21.08.2011

“Няшчасце на шчасце...”

У сёлетнім жніўні Брэсцкі тэатры драмы і музыкі запрасіў на прэм’еру спектакля “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы; ім самым у верасні распачнецца тэатральны фестываль “Белая вежа”. Але рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Уладзімір Савіцкі над Kупалавым “...гняздом”, так бы мовіць, кружляе: шмат гадоў таму намаганнямі ягонага тэатра-студыі пад назваю “Абзац” “...гняздо” раскідалася адметна.Напярэдадні фестывальнага паказу (а я не хачу яго прапусціць) дарэчы прыдасца старая публікацыя пра тое раскіданне (газета “Літаратура і мастацтва” , 22-28 мая 1993 года).

Што пахінула Уладзіміра Савіцкага да “Раскідага гнязда” сказаць цяжка, бо ягоная рэжысёрскае абыходжанне з класічнай п’есай Янкі Купалы ў тэатры-студыі “Абзац” не выдае на востразлобадзённае. Не вымагае пазачарговага з’езду земляробаў, не агітуе за фермерства. Не прэтэндуе на медытацыю на падставе дамагання агульнадушэўнае раўнавагі. Не падпадае і пад якое-кольвек агульназручнае меркаванне: маўляў, як тое “Гняздо” трэба раскідаць...
Упершыню сыграны летась у лістападзе (1992 года – Ж.Л.), спектакль у хуткім часе адбудзецца свой “законны” сезонны... пяты раз: запрошаныя акцёры (і з мінскіх тэтраў, і студэнты Акадэміі) толькі зрэдчас патрапляюць вызваляцца для двухгадзіннай “Сумнай аповесці...” (назва спектакля) , - падзеі сёлетняга тэатральнага сезону...

Праграмны твор. Хвост пачытанняў, тлумачэнняў, трактовак. Даважак пажаданняў і прэтэнзій з абавязковымі параўнаннямі: “што хацеў сказаць Купала” і “што ставілі папярэднікі” – Уладзіміра Савіцкага на першай, другой ды іншых цэнах Беларусі і не-Беларусі. Канцэпцыі. Літаратуразнаўчыя каментары. Тэатразнаўчыя ўдакладненні...



Вылучае спектакль Уладзіміра Савіцкага надпобытвасць спосабу акцёрскага існавання. “Асцярожнасць” так і просіцца ў вызначэне: кожны з выканаўцаў, усё адно як нешта няўгледна адчуваючы перад сабою, унікае выпадковага (непазбежнага?) сутыкнення... Скупасць, гранічная скупасць пастановачных сродкаў, якую б я назвла жорсткасцю. Усялякая адсутнасць эфекту слязіны (“…слёзаў цяперашні свет не ўзнае”) і якіх бы там ні было прыкметаў этнаграфізму. Найсціплае (стрыманае?) прачытанне самых паэтычна-ўзнёслых і выгодных з пастановачнага пункту гледжаня месцаў п’есы. Напрыклад, на сцэне так і не з’явіцца знакаміты крыж, які Сымон мусіць ставіць на магіле бацькі-самагубцы, - зведзена на нішто эфектнае ілюстраванне думкі “Кожны сам нясе свой крыж”, зварот да “евангельскага” – паводле класічнага жывапісу – мізансцэніравання ды “запаралеленасць” з матывамі Адвечнае Кнігі. (А крыж можна было б … габляваць, збіваць, цягаць, курчыцца й гібець пад ягоным цяжарам!..)

…Іншае рыхтуе, мацуе, узбуйняе падзею тэатральнага сезону. Погляд Уладзіміра Савіцкага звернуты… у падтэкст? Вочы ў вочы сышоўся ён са сваімі героямі, – са сваімі, я не памылілася, бо героі Купалы рэжысёравым парчытаннем набылі, так бы мовіць крэйсерскую хуткасць развіцця. Здаецца, нават тэатральнае вымярэнне ўтварае ўладарны тэмпа-рытмічны ўціск – часу, прадчування бяды, падзеі, учынку, няшчасця, жорсткасці. Такой жорсткасці, дзе журботнай іроніяй з другога Хрыстовага прышэсця азавецца напрыканцы спектакля другое з’яўленне Незнаёмага з заклікам “На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!” У спектаклі (як і ў Купалы) гэта паўторыць, кальцуючы падзеі ды ставячы мяжу душэўным зрухам персанажаў, Сымон. Мовіць прыцішана-зацята, здрадліва, ледзь зважаючы на сваю амаль звар’яцелую сястру Зоську. Уладзімір Савіцкі, інтуітыўна пераймаючы з іранічнага Купалы (“Мне Бацькаўшчынай – цэлы свет...”), мае ці то нахабства, ці то права нагадаць, як мусіла была за нядаўнім часам “раскрывацца галоўная тэма” – “па Бацькаўшчыну!”, а Незнаёмы меўся набыць уласцівасць паходні... “Старыя парадкі раскідаюць па свеце, а новых, лепшых, нешта не відаць”, – уздыхне, распачаўшы дзеянне, прыцішаны Старац (Алег Радкевіч). Тактоўны акцёр не падсуне публіцы ні юрода, ні суцяшальніка, ні тутэйшага парламенцкага філосафа, ні інтэлігента з брэжнеўскіх васьмідзясятых. Такту й далікатнасці стараннямі Уладзіміра Савіцкага выстачае кожнаму і ўсім на пляцовачцы з аголенымі чорнымі сценамі; бо менавіта гэтыя якасці абыходжання з тэкстам Купалы, з людзьмі ягонае п’есы ды з людзьмі ў зале і падводзяць да думкі: перадусім на сацыяльныя катаклізмы (да іхняга шэрагу ў спектаклі далучацца і “сын аб Беларусі” – мары-спадзяванкі знайсці старонку з жывою вадою і да т.п.), не грамадска-палітычныя неўразумеласці вызначаюць чалавечыя радасці-пакуты. Богам закладзена куды больш важкае, складанае ды непрадбачане. Сон Зоські, мудра зрэжысаваны і шчыра-сур’ёзна пададзены выканаўцай настай Гавядзінавай (памятаеце па нейкага надзвычайнага, які завёў грамаду спачатку ў балота, потым у лес, а потым, з зоркі на зорку пераскокваючы, у нейкую харошую краіну – да светлага Спаса, Маткі Боскай), – сон Зоські недвухсэнсоўна, перадусім Купалавай воляю, прадвызначае, што хораша, спакойна будзе толькі т а м. Гэта ці не значыць – не шукай дарэмна. Жыві. Т у т.

Тут з’яўляецца Лявон Зяблік, перапыніўшы размовы, мроі і прывіды Зосьчынага кахання. Уладзімір Мішчанчук у гэтай ролі ад першага імгнення – самое ўвасабленне бяды. Матэрыяльнай, адвечнай, усеахопнай, усюдыіснай. Чалавек-бяда. Абсалютная строгасць малюнка ролі, безвыходнасць – як подых трагедыі, у якой, паводле інгаша паэта, не Купалы, гіне не герой – гіне хор. Сямейнікаў (хор) агортвае жуда. Бойка-змагане за зямлю скончылася нічым. Зяблікі мусяць ісці ўпрочкі. У паўзы, у кароткія ірваныя рэплікі, у інтанацыі не-чакання адказу, не-шуканя паразумення загнана рэжысёрам прадчуванне таго, што трагедыя здзейсніцца па-сучаснаму. Паводле іншага паэта. Рэпліка Данілкі, усюдыіснага запаволенага хлопчыка-скрыпачкі, хлопчыка-звады, як увасабляе яго Алег Грысевіч, не перапыніць, але працягне чорную паўзу: “Бацька павесіўся!”

Ціша канчаткова апануе сцэну. Чорна-белая, прыцішана-абвостраная скупасць эфектаў ды пастановачных прыёмаў менавіта ў гэтым месцы канчаткова выявіць стыль спектакля (па вялікум рахунку створаным у эстэтыцы незаможнага тэатра). Працягнецца адвечная размова пра адвечнае: людзі родзяцца, каб пасля ўміраць. Ну проста няшчасце на шчасце парарабляецца... Прадвызначаючы з’яўленне (прышэсце?) Незнаёмага, Данілка выведзе гаворку з Маці на асэнсаванне, так бы мовіць, народна-паэтычнымі сродкамі канца свету, і Марыля як звяжа Купалавай рэплікай: “Канец свету там, дзе канец шчасцю людскому”. А канец Марылінаму шчасцю – дзе ён пакладзены быў? Падобна, што ў Наталлі Кафанавай, выканаўцы ролі, ёсць на гэта адказ: ад пачатку... існавання, нараджэння, гартаваня, спаткання з Лявонам. Нічога не хоча, а то і не можа прыняць на сябе кабета. Не хоча ды не можа стацца спрычыненаю да бяды. Інстынкт самазахавання пераможна дыктуе, што ў такіх варунках, у такую часіну, у такім скруце выжыць лацвей, лягчэй у адзіночку. Кафанава ўнікае выстаўляцца паэтызаванай беларускай маці, увасабленнем жанчыны пры зямлі, пры абавязку, мужавай закланніцы, адданай дзецям. Хтосьці дзесьці, здаецца, распавядаў, як найноўшыя часы знішчалі сям’ю? Купала, падобна, да найноўшых часоў бачыў трагедыю хору, якому наканавана гінуць па адным... Уладзімір Савіцкі, як рэжысёр неспапарэдлівы, наважыўся ды ўвасобіў Купалава бачанне...

“Я сам сябе не пазнаю”, – крыху пазней скажа збянтэжаны сымон Барыса Галубкова. Збянтэжаны? “Гэтая вечная пакута толькі чалавека на звера перарабляе, дзічэць прыходзіцца, як цемняку якому”. Пакута – наканаваная? Каб самому сябе не пазнаць? (“Усялякі, хто доўга пакутуе, вінаваты ў гэтым сам”, – пятае стагоддзе гучыць папярэджанне філосафа.)

Здаецца, лагчным было б падаць персанажаў Купалы ў дзейсным і, напэўна, відавочным развіцці – так званых (Станіслаўскім) рухах душы. Савіцкі мае сваё вырашэнне – станы персанажаў прадвызначаны. Ад пачатку. Як душы – ад нараджэння. І, падобна, у выканні Барыса Галубкова Сымон сябе пазнаць можа, бо стан ягонае душы... няскратны. Жудлівая асалода ад пакуты, якую ён так упарта цвеліць (спавядае?), прыцішылася. Патрабуецца нешта звонку – бойка, суд, цяганне крыжа на бацькаву магілу, падбухторванне Незнаёмага, нарэшце, каб раскатурхаць гэтую асалоду, каб пакутаваць над сваёю адвечнаю песняй!

Пяшчотна, усмешліва, шчымліва-даверліва пачуваеца Зоська. Як за празрыстаю заслонаю – у сваім свеце. Яе, падобна, мала абыходзяць пакуты, крыжы й дамаганне справядлівасці. Пры ёй толькі летуценні, каханне ды думкі, раз-пораз здрадлівыя. Стараннямі Насты Гавядзінавай Зоська-філосаф увесь сцэнічны час будзе рыхтаваць свой фінал – сваю найшчаслівую тагасветную краіну. (“Філасофнічаць – гэта нішто іншае, як рыхтаваць сябе да смерці”?!) З такою Зоськай Паніч (Андрэй Дудараў) шчыра й прязна шукае развязкі-паразумення! Ён – малаком Зосьчынай маці выкармлены. Ён – прыстойны чалавