09.06.2014

Чырвоная нітка


На навюткія крэслы гарадзенскай лялечнай залы маю ўвагу звярнуў калега: чорную фарбу спінкі пры самым версе псавалі заўважныя драпіны.  “Гэта дзеці, – патлумачыў дасведчаны рэжысёр. – Зубамі закусваюць, калі моцна перажываюць...”.  Так відавочна моц перажыванняў ўплывала і на ацэнкі дваццаці спектакляў ІІ міжнароднага свята-фэсту “Лялькі над Нёманам” (Гродна, 11 -15 траўня 2014 году), хоць узнагароды не прадугледжвалі падзелу “за дзіцячае” і “за дарослае”...

 
"Аленка"
“Лялькі над Нёманам” падымаюцца рана – каб іграць для дзяцей. Дзецям звычайна ад пяці да дзесяці гадоў. Іхнія беды, страхі ды жаданні гэтаксама маюць розныя ўзросты. Беластоцкая “Аленка” Каталін Шэгедзі ў рэжысуры Ката Чаты (Венгрыя) прызначалася для гледачоў ад аднаго (!) да сямі гадоў. Для тых, хто яшчэ не размаўляе, альбо толькі-толькі размаўляць паспрабаваў: гукавы шэраг спектакля складаўся з музыкі, выклічнікаў ды ўздыхаў таўсцюткай гераіні Аленкі, якую не бралі ў гульню –  скакаць яна не спанатрылася, абруч “не ўзлазіў”, мяч трапляў у шыбу. Затое Аленка цудоўна малявала. Хлопчыку на самакаце гэта вельмі спадабалася і яны сталі катацца разам. То бок Аленка знайшла сябра.

Падставай для сцэнічнага афармлення зрабілася... велізарная кардонная каробка – у такіх часцяком захоўваюць цацкі. Месцам дзеяння стаў гарадскі двор, дасціпна асталяваны на яе “крылах”, і пакойчык дзяўчынкі,  ладную частку якога заняў паласаты фатэль... для артыстаў, вядома. З лялькамі яны абыходзіліся як дзеці – мяняліся, качалі, круцілі ў паветры, падкрэслена папраўлялі ручкі-ножкі: зайздроснае валоданне тэхнікай анімавання дазволіла працаваць і “жывым планам”, і бездакорна стылізаваць “гульню ў лялькі”, і чысцютка, беспамылкова весці спектакль. Лялькі вабілі глядацкія вочы стылёвай прыналежнасцю да рукатворных кірункаў  (так званага hands made), сцэна ды строі лялечнікаў  вытрымліваліся ў бэжавых, белых і няяркіх чырвоных адценнях, а чаканні публікі заахвочвала шчыраванне гераіні з алоўкамі: Аленчыны малюнкі дзеці папрасілі на ўспамін – і атрымалі!


...У тэатр для дзяцей лялькі трапілі  гадоў сто пяцьдзесят таму, але цягам часоў ранейшых, скрутнейшых ды цямнейшых мелі справу з самімі дарослымі вымогамі ды запатрабаваннямі. На гэтую вельмішаноўную акалічнасць варта зважаць. Асабліва тым, хто на сцэне аддае перавагу казкам, каштоўным сваёй “негабляванасцю”, адрознасцю ад іншаземных  з падобным сюжэтам. Казка не можа не быць пэўным урокам, які трэба засвоіць пад час тэатральнае забавы.

“Хочаш быць шчаслівы? Не забывайся на сваю мару”, – спявалі казачнікі-вядоўцы Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек пяцігадовым гледачам пад час спектакля “Каралева-лебедзь”. Перш як зрабіцца каралеваю, яна плавала ў чароўнай скрыні ценевага тэатра, дапамагла дзеду з бабай, спадабалася каралю, пераехала ў палац, але пазбылася крылаў і мусіла іх  аднаўляць-здабываць – каб узляцець і бачыць свет з нябёсаў. Ну і караля да палётаў прыахвоціць.

Аўтар і рэжысёр Ніёле Індрунайтэ паставілася да народнай казкі прафесійна – не змяніла аніводнай падзеі ці сюжэтнай лініі. Абвешчаны рэжысёрскі прыём – аповед і вынаходлівае ілюстраванне. Прыкладам, пёрка, якое прыносіла казку гледачам, займела маленькае асобнае вакенца наверсе сцэнічнага варштата, злятала адтуль ценем ды апыналася ў руцэ казачніцы – сапраўдным. Фіранку, з якой мянялі месцы дзеяння, часам падшморгвалі пад ногі каралеўскага каня – каб не аступіўся... Мастачка Аўшра Паўкштэне падтрымала рэжысёра: сілуэты персанажаў на празрыстай шырме нагадалі літоўскую драўляную скульптуру.

Вытанчаная прастата літоўскага аповеду кагосьці пераканала не адразу, але толькі не дзіцячае журы, якое аддало яму свой прыз. Спектакль катурхаў ўяўленне, выклікаў параўнанні з экранымі відамі мастацтва, а ў выніку абуджаў цікавасць да казкі друкаванай – у кнізе, вядома.


... Менавіта кнігу нагадала мастакоўскае вырашэнне спектакля Тэатра лялек з Клайпеды “Чароўны час Папялушкі”. Дзіцячую каштоўнасць з аб’ёмнымі папяровымі выявамі-высечкамі, – тыя ўздымаюцца і набываюць уяўнага аб’ему, калі старонкі гартаюць. Як па сённяшнім разуменні, дык чорны кабінет і стол з папяровай канструкцыяй – якраз 3D выява... на ўзрост ад пяці да пятнаццаці гадоў.  “Хочаш быць шчаслівым? Дзейнічай!” –перавыснавала з вядомай гісторыі аўтарка і рэжысёр Гінтарэ Радзвілавічутэ,бо артыстка Рэната Кутайтэ ў вобразе дзівакаватай пісьменніцы Зоф’і разыграла для гледачоў здарэнне з Папялушкай  як з суседкай-сучасніцай. А паколькі Зоф’я – адмысловец у дэтэктывах, аповед ладзіўся адпаведна: модныя строі Папялушка знаходзіла ў валізе на аўтобусным прыпынку, а за каралеўскі баль адрабляў канцэрт музычнага гурта з салістам-Прынцам. Рэната Кутайтэ ўвасобіла не менш за тузін роляў, ад драбнюткай птушачкі да вялікай мачахі-маскі, то бок спрацавала так размаіта ды вынаходліва, што атрымала ўзнагароду за лепшую жаночую ролю. 


Так прыгожа супала, што ўкраінскія лялечнікі з Хмяльніцку і Роўна прывезлі на свята па спектаклі ў рэжысуры Сяргея Брыжаня і мастакоўскім вырашэнні Міхала Нікалаева. У абодвух выпадках, як іспыт высокага прафесійнага кшталту, яны абіралі для спектакляў датклівы народны матэрыял – казачны і абрадавы.


Спектакль Хмяльніцкага абласнога тэатра лялек “Аленка ды Іванка” грунтаваўся на агульнаеўрапейскім сюжэце пра сястру і брата – той напіўся з-пад капытка жывёлы і ператварыўся ў жывёлу.


Міхал Нікалаеў стварыў свет паганскага Апакаліпсісу, дзе супраць людзей паўстала Чорная сіла, вынішчыла паселішчы ды наваколлі, зрабіла з іх пустэльню, за якую неміласэрна помсціцца Ярыла – пячэ тых, хто ацалеў. Пячэ не жартам – здаецца, выпаліла нават строі артыстаў, якія нагададі старажытныя гарадскія ўбранні.


Шырма на два ўзроўні паўстала сцяной на мяжы пустэльні і абяцанай зямлі, дзе артысты  спраўджвалі жорсткі абарончы абрад-аповед. Прыхаваныя сэнсы вядомага сюжэту шасці-дзесяцігадовыя гледачы ўспрымалі праз эстэтыку гэтага стылізаванага абраду: праз лялечак на шпянях, праз колеры – ад глыбокага чорнага да ззяючых сонечных і вохрыстых адценняў, праз музыку, адметна выбраную са спадчыны розных народаў і розных эпох.


