кастрычнік 2020
Ларыса Рапапорт
«Казкі дзядзькі Якуба» паводле Якуба Коласа ў Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача
Падобна, што з’яўленне гэтага спектакля, амбітнага і рызыкоўнага адначасова, вызначыла ўсведамленне-адкрыццё Коласавага гуманізму ды «філасофскай канцэпцыі цэласнасці духоўнага быцця чалавека і свету...». Але апавядаць шасцігадовым дзецям пра іх адзінства?!
Іду ў заклад: «Казкі жыцця» Якуб Колас не прызначаў для сцэны. Ніякім чынам, ніякім бокам. У перакладзе на мову драматычнага тэатра аўтарская літаратурная казка часам шмат губляе – прыкладам, алегарычную шматзначнасць, сімвалічнасць, філасафічнасць – хоць бы таму, што самы абстрактны або ўмоўны сцэнічны персанаж вымагае фізічнай пэўнасці, бо яго ўвасабляе жывы артыст, патрабавальны ды супярэчлівы. Калі праз запамінальную характарнасць або кранальную лірычнасць ён патрапляе стварыць вобраз, завабіць і захапіць аўдыторыю, далікатныя матэрыі міжволі цьмянеюць, чэзнуць, распускаюцца. Затое як раскашуе эмацыйная памяць глядзельні!
Стваральнікі спектакля пагаджаліся, што пераказваць дзецям Коласа блізка да тэксту бессэнсоўна, але чаму б не згуляць у саміх жыхароў бязмежнага Коласавага свету? Уявіць іх роўналеткамі гледачоў і прасачыць этапы зменаў? Як бы паводзіліся героі «Асінай каралевы» альбо «Адзінокага дрэва» у сваіх першых звадах, спрэчках, выбарах?
Тэатр юнага гледача даўно і мэтанакіравана шукае свае і пераймае адметныя сучасныя мадэлі абыходжання з класічнай і казачнай літаратурай (таксама і перакладной). Свае станоўчыя ролі ў выпрацоўцы гэтага абыходжання адыгралі спектаклі «Паліяна», «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Беласнежка і сем гномаў», «Мая маленькая чарадейка», «З нагоды мёртвых душ» і нават «Пінок“ё», які зазнаў не самае паслядоўнае сцэнічнае ўвасабленне. Вядома, тюгаўцы мусілі ствараць сваю ўласную п’есу-фантазію, гэткі прафесійны фанфік паводле Коласа (загадчык літаратурнай часткі Жана Лашкевіч з чынным удзелам рэжысёра Вячаслава Паніна), але ўсе выніковыя восы-шэршні-матылі – вобразы, сумленна ўзятыя з «Казак жыцця»… на шляху, так бы мовіць, да сваёй вызначанасці або сталасці, занатаванай класікам. Так, на сцэне яны – дзеці. І можна ўсцешыцца тым, як дакладна і дасціпна ўявілі (аднавілі?) іх праз гульню пастаноўшчыкі -- не пачаткоўцы, але яшчэ вельмі маладыя рэжысёры Ягор Невяровіч і Данііл Філіповіч. Наследуючы Коласу, яны падрыхтавалі тлумачэнні для выканаўцаў, сфармуляваўшы для тэатра пэўную праграму абыходжання з творам .
Данііл: Для мяне Якуб Колас перадусім асацыюецца з зямлёй -- зямлёй у сусвеце, якая, па вялікім рахунку, нікому не можа належаць і не належыць. Яна абсалютна самастойны, жывы арганізм, які пакуль што трывае і церпіць чалавека-пераўтваральніка, і ў Коласа шмат можна знайсці пра тое, з якой пашанай, пяшчотай, асцярожнасцю трэба да яе ставіцца. Чым здзівіць наша работа? Я не ведаю і не чуў пра нешта падобнае ў беларускім дзіцячым тэатры: ад стварэння драматургіі да спосабу існавання артыстаў, пластыкі, харэаграфіі, музыкі. Прыкладам, лейматывам “Казак дзядзькі Якуба” зрабіліся прыродныя з’явы -- дождж, навальніца, землятрус; яны дакладна і часам моцна рэагуюць на ўчынкі персанажаў спектакля, каб прымусіць ўсвядоміць, што зямля – жывая, і вымагае ад чалавека прыстойных паводзінаў. Інакш можа здарыцца непапраўнае.
