26.05.2014

Чаму старэюць людзі?


Пытанне "Чаму старэюць людзі? " паўстала на першым спектаклі ІІ міжнароднага свята-фэста “Лялькі над Нёманам” у Гродне (доўжылася з 11 да 15 траўня 2014 году), а ўсё праз Дзяржаўны тэатр лялек (Мінск, Беларусь). Узнятае слушна і своечасова, пытанне вызначыла аднайменны спектакль у жанры сучаснае прыпавесці, а спектакль, у сваю чаргу, адзначаны за лепшую рэжысуру Аляксея Ляляўскага.


Тэкст п'есы Анатоля Вярцінскага "Дзякуй, вялікі дзякуй", які зазнаў бліскучыя інтэрпрэтацыі ў спектаклях (напрыклад, Алега Жугжды ў Магілёўскім і Брэсцкім тэатрах лялек пад назвай “Рыгорка – ясная зорка”), быў апазнаны з першых рэплік. Тэкст здаваўся  знаёмым, але сюжэт няўлоўна паварочваўкудысьці не туды далей ад знаёмай казкі, якая ўяўлялася дзіцячай сцэнічнай класікай. Давялося ўдакладняць у Аляксея Ляляўскага і высветлілася, што спектакль пастаўлены па першым варыянце казкі Анатоля Вярцінскага, які знайшоўся ў тэатральным архіве. Гэта важна таму, што адсоўвае час стварэння п'есы гадоў на трыццаць ад нашых інтэрнетаў і сацыяльна-палітычных крызісаў; гадоў на дзесяць-пятнаццаць ад перабудоў і роскідаў найбуйных дзяржаўных гнёздаў. Мяркую, што тэкст і сюжэт Анатоль Ілліч распрацоўваў яшчэ да Чарнобыля,  даследуючы тое, як вялікія і малыя сацыяльныя ўзрушэнні сціскаюць, выпетрываюць чалавечую прыроду; вытручваюць з яе найважны духоўны складнік, і тым самым рыхтуюць незваротны катаклізм...  

Няхітры сюжэт палягае ў тым, што жылі сабе дзед і баба. Быў у іх сын Іванка – ды загінуў на вайне. Быў у іх сын Раманка – ды памёр па вясне. Дзед і баба, жадаючы прыстойнай старасці і годнага адыходу, хочуць дзіця. З'яўляюцца тры старцы, абяцаюць, і дзіцяпрылятае, як зорка.

Гадуючыся ды назіраючы жыццё, хлапчук задае бацькам звычайнае пытанне: чаму яны, бацькі, такія старыя? Чаму не ўпадае Рыгорку ў вока аніводная маладая асоба? Ажно, выяўляецца, Змей вінаваты! Адабраў ад людзей добрае насенне і падкінуў замест яго злое зелле, праз якое маладосці нямашака. Рыгорка выслухвае адказ і спяшаецца справіць добрыя справы, каб аддзячыць дзеду і бабе за тое, што сваім жаданнем далі яму магчымасць, так бы мовіць, увасобіцца і спазнаць іншы свет (наш з вамі?), а таксама іншы спосаб існавання, гэта значыць жыццё (наша з вамі?).

…І выпраўляецца Рыгорка ваяваць Змея. Натуральна, яго чакаюць непрыемныя сустрэчы са зняважанымі ды абражанымі. А таксама падрабязнасці таго, як ад знявагі ды абразы можна дайсці амаль што да не-жыцця. З кожнай сустрэчы вынікае выснова-прыказка: людзі злом за дабро плацяць. І Рыгорку б не мячом махаць, а думаць, але на вайне як на вайне. Праўда, і Змей апынаецца не тое, каб вельмі разумным, але вельмі дасведчаным  у чалавечым жыцці і ягоных законах. Ён прапануе герою добрае насенне (вядро!) у агульначалавечае карыстанне, калі гэтыя чалавекі хоць бы аднойчы праявяць сябе прыстойна, што павінна ўвасобіцца ў простае "дзякуй" нашаму герою. А інакш падпадзе Рыгорка пад Змееву ўладу...

Невялікія падмосткі прыўзнятыя над сцэнай на караценькіх слупках-падпорках. У дошках адтуліны для прадметаў, якімі пазначаюць месцы дзеяння (слупы, дрэвы) іх імгненна ўсталёўваюць, мацуюць і адна сцэна без затрымкі змяняе іншую. Пры падмостках –  сцяна-заднік, у ёй – трое дзвярэй, у кожных дзвярох – дзверкі ды вакенцы накшталт тых, што робяць у раздатачных бальнічных ядальняў. Яны спрацоўваюць як невялікія дадатковыя пляцоўкі для працы з лялькамі.