Артысты пераносілі, паварочвалі Сонца – і яно, жыццядайнае, перакідалася чорным вокам Зла. Паслядоўна з’яўляліся жывёлы, з-пад чыіх капытоў хацеў напіцца Іванка; так складнікам абарончага абраду рабіліся ахвярныя жывёлы. У ім ахвяра вымагала ахвяры, а Чорная сіла прагнула яшчэ: іншае, інакшае! Яна падманам вабіла Аленку да вады, тапеліца павольна апускалася на дно за празрыстым экранам цэнтральнай шырмы, але ў хуткім часе выратаванне Аленкі ўспрымалася ачышчэннем (аднаўленнем). Чорнай сіле да канца супрацьстаяла вернасць Аленчынага мужа: ён ратаваў сям’ю, куды казляняткам прыняў Іванку. Апакаліпсіс паганства спыняла дабрыня, ўвасобленая ў выратавальную выяву Маці Божай – са святла і цемры. Яе абрысы прысутнічалі ў спектаклі ад пачатку, але ззяць, то бок дзейнічаць-дапамагаць яна пачала толькі тады, калі людзі канчаткова схіліліся да добрага і самі пачалі дзеіць.


Казкі для тэатра – спадчына каштоўная, але крохкая. Няпэўны рух, няслушны тон – і ад казкі, як абалонка, застаецца хіба шэраг падзей. Заглыбіцца ў казку часам страшна, але гэты страх, як вядома, надае моцы эстэтычнаму перажыванню, што рэжысёр з мастаком бліскуча давялі. Работа Міхала Нікалаева, да ўсяго, прызнаная лепшай мастакоўскай работай свята-фэсту.


Свайго роду зімовую містэрыю пад назвай “Калядная ноч” Сяргей Брыжань увасобіў  у Ровенскім абласным тэатры лялек праз традыцыйны вяртэп, нароўні з якім працуюць шырмы і нават шыкоўныя акцёрскія строі.А вось якія ролі можна даверць казацкай шапцы? Перадусім – зрабіць з яе падабенства святой мітры. За шырмаю, калі на пачатку спектакля чуецца хвалюючы святочны гук уступу – адмысловага ладу і  прадчування цуду, шапкі-мітры  паўсталі ўзгоркамі кананічнага краявіду. Калі анёл пралятаў над імі, шапкі ўрачыста адблісквалі – як святочныя елкі.

У інтэрмедыі, дзе гожыя хлопцы ды кабеты выходзілі старцамі (тыя часцяком абыходзілі гледачоў ды збіралі грошы за прагляд спектакля), шапкі ператварыліся ў калядныя... ну, не мяхі, напішу – у мяшкі. Пры гэтым кожны артыст іранічна аспрэчваў “староцтва” іншага артыста...

Традыцыйны вяртэп (як і нашую батлейку) складаюць часткі біблейская ды свецкая. Біблейская часам фармалізуецца і сучасная публіка разам з увагай губляе цікавасць да самога відовішча. У “Каляднае начы” важнасць і важкасць падзей біблейскае даўніны для кожнага выканаўцы была выключнай; таемства – неаспрэчным, а характар дзеянняў ля вяртэпнае скрыні нагадваў службу ля алтару. Паспрабуй тут адцягніся ад дзеяння! Асаблівае захапленне выклікаў гукавы шэраг спектакля, бо кожны спеў – і народны, і ад аўтара-кампазітара, – артысты выконвалі без фанаграмных хітрыкаў. Ровенскія лялечнікі склалі лепшы акцёрскі ансамбль свята-фэсту, а пяць колцаў кілбасы, якія гаспадарлівы казак Мамай меўся зрабіць з пераможанага Ірадавага брата (Змея), актуалізавалі свецкую частку вяртэпа  – дасціпным вырашэннем экалагічных і палітычных праблем адначасова.


Вядома, лепшыя спектаклі захапілі і дарослых, бо мяжа паміж дзіцячым і дарослым у тэатры не пакладзена. Урок, прыклад, узор традыцыйны тэатр прапануе заўсёды, але карыстацца з яго ці не – справа глядацкая і наўпрост залежыць ад дзіцячай абазнанасці й культуры. Амаль усе лепшыя спектаклі “Лялек над Нёманам” грунтаваліся на сюжэтах, добра вядомых з літаратуры. Чым лепей гледачы ведалі, пра што пойдзе гаворка ў спектаклі, тым лепей яны ўспрымалі ды разумелі тэатральную мову, тым дружней адгукаліся на сованне звыклых націскаў (акцэнтаў) ды ўдалыя рэжысёрскія пераасэнсаванні. Амаль усе спектаклі разлічваліся на дзвесці пяцьдзесят – трыста гледачоў і належалі да рэпертуарных (г.зн. адмыслова да фестываляў не рыхтаваліся). Пануючымі і вырашальнымі з’яўляліся дзеянні асобных кіраўнікоў на чале тэатраў, то бок дырэктара, рэжысёра альбо крытыка-тэарэтыка ці выкладчыка-аналітыка (напрыклад, у Польшчы), перадусім – узважанае спалучэнне мясцовага попыту, магчымасцяў трупы і адметнасцяў творцы-пастаноўшчыка, які мог быць запрошаны быля-адкуль.


У пэўным сэнсе ўзорны досвед Брэсцкага тэатра лялек і ягонага дырэктара Міхала Шавеля. Пры гэтым колькі гадоў тэатр перажывае не рамонт – перабудову, пад якую ахвяруюць траха не гарадскім кварталам, але не губляе ні якасці, ні запатрабаванасці. Летась на свяце-фэсце ў Гродне берасцейцаў ганаравалі гран-пры за спектакль “Поўня Сальеры” паводле А.Пушкіна. Сёлета яны атрымалі прыз за лепшую мужчынскую ролю (артыст Уладзімір Тэвасян) ў спектаклі “Халстамер” Л.Талстога. Рэжысёр абодвух – Руслан Кудашоў, які ўзначальвае Вялікі тэатр лялек у Санкт-Петярбурзе. Лёсу сёлетняга Гран-пры таксама паспрыяў ён, Руслан Кудашоў, як рэжысёр спектакля “Мантэкі і Капулеці” Беластоцкага тэатра лялек.

Нягледзячы на ўзроставыя абмежаванні, гэтыя спектаклі можна настойліва раіць падлеткам: яны гартуюць душу.


... Аповед душы каня Халстамера пра зямное існаванне, паводле Льва Мікалаевіча, мусіў пераканаць залу паважаць жыццё... але не чалавечых персанажаў, абыякавых, безаблічных, безгаловых, – настолькі, што сэнс іхняга існавання ўтварала і падтрымлівала абалонка... строй, касцюм. Таму  замест іх, гаспадароў жыцця і Халстамера, дзейнічалі іхнія мундзіры. Артысты мацавалі іх да слупоў сцэнічнага варштата гузікамі да гледача, спрытна дэманструючы праз рукавы жэстыкуляванне, пашчыкванне гітары, падкіданне картаў (тое, што персанажы лічылі жыццёва вартым), а сам варштат імгненна ператвараўся ў дзясятак месцаў дзеяння (стайню, двор, дарогу, месца для скачак). Чацвёра артыстаў так спрытна завіхаліся ля касцюмаў ды коней размаітых сістэм (ад планшэтных  да ценевых; мастак Андрэй Запарожскі), што не знікала ілюзія шматнаселенасці спектакля, але вусцішна было ўсведамляць, колькі дзеянняў, высілкаў, імпэту адбіраюць безгаловыя “вянцы стварэння” ад жыцця... 


Берасцейскі “Халстамер” не меў на мэце даследаваць з’явішчы жорсткасці альбо справядлівасці. Ён нібы ўрываўся ў залу, нёсся па ёй і выбіраўся з яе праз ззяючае выйсце на сцэне, затое – да волі сусвету! Праўда, пад самы фінал гусару, з якім конь зведаў шчасце і дайшоў да калецтва, выпаў шанец... бо не мундзірам ён з’явіўся на сцэне, а дробным персанажыкам з галоўкаю і вочкамі. Але гусар не пазнаў гаротніка Халстамера.


Прынцыповае пераўвасабленне сцэнічнага строя ў найважны прадмет дзеяння адбылося ў спектаклі “Мантэкі і Капулеці” Беластоцкага тэатра лялек; строі ўздзейнічалі на персанажаў да поўнага і добраахвотнага падначалення...


Ад Уільяма Шэкспіра Руслан Кудашоў узяў толькі фабулу ды імёны, уласна тэкст трагедыі на пачатку спектакля  перадалі як бы капітанам дзвюх камандаў, двум бацькам.  Яны ўчытваліся ў ролі, ператвараючыся ў персанажаў, і кожны наступны рваў ад паперы свой шматок, люцеў, нават не ўбачыўшы суперніка, не сутыкнуўшыся, не дачыніўшыся: гартаваліся Мантэкі і Капулеці.

"Мантэкі і Капулеці"
На кожную групоўку, гурт, асобу прыпадаў кут, куток, кавалак для быцця. Асаблівасці сцэнічнага рыштунку, – рухомыя празрыстыя панэлі, паралельныя тросы, квадраты на падлозе, – перагукаліся з дызайнам электронных гульняў (мастак Андрэй Запарожскі). Варажнеча без дай прычыны, бойкі без правілаў, вайна да пераможнага канца панавалі ў свеце сцэнічнай гульні, ўвасабляліся ў Смерць, якая паволі інспектавала шэрагі гараджан і сямейнікаў. На тле чорнага сцэнічнага кабінету ўсе персанажы былі апрануты ў чорнае, але дзіўныя белыя строі-даспехі час-почас мацавалі іхні баявы дух – стылізаваныя кірасы, нагрудныя панцыры, сукенкі ўяўлялі сабою каркасы з умоўнай папяровай... бранёй, якая затуляла каркас толькі спераду. Такая не магла ўбараніць, тым больш прыкрывала яна толькі пярэднюю частку каркасу. Яна прызначалася для іншага. Для страшнага рытуалу апраменьвання нянавісцю. А потым – выпраменьвання гэтай нянавісці. Кожнага – на кожнага. Тым больш неверагодна і відавочна парадак гэтага свету парушыла каханне – танюткай чырвонай ніткай (тросам) пралегла між падлеткамі па-над пляцоўкай для баруканняў, і над ім сустрэліся дзве душы, дзве лялечкі... Да канца, да фіналу, у якім палеглыя з авансцэны глядзелі на  ўмоўна жывых, а мізансцэна ператваралася ў падабенства скульптурнай групы – помніка...


Гран-пры спектакля “Мантэкі і Капулеці” засведчыў і майстэрства польскіх артыстаў, і бескарысную неабходнасць тэатра... танюткай чырвонай ніткі, за якую яшчэ можна ўчапіцца і затрымацца – над Нёманам у Гродне, над побытам у свяце, над безданню, якой зеўрае рэчаіснасць. Шэкспір гэта ведаў.



Жана Лашкевіч

2 комментария:

  1. Ах, як шкада, Жана, што не ўдалося тут ў Гродна ўбачыцца ((( Тым больш шкада, што ў нас не атрымалася дастаць квіткі ні на водны спектакль падчас Фестывалю (((

    Таму - асаблівае дзякуй за цікавае апісанне ) А таксама радуе, што залі не пуставалі )

    ОтветитьУдалить
  2. Напраўду - шкада вельмі! Адзін з найлепшых нашых фестываляў. Пабачымся спагадзя - прыеду ў Гародню глядзець "Фаўста", але ўвосень.

    ОтветитьУдалить