01.02.2022

Эфект датычнасці да жыцця

Шэсць прапаноў склалі конкурс Нацыянальнай прэміі-2018 на лепшы спектакль для дзяцей і там, паводле анатацыі да спектакля з Магілёва, «спляліся сюжэты нашых любімых рускіх казак». Рэй з пераменным поспехам вялі Ямелі й Вані; жорсткія ваяводы і капрызлівыя цары гучна вымагалі шчупаковых цудаў, чароўных ялінак, лятучых караблёў; сам «Лятучы карабель» Беларускага дзяржаўнага музычнага ўяўляў сабою мюзікл Максіма Дунаеўскага, а «Па шчупаковым загадзе» (На шчупакоў загад?) Магілёўскага абласнога і Палескага драматычнага разам са «Старой чароўнай казкай» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага – навагоднія прадстаўленні рознай ступені дыхтоўнасці і традыцыйнасці. Творы з чароўным шчупаком мелі адрозненне – Лізавета Тарахоўская стварыла з народных казак п’есу на пачатку мінулага стагоддзя (у 1938 годзе яе зрабілі падставай для фільма) і перадусім мела на ўвазе дзіцячую аўдыторыю, а Станіслаў Зельцэр відавочна натхняўся творамі Леаніда Філатава і дбаў пра глядельню з бацькоў. Магілёўскую казку давёў да сцэны Міхаіл Лашыцкі – і як рэжысёр, і як мастак. Вывеў плойму скамарохаў, прымусіў пераўвасобіцца проста на сцэне, пераапранаючыся ў стракатыя лапікі, датрымаў гэты своеасаблівы выяўленчы стыль нават у афармленні зэдлікаў альбо акардэона, пераніцаваў акцёрскія асаблівасці ў ролевыя адметнасці, спраўдзіў шалёны тэмпа-рытм – так, што кожны акцёрскі крок відавочна і пераканаўча соваў дзеянне. Праўдзівы казачны атракцыён (паводле жанравага вызначэння) прыемна здзіўляў кожнай павароткай. Натуральна, такое прадстаўленне здабыло сабе месца ў рэпертуарнай афішы. Верагодна, з пінскім спектаклем у пастаноўцы і мастацкім вырашэнні Паўла Марыніча адбылося нешта падобнае, але... хто купляе квіткі ў тэатр на свой бацькоўскі густ? На гэтую акалічнасць дужа зважыў і Канстанцін Міхаленка з Маладзёжнага тэатра, стваральнік «Старой чароўнай казкі»: пры тым што частку дзейсных ліній казачнага аповеду ён па-просту кінуў – недакрэсленымі й незавершанымі, сэнсавы складнік «для дарослых» дагледжаны як вока ў лобе. Перлінка казкі «Ша-ша з левага чаравіка» Алены Мальчэўскай – дзіцячыя мары, якія маюць намер спраўдзіцца ў дарослым жыцці нашай сучасніцы; да перліны праз сцэнічнае ўвасабленне Наталлі Слашчовай, на жаль, гісторыя не даспела, але сваёй пяшчотнай маціцовасцю кранула – залічым сюды і музыку Алены Зуй-Вайцахоўскай, і выяўленчыя шэрагі Вольгі Шчарбінскай. Аднагалосным лідэрам намінацыі апынулася «Калядная гісторыя»: рэжысёр Ігар Казакоў вышчыраваў яе з трупай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і мастачкай Таццянай Нерсісян на падставе класічнай аповесці Чарльза Дзікенса. Да прывідаў каляднага аповеду дадаліся спевы і тэмы кампазітара Аляксандра Літвіноўскага, а таксама заўважныя акцёрскія работы жывым планам, дзе першы сярод роўных -- Аляксандр Васько ў ролі Эбэнэзера Скруджа (праца з лялькамі і прадметамі не ў рахубу, яна ў Дзяржаўным лялечным заўжды на вышыні). Маецца і яшчэ адзін «ласы плюсік». Працяглы час наша лялечная рэжысура імкне да відовішча, дзе, так бы мовіць, «усё працятае ўсім»; вырашэнне мастака альбо кампазітара не толькі сціпла ўплывае, але разам з рэжысёрскім вызначае спосаб акцёрскага існавання; музыка, прыкладам, не адно падтрымлівае тэмп і настрой, але характарызуе вобразы ды выгукае манеру акцёрскага выканання (нават віртуозным падборам гэта не вырашыць, таму да ўдзелу і запрашаецца кампазітар), лялькі мяняюцца значэннем з артыстамі, робяцца іх двайнікамі, супернікамі, дзеля чаго пераасэнсоўваецца драматургія, нават класічная – і да таго падобнае. «Калядная гісторыя» названае імкненне падтрымлівае і ператварае ў вектарнае, паскараючы як мага. Дзіця, своечасова прыведзенае на падобны спектакль, падсвядома засвойвае адметную тэатральную меру з яе «чароўным імгненным эфектам датычнасці да жыцця». З ёю жывецца няпроста, але вынікова – а мо тады й бывай, маскульт традыцыйных навагодніх прадстаўленняў? 

Сем твораў склалі конкурс Нацыянальнай прэміі-2018 на лепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара, дзе па-за гуртом прыкметных і шараговых персанажаў гэты раз паўстаў і вельмі значны: важаты-правадыр, які наўпрост звяртаўся да міфалагізаванай глядацкай свядомасці, спавядаў драматургію абраду й апавядаў пра існую драму (трагедыю) – страту крохкай, амаль незаўважнай спадчыны, так званага нацыянальнага фальклору. Хоцьма-няхоцьма фальклор уваходзіць ва ўжытак прафесійнага мастацтва, але чалавек-аркестр Іван Кірчук не жартам замахнуўся сцвердзіць і пакінуць яго ў тэатральным вымярэнні, каб часцей выпадала магчымасць прайсці «Дарожкай маёй...», з усіх бакоў нефарматнай і каштоўна-нефармальнай. Бо «...не сумна, калі слоў нявыказаных больш як выказаных».

Досвед Кірчука, вядома, узрушыў, але водгулле ягоных мелодый раптоўна дачулася праз «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата (камерная сцэна Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы) і вытанчаны, наструнены слых Піта Паўлава, слыннага музыкі, кампазітара і выканаўцы гэта пацвердзіў: «...сэмплы сапраўднай беларускай гаворкі, перанесеныя ў стэрыльную, касмічную сытуацыю, нечакана набылі моц заклёнаў. Той беларускі космас, які я ўсё жыцьцё спрабую знайсці і зафіксаваць, нечакана набыў выгляд бездакорнага, ідэальнага выказваньня. ...Я разважаў, ці будзе тая ж моц ад пазнаваньня пры перакладзе. Не ведаю. Блізкія суседзі, натуральна, пазнаюць тыпажы, украінцы ды палякі нават зразумець, пра што гаворка. Але ж хіба толькі ў нас гэтая рэч будзе выклікаць Катарсіс».

...Я ўслухвалася ў «Скарыну» Мікалая Рудкоўскага і Саўлюса Варнаса, драму-апокрыф Магілёўскага драматычнага тэатра, дзе (су)размоўцы-выканаўцы час-почас апыналіся на тле велізарнай планеты, а яна, дзякуючы праектару, заступала ўвесь сцэнічны заднік; верагодна, мусіла падкрэсліць сусветную важкасць словаў і персанажаў. Тыя прамаўлялі дастаткова. Нявыказаных словаў, бадай, у іх не засталося. Яны пацвельвалі цікаўнасць, але чамусьці не спрыялі дачуць нейкае адзінае важнае выказванне стваральнікаў спектакля, заміналі дзеянню, якое рухалася штуршкамі, так што не выпала зразумець і тое, дзеля чаго спатрэбілася станавіцца на пуанты (Маргарыце), важдацца з жывым пітонам (на пасвячэнні Скарыны ў масоны) ды вывяргаць полымя са старонак (проста у руках Францішка загаралася адкрытая кніга). З вартасцю, надзённасцю, адметнасцю дакументальнай драмы «Час сэканд хэнд» паводле Святланы Алексіевіч (Маладзечна, Мінскі абласны драматычны тэатр), трагічнае камедыі «Ляцелі арэлі» Канстанціна Сцешыка (Гомельскі абласны маладзёжны тэатр) і спектакля з нявызнаным жанрам «Опіум» Віталя Каралёва (Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн») -- як падзей культурных і сацыяльных -- спрачацца не выпадала. Але хацелася б сцвердзіць каштоўнасць (а месцамі і ўцямнасць) мастацкага выказвання кожнага са стваральнікаў гэтых пастановак, дзе артысты несупынна апавядалі пра персанажаў -- з любой нагоды і самымі рознымі словамі. Абжыванне прасторы і абыходжанне са сцэнічным начыннем у першай выгукала згадку пра купалавых «Тутэйшых» -- таго месца, дзе класік з усёй магчымай іроніяй падаваў меркаванне аб прамовах і прамоўцах. У другой такая шматсэнсавая і магутная матэрыя як натуральная зямля (чым не персанаж?), ужытая абсалютна да месца, аніяк не патрапляла набыць метафарычнае гучанне. У трэцяй чорнае адзенне сцэны паглынала персанажаў у чорным, а трапна знойдзены прыём (вызначэнне ўласных імёнаў, аб’ектаў і часткі фізічных дзеянняў маляваннем – прыкладам, цыгарэтай з дымам) заставаўся фармальным. Тачыла навязлівая думка, што мастакам-сцэнографам, у нашым выпадку Андрэю Жыгуру і Юрыю Саламонаву, на перамовах з рэжысёрамі забракавала нейкіх чароўных слоў і выразаў...

Пераможцу ў намінацыі -- гісторыю ў фотаздымках «Кропкі на часавой восі» Дзмітрыя Багаслаўскага вылучыла супольная (ансамблевая!) і вельмі дыхтоўная праца мастачкі Валянціны Праўдзінай, харэографа Валерыя Султанава, рэжысёра Таццяны Траяновіч, а таксама шэраг вобразаў, дзеля якіх на сцэне сышліся артысты ўсіх наяўных пакаленняў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску. Невялічкія, далікатна распрацаваныя і ўвасобленыя сюжэты пра людзей на зломе (канфлікце, вайне, катастрофе) склаліся ў «аповесць пра сапраўднага чалавека» па-за краінай, нацыянальнасцю, веравызнаннем; у «чароўны імгненны эфект датычнасці да жыцця...»

Жана Лашкевіч 

Працытаваны выказванні рэжысёраў-сучаснікаў Канстанціна Райкіна, Пятра Фаменкі, Льва Эрэнбурга. 

#НацыянальнаяТэатральнаяПрэмія_2018 

Комментариев нет:

Отправить комментарий