"Прысвячаю Крыму", – рэзюмавала назовам сёлетняй сакавіцкай прэм’еры рэжысёр спектакля Віргінія Тарнаўскайтэ.
Пра падобную метамарфозу ў Бродскага сказана, што "..в наши дни /не только ложь, но и простая правда / нуждается в
солидных подтвержденьях /и доводах… И как ребенок, распатронив куклу, /
рыдает, обнаружив в ней труху, / так подоплеку тех или иных /событий мы обычно
принимаем / за самые событья". Пакуль тыя падзеі зробяцца відавочнымі,
бясслоўны музыка на бас-гітары дасціпна дэманструе “подоплёку” утрымання
тэмпа-рытму спектакля і ўтварэння атмасферы агульнай стурбаванасці…
На тэатральную тэрыторыю, дзе вядуць рэй суверэнная песня і танец (уявіце вечарыну ў
мясцовым стылі) урываецца нехта ў камуфляжы й балаклаве
(вязанай чорнай масцы з дзіркамі для роту і вачэй), дае кухталя музыку, і мала таго, што псуе песню, дурань… Дзейнічаючы спрытна, абазнана і, галоўнае, моўчкі, ён спраўджвае
пралог спектакля: як дзіця, дападае да лялькі з пацярухай... Да бутафорскай муміі, ніяк не прыкрытай і не схаванай, а знарок асталяванай па цэнтры тэатральнай пляцоўкі і адмыслова падсветленай... Сумысна,
урочыста – для тых гледачоў, чыя эмацыйная памяць не патрапіла азвацца імгненна. Да сакрэту (Полішынеля), які вымагае пэўнай працэдуры звароту, нейкіх абумоўленых дзеянняў – як тэатральным законам, так і крымінальным. Гэта значыць, патрабуе растлумачыць прызначэнне прадмету, які вылучыўся на грамадскія вочы… э-э-э… неяк недарэчна. Вуснамі і тэкстамі сваіх
персанажаў прызначэнне возьмецца тлумачыць артыстка Кацярына Ермаловіч, занятая ва ўсіх шасці ролях спектакля – і, трэба заўважыць, растлумачыць пераканаўча.
З пластыкі вершаў, з сумяшчэння прыкметаў і рэчаў асяжных гістарычных часоў, са строяў і ўбораў персанажаў, мовім так, напластоўваецца выяўленчы шэраг спектакля, воляю рэжысёра і абыходжаннем артысткі – паслядоўна іранічны, да шаржу і... агіды. "Культурнымі напластаваннямі" на сцэне грувасціцца вайсковая форма, зброя, прылады свідравання і
збіцця, жаночы туфлік, ліхтары, бутэлькі…
Жывых персанажаў
дапытваюць, а мумію цягаюць з месца на месца, падвешваюць, збіваюць, абдымаюць, ўскрываюць ёй галаву і цела… без толку для следства выяўляючы мноства злачынстваў і здрадаў, зусім маленечкіх і трошкі большых. Аповеды сведак анічога не тлумачаць. Хіба тое, што
падставы для забойства былі ў кожнага. Для забітага, у прынцыпе, яны
не важныя. Дый допыт ў спыненым крымскім часе дзеецца фармальна і цапом-лапом. Факт з’яўлення забітага (чытайце – муміі) альбо
акт забойства (чытайце – колішняй муміфікацыі) ні сведак,
ні ўяўнага следчага не дзівіць, хіба
нярвуе і страшыць… Праўды ўяўны следчы не прагне. Да фіналу і ўцёкаў яго
падганяе не толькі тэмпа-рытм і логіка вершаў Бродскага: ад рэжысёра ён чуў аб праклёне муміі. Праклён ўпадзе на кожнага, хто яе патрывожыў…
Крымская мумія на месцы забітага з паэмы – чарговая іронія рэжысёра, іронія бязлітасная. У аглядным дзесяцігоддзі твор
Бродскага неаднаразова ставілі ў Расіі (з рознай доляй поспеху), але ў сакавіку 2014 прывітанне ад паэта ўзору 1969 (часу напісання
паэмы) пашыраецца да іранічнага салютавання з 1950-х, 1900-х,1800-х, 1700-х – чытайце, захопаў і далучэнняў Крыму ў асяжнай гісторыі. Узнёслы
паэтычны тэатр Віргініі Тарнаўскайтэ брыняе злобай дня і траха не
пераўвасабляецца ў тэатр дакументу, бо ўсе персанажы на сцэнічнай пляцоўцы спатыкаюцца на ўвасобленую мумію ганьбы мінулага. Па іроніі агульнага лёсу шматлікіх мумій – яна выдатна захавалася праз многія спробы добрых людзей схаваць яе і перахаваць. Мумія – гэта і
ўвасабленне наступстваў канфлікту, які будзе доўга расследвацца, каб знайсці вінаватых, але вінаватыя – усё, а гэта значыць – ніхто...
…У спектаклі мумію змяшае з смеццем і вынесе прэч не прызначаны законнік следчы, а простая грамадзянка прыбіральніца, наводзячы жаданы парадак не паводле пратаколу і працэдуры, а паводле здаровага розуму і неабходнасці. Яна і данясе да суграмадзян следчыя паперы, што паспелі да часу ўцёкаў змяшацца з смеццем. Яна і перачытае выкінутыя сведчанні, яна і здагадаецца, хто забіў…
Бо
забіў якраз той, у каго няма падставы да забойства. Каму проста – загадалі, хто проста – выканаў загад.
А хто загадаў –
ўяўнаму следчаму не ў рахубу. Ён хутка пакідае Крым.
Жана Лашкевіч
Так спектакль-та выйдзе?! Жадаю паглядзець.
ОтветитьУдалитьНаталля, "Новы тэатр" - мінскі, прэм'ера адбылася, спектакль паспяхова з'ездзіў на фестываль монаспектакляў у Каўнас. Цяпер трэба пільнаваць афішу Новага тэатра.
ОтветитьУдалить