Дзверы  мяжа звыклага і населенага сцэнічнага свету. Дзверы зачыненыя  экран для флэш-анімацыйных ролікаў: птушачкі ляцяць, слупы мільгаюцьЗ-за дзвярэй з'яўляюцца аніматары, апранутыя як лекарскі персанал. Яны кіруюць планшэтнымі лялькамі, даўгарукімі, даўганогімі (дзеда і бабу мастак спектакля Таццяна Нерсісян назвала лялькамі, "блізкімі да мімічных") і пачынаюць са сцэны скаргаў і ўспамінаў. Натуральна, сваю маладосць старыя памятаюць значна лепш за ўчорашні дзень. Старыя (артысты Уладзімір Грамовіч і Святлана Цімохіна) смуткуюць аб сынах і ўздыхаюць: "Няшчасныя мы"… Не падобна, што дзеянне спектакля адбываецца ў лякарні, ды наўрад ці ўдома ў старых ёсць сядзелкі. Гледзячы на тое, як людзі ў белых халатах падхопяць і павядуць сцэны з усімі, каму ў жыцці за дабро заплацілі злом, мяркую, што ў іх, як у апошнюю надзею, увасобіліся анёлы-ахоўнікі адпаведных персанажаў спектакля. Чалавечыя – у  медбратоў лякарняў ды хоспісаў. Звярыныя у абслугу прытулкаў або ўстаноў, якія ўладкавалі на працу сапраўдных гіцляў. Разам яны ладзяць выпрабаванне насельніцтву спектакля, але лекарскія маскі ды пальчаткі не здымаюць: няўдзячнасць – яна заразлівая...

З цёмнай прасторы (з-за дзвярэй) вынікнуцьу драматурга тры старцы, якіх наш нацыянальны фальклор нязменна надзяляў выключным пачуццём справядлівасці і звышнатуральнымі магчымасцямі. У рэжысёра тры дзядзькі з нейкага сучаснага анекдоту, сельскія ды гарадскія. Выслухаўшы старых, ўтрох абяцаюць дапамагчы; адзін з дзядзькоў лезе ў партфель, іншы поркаецца па кішэнях: "Будзе вам сын Рыгорка…"

Слізгаюць па задніку зоркі і да дзеда з бабай улятае калыскаІ далей увага! – адзін "старац" бярэцца анімаваць Рыгорку (Цімур Муратаў), другі, пакінуўшы партфель, але нават капялюша не зняўшы, пераўвасабляецца ў Змея (роля Аляксандра Васько вырашаная толькі жывым планам), а трэці далучаецца "да народу" (выходзіць у масавых сцэнах). Усе акцёры заўважныя, запамінальныя. Але якую звышнатуральную справядлівасць задумаў даследаваць рэжысёр Аляксей Ляляўскі? Якая найвышэйшая спрэчка асудзіла герояў спектакля на выпрабаванне? Хто ў ім павінен сябе паказаць, а хто на сябе паглядзець?

Трэба заўважыць, што спектакль "Чаму людзі старэюць?"  прыехаў на гарадзенскі фестываль са скарачэннямі, якія ні пытанням, ні адказам не паспрыялі. Затое спрэчку пра пра сваю мэтавую аўдыторыю, дзіцячую альбо не дзіцячую прынцыпова, спектакль паспяхова аднавіў. Сцэнічны аповед ператвараўся ў прыпавесць, якая, сама менш, вымагала абазнанасці – хоць літаратурнай, хоць культурніцкай, і штодзённае працы з дзецьмі. Бо глядзець спектакль трэба ўмець. І, адпаведна, глядзець спектакль трэба вучыць.

Толькі выкруціўся Рыгорка з пялюшак, якнаставіў меч на навакольнае жыццё, апярэджваючы сваё гераічнае прызначэнне. Але вызначальнае слова – за  народам, у спектаклі – народанасельніцтвам. Уявім, як яно вывальваецца на пляцоўку: аніматары, прытупваючы і спяшаючыся, выносяць купугэткіх шпакоўняў, дзе за кожнымі дзвярыма месціцца крыклівая пакрыўджаная істота. Гэтыя істоты высвятляюць  Рыгоркаў намер ваяваць і дзіўная палёгка ахінае іхнія інтанацыі. Падазрона-актыўна скардзяцца яны на Змея і згадваюць-пералічваюць ягоныя злачынствы, у тым ліку выкраданне Марылькі, мясцовай прыгажуні. Як толькі Рыгорка клянецца Марыльку адбіць, дзверы шпакоўняў пачынаюць хуценька зачыняцца. Альбо насельніцтва з героем развітваецца, альбо героя падбадзёрвае (маўляў, ідзі-ідзі, хутчэй не вернешся). Рып і лясканне наводзяць на думку аб дзвярох вясковых прыбіральняў і распарадку народнага жыцця: аднак жа дысцыпліна!

Паляцелі па задніку птушкі, пабеглі слупыНа рух флэш-малюначкаў накладаюцца перасоўванні аніматараў. Далікатна, але хутка перакрываючы малюнак на задніку, яны выносяць рэальныя слупы, нацягваюць правады, плятуць нейкае сеціва... Перацяканне дзеяння маляванага ў дзеянне непасрэднае, жывое, то бок флэш-анімацыі ў сцэнічнае дзеянне, адбываецца настолькі натуральна, як быццам у тэатры толькі і займаюцца засваеннем альбо стварэннем новай сцэнічнай рэальнасці. Выяўленчы стыль і пластыка "флэшкі" падтрыманы стылёвымі асаблівасцямі і пластыкай лялек. Дзеянне не спыняецца і не згасае, не прытарможвае нават тады, калі персанажы прамаўляюць тэкст. А тэкст зразумелы нават у тых выпадках, калі лялечныя персанажы кажуць адно, а маюць на ўвазе ці задумалі іншае. Мастацкі рыштунак пасоўвае спектакль да непрадказальнага развіцця.

Страшнага і смешнага мутанта-Марыльку велізарных памераў не змяшчае пляцоўка; яе рукі-ногі-галава з'яўляюцца ў розных вокнах-дзвярох канструкцыі. Прыўкрасная дама не кажа пра каханне, але кажа пра волю, чым сагравае сэрца рыцара. Пра сагрэтае сэрца ён так проста і абвяшчае. Марыльцы – адразу,  насельніцтву пасля знаёмства з тымі, каму яно паспела злом заплаціць за дабро. Можа, усё і абыйшлося б, але ж Рыгорку трэба ведаць, хто крыўдзіў пакрыўджаных! І ён даведваецца! І як вы мяркуеце, што ён робіць? Спачувае гаспадарам шпакоўняў-прыбіральняў? Прымае іх казачную рацыю? Не! Ён па-свойму, па-геройску спрабуе ім растлумачыць: кожная несправядлівасць адымае ад іх саміх долю жыццёвае моцы ды маладосці; крыўдзіць слабых нядобра; вядро добрага насення на ўсіх! Ён іх сароміць! А якое насельніцтва вытрывае такую гераічнасць?

Насельнікі шпакоўняў становяцца народнымі трыбунамі адразу ўсё. А шпакоўні, натуральна, трыбунамі. Усе гаворацьі зневажюць героя, ажно пакуль не стамляюцца ад уласнай няўдзячнасці. Тады  сілай сваіх аніматараў лялечныя грамадзяне зачыняюць дзверы шчыльней. Правяраюць, не ці адчыняцца яны выпадкова. І шпакоўні-прыбіральні ператвараюцца ў дамавіны, бо  у народа ёсць традыцыя – пакутаваць! Наракаць на лёс! Разважаць пра несправядлівасць! Бо крыўды як соплі гэта смачна!
 І, натуральна, Змей! Толькі ён! Адзіна магчымы і неабходны. Знак іхняга адзінства і моцы, разумнага сэнсу і практычнасці, зелля надзённага і дамавіны выпешчанай! І няма чаго тут шнырыць з мячамі, калі традыцыя ў небяспецы!

... Забіваюць героя народнымі кулакамі-кавадламі, у простым сэнсе выбіваючы з яго душу. Душа-зорачка вяртаецца ў нябеснае кола, дзед з бабай канстатуюць: "Быў у нас сын Рыгорка… ды адляцеў, як зорка..." Няма каму іх выбавіць з заганнага кола. Няма каму сустрэць у коле наступным. Быў у іх сын Рыгорка… Апошні?

Не кожная казка канчаецца добра, а ўжо прыпавесць – і пагатоў. Аўтэнтычнаму казачнаму фальклору беларусаў тэатр не супярэчыць. І, прызнаюся, народны учынак мяне не здзівіў. Але ціхі адлёт геройскай душы агаломшыў. Як так? Паквапіўся на благую традыцыю, ускалыхнуў розумы, заклікаў да сумлення, паплаціўся. І усё? Адалей?

У памяці спектакль перажываўся яшчэ і яшчэ раз. І чамусьці рос, узбуйняўся па памерах і значнасці. Выявы, абагульненні, матывоўкі усё было на месцах. Тэмпа-рытм трымала арыгінальная музыка Леаніда Паўлёнка і дакладныя дзеянні артыстаў...

У памяці аднаўляўся рух. І лінейны, і замкнёны, і кругавы (колавы), і, з прылётам і адлётам зоркі, проста-такі  касмічны. (Казалі ж адно аднаму персанажы Клайва Льюіса: "Далей уверх і далей углыб!") Вобразы развіваліся і ператвараліся. Але няўжо герой адляцеў да сваіх зорак, нічога не змяніўшы?

...Герой выканаў сваё прызначэнне. Насельніцтва засталося пры сваіх інтэрасах. Змей пацвердзіў сваё веданне чалавечай прыроды. Яны пражылі сцэнічныя жыцці, пераконваючы гледача ў тым, што рух, развіццё і воля змяняюць звыклы свет толькі тады, калі свет гатовы змяніцца. І так далей, паводле дыялектыкі ды эвалюцыі. Вось толькі дзе набрацца Рыгорак?

Жана Лашкевіч




Комментариев нет:

Отправить комментарий