Ягор: Наша персанажы пачалі добрую дзіцячую гульню, але загуляліся і забыліся, што сквапнасць, жорсткасць, варожасць псуюць не толькі дачыненні, але жыццё. І што важна – не толькі чалавечае! Вакол нас процьма жыццяў, пра якія нам зусім не абавязкова ведаць альбо здагадвацца. І, верагодна, чалавечнасць якраз у тым, каб ім не шкодзіць.
Праз «Казкі дзядзькі Якуба» (а іх распачынаюць і суправаджаюць песні на вершы Коласа) мірсціцца пошук жыццёвага сэнсу, але стваральнікам рупіла не алегорыя жыццёвага шляху чалавека (яна нават не закладалася ў мастацкае вырашэнне), а дослед ягонага сталення ў наўпроставым дачыненні з Сусветам. Дзіцячая пляцоўка з пясочніцай і горкай (драбінамі), аточаная кустоўем – звыклае, стандартнае месца першых выпрабаванняў маленькай асобы, ператвараецца ў плацдарм для захопу наваколля. Умоўнасць пляцоўкі мастачка Дар’я Волкава падкрэсліла велізарным фактурным лісцем на фурках (у кульмінацыі-ачышчэнні такое самае лісце апусціцца з-пад каласнікоў з вялікімі свяцільнямі-кроплямі). Дзеці, бавячы час перад нейкім святам (ранішнікам), выбіраюць сабе ролі ў адпаведнасці з касцюмамі, якія расстараліся бацькі. Захапляюцца так, што стырнуюць да адметна драматычнага развязання, праўда, не такога, як ў славутым «Уладары мух» Голдынга («...зварот да жанру казкі, напоўненай заўсёды пазітыўнай якасцю пераадольваць абсурдныя жыццёвыя канфлікты нават у самыя праблемныя моманты развіцця грамадства, сведчыць аб імкненні... аднавіць духоўную цэласнасць чалавека ў перыяды гістарычных зломаў»). Фінал і тым больш эпілог «Казак дзядзькі Якуба» узбуйняюць праблемы чалавечага непаразумення ажно да верагоднасці сусветнай катастрофы: сама прырода (касмічная раўнавага? вышэйшы розум?) спыняе дзіцячую вайну – яшчэ цацачную, хоць і бязлітасную, але з дакладнай высновай-цытатай што «вайна – гэта хлусня». Актыўнае і часам смешнае змаганне Шэршняў на імя Павел (Павел Церахаў і Дзмітрый Козел) ды Андрэй (Андрэй Каламіец) і Асінай каралевы (Марыя Возба-Гаранская) – ды не з ворагамі, а са сваімі сяброўкамі-матылямі (Ганна Махун, Аляксандра Жукава і Наталля Горбань, якую нядаўна змяніла Марыя Якімчук) і адважным Мікітам-Камаром (Мікіта Кратовіч і Улад Вінаградаў) аднаўляе, так бы мовіць, атачэнне дарослых, з якіх малыя гульцы бяруць прыклады паводзін, а гэта не адно дакучлівыя павучанні, двудушнасць, падман – таксама і прыстойнасць, уменне адстойваць свой пункт гледжання, спачуваць, дапамагаць.
Колькі разоў наваколле адгукалася на важданіну юных грамадзян (гэтыя водгукі добра ўштукаваліся ў музыку Антона Асташэвіча) – так, што яны запавольвалі або прыпынялі сваю актыўнасць і грубіянства, скіроўвалі ўвагу на разважлівасць і агульныя сімпатыі (прыкладам, трапяткую дзіцячую закаханасць сведчыць цудоўная сцэна Камара і Бялянкі). Гняздо, якое, гуляючы, будуюць уяўныя восы, шэршні й матылі, мусіць быць пазначана як асінае, а дасціпны Камар, ладзячы інтэрактыў з аўдыторыяй, падпісвае яго то асліным, то ласіным. Прыродны катаклізм пераназывае яго лясным – абсалютна ў беларускім народным духу даверу да лесу і адначасовай містычнай павазе да ягоных таямніц. Навальніца спыняе гвалт, лясное гняздо канчаткова суцішвае жарсці і паўстае феноменам набытага спакою, ведання і дома, дарэчы, вельмі простым для разумення, гэткім папулярным «я ў дамку». Персанажы-дзеці задаюць яму пытанні і... самі адказваюць на іх – такім чынам сцвярджаюць свой маральны закон і засвойваюць, што «Не ў адной толькі нашай душы /Зерне ёсць хараства...».
Цытаты ўзятыя з работ літаратуразнаўцы, даследчыцы творчасці Якуба Коласа Тамары Тарасавай
#БеларускіТэатр
#ГісторыяБеларускагаТэатра
Комментариев нет:
Отправить комментарий