Яшчэ ў 1990-х,
працуючы ў газеце, з нагоды-без нагоды дапытвалася ў творцаў, як робіцца
мастацтва. З 2006 з гэткімі ж пытаннямі звяртаюцца да мяне. Напрыклад:
якім чынам і паводле якіх крытэраў у Тэатры юнага гледача выбіраюцца п'есы да
пастаноўкі... на Новы год? А-ёй. Адказваю.
 |
Васіль Ніцко (Дзед Мароз) у спектаклі "Куды падзеўся снег?.." К.Драгунскай |
“Навагодняя тэматыка” ў тэатры – гэта
частае пераўвасабленне вартага спектакля ў доўгі ранішнік з Дзедам Марозам,
Снягуркай і выкраданнямі нейкага важнага персанажа, праўда, без салодкіх падарункаў для гледачоў. Вядома,
з “Ільва, вядзьмаркі і адзежнай шафы”
Клайва Льюіса таксама можна ўтварыць навагодняе глупства (і шмат гадоў таму
нашаму тэатру гэта паспяхова ўдалося); ды лепей, калі Новы год у тэатры –
падстава для вартага спектакля.
 |
Кацярына Крылова (дзяўчынка Ай) і Леанід Улашчанка (прафесар Люблюкошак) |
Сёлетняя прэм’ера – “Куды падзеўся снег?..”
Ксеніі Драгунскай, паўстала паводле добрай п’есы і яе “навагодняя тэматыка” –
нагода для важнай размовы пра свет, у якім мы жывем. Пра горад і ягоных
насельнікаў, нашых суседзяў – катоў, сабак, птушак, якіх трэба паважаць і
абараняць, пра прыроднае асяроддзе, якое так
вымагае нашага чыннага саўдзелу! Рэжысёр Ганна Казлова гэтыя думкі падзяляе і даводзіць са сцэны, а мастак Ларыса Рулёва ёй спрыяе і дапамагае.
 |
Сяргей Марговіч (прынц) і Кацярына Крылова (дзяўчынка Ай) |
У беларусаў свята – нагода папрацаваць
душой (і наша мова гэта цудоўна адлюстравала). Такой працы вымагае Нараджэнне
Хрыстова, таму і спектакль “Дарога на Віфлеем” С.Кавалёва ўжо колькі гадоў у нашым рэпертуары.
Безумоўна, добрых і глыбокіх п’ес пра гэтае свята няшмат, але ёсць літаратура,
якая абавязкова зробіцца драматургіяй! У планах тэатра – стварэнне
тэатралізаванай праграмы-расповеду пра беларускі паганскі пантэон, пра святога
Міколу і пра тое, як святкуюць
Нараджэнне Хрыстова ў розных краінах свету.Балазе, у адрэстаўраваным будынку
тэатра для гэтых праграм аднаўляецца Елачная зала. А на сцэне з’явяцца новыя
спектаклі паводле Метэрлінка, Андэрсена, братоў Грым... Я не супраць Дзеда Мароза. Але ў тэатры
саладжавая маска з бурачковымі шчокамі яму не дужа пасуе.
Жана Лашкевіч
Комментариев нет:
Отправить комментарий