25.09.2012

"Камедыя...": 20 гадоў і 800 разоў

Васьмісоты паказ знакамітай «Камедыі ..." адбудзецца 28 і 30 верасня ў Доме культуры ветэранаў. Спектакль жывы! Дзякаваць за гэта будзем антрэпрызе Джэні Шарыпавай: ад гэтага часу паказы «Камедыі ..." стане рыхтаваць ды ладзіць менавіта яна.


 Спектаклю «Камедыя ...» - дваццаць гадоў, але персанажы і сюжэтныя павароткі высветліліся якраз да 1787 году стараннямі выкладчыка Забельского дамініканскага калегіюма Каэтана Марашэўскага. На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя "Камедыю ...» высока ацаніў драматург Францішак Аляхновіч, узяўшы некаторыя маналогі ў сваю п'есу «Птушка шчасця». У 1991 годзе рэжысёр-педагог Андрэй Андросік з калегам Уладзімірам Рудавым падрыхтавалі спектакль «Камедыя ...» як дыпломны - для выпускнога курсу сваіх вучняў з Акадэміі мастацтваў. Драматургам выступіў Уладзімір Рудаў. Ён самы вярнуў п'есе пышны барочны назоў: «Камедыя пра злашчаснага селяніна Дзёмку, ягоную жонку Маланку, арандара жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання».

Спектакль атрымаўся настолькі пераканаўчым і яркім, што ўпрыгожыў рэпертуар двух тэатраў, Альтэрнатыўнага і Малога (цяпер, на жаль, не існуючых) і ўзяў некалькі гран-пры міжнародных фестываляў.

У спектаклі гучаць вечныя чалавечыя пытанні да самога сябе і да таямніцы светабудовы, але сакрэт папулярнасці выдаў адзін з персанажаў, проста абвясціўшы: «Я смяюся, таму што слёз ўжо няма!" Ну не плакаць жа чалавеку з уласнага глупства ды наіўнасці!

Першыя выканаўцы роляў Мужыка і Бабы, Анатоль Голуб і Святлана Нікіфарава, выйдуць на сцэну Дома ветэранаў на васьмісоты паказ. У ролі Давіда выступіць Аляксандр Палазкоў, вядомы тэатральным гледачам выдатнымі працамі ў рэпертуарных і антрэпрызных спектаклях Мінску; для таго, каб выканаць ролю Чорта, з Парыжу прыляціць Генадзь Фамін.

 P.S. Абяцаю фотаздымкі ды водгукі. Жана Лашкевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий