тым, што мае і пераменаў не прагне -- каб не раптоўнае каханне, каб не Лісіца, якую паслухаўся, сядзеў бы ён на той самай дупе. У драматурга матыў адплаты за дабро і аднаўлення справядлівасці даносіць ноту сацыяльнай абмежаванасці, так што нават характарнасць дзейных асобаў пераконвае не адразу. Рэжысёр зрабіў націск на чалавечыя якасці персанажа, на яго прафесійную ды пабытовую абазнанасць.

  

У пераабуванні Лісіцы выразна дачуваецца пасыл «Папялушкі»: варты абутак здатны пераўтварыць не адно жыццё! Дасведчаная глядзельня адразу прыгадвае знакамітых катоў – да беларускага народнага ката Максіма ўключна. Успрыманне абутку як пэўнай раскошы пераймае зварот да здаровага розуму, бо нават казачны шлях можна не адолець басанож. Абяцанне ўяўных ботаў, падмацаванае мадэльным паказам ботаў наяўных, порстка гуртуе Сцяпанавых прыхільнікаў – зайцоў і ваўкоў. Жаданне мець дыхтоўны ды зручны абутак ператварае капрызы Царэўны ў справядлівыя патрабаванні да тых, хто ўзяўся пільнаваць пратакол. Карацей, вартыя боты не толькі расквечваюць жыццё, але і ўтвараюць ягоную перспектыву, таму вымагаюць адпаведнага стаўлення, а той, хто ўмее іх шыць, -- павагі ды захаплення. Такім чынам узбуйняецца фігура сціплага шаўца, чыім подзвігам стае цярплівая цягавітасць, трыванне ды надзейнасць, а выканаўчы падыход Генадзя Гаранскага забяспечвае персанажа і абаяннем, і лірычнай узнёсласцю. Калі ж ягонымі вачыма аўдыторыя пачынае глядзець на Царэўну, Марыя Возба патрапляе давесці, што фанабэрыстая бацькава ўлюбёнка перажывае раптоўнае разуменне сябе.

Андрэй Каленікаў у ролі Цара перадусім вылучаецца выдатным абыходжаннем з лялькаю і не-націсканнем на нейкую традыцыйную характарную рысу персанажа. Пэўны час Цар у ягоным выкананні абсалютна дакладна адлюстроўвае Сцяпана: здаволены ўсім, што мае і пераменаў не хоча, хіба дачку замуж выдаць за Генерала. І толькі непрыхаваны разбой апошняга з ператварэннем у рабаўніка і няўдалага забойцу абуджаюць адметныя кіраўнічыя якасці ачольніка дзяржавы: аказваецца, ён таксама слухаецца Ліску! Няблага разбіраецца ў людзях і сітуацыях, цудоўна ўмее прымаць рашэнні. Цар шчыра смяецца з пагрозы Генерала перайсці на бок Імператара і выдаць ўсе сакрэты: той налаўчоны хіба лупцаваць-вымагаць-прысабечваць. А галоўнай таямніцай казачнага царства вось-вось зробіцца стратэгічнае шавецтва: Цар гатовы аддаць пад яго і палову палаца, і палову царства, у якога з“яўляецца перспектыва спакою ды росту. І той, хто ўсё гэта забяспечыць, ствараючы пэўнае ды карыснае, здужае і гвалтаўніка, і балабола.

Ужываныя лялькі не робяць спектакль лялечным. Вакальныя і харэаграфічныя сцэны не ператвараюць яго ў мюзікл або аперэту. Рэжысёрскія вырашэнні разлічаны на дыхтоўны драматычны гарт, размаітасць акцёрскіх уменняў, здольнасць імправізаваць у наўпроставых зносінах з глядзельняй, пакуль са сцэны пераканаўча даводзяць, што чалавек мусіць ствараць, берагчы, любіць: слухацца Ліску і спазнаць шчасце.


Фота Ганны Шарко

#БеларускіТЮГ

#АртурВольскі

#УладзімірСавіцкі

#ЛарысаРулёва

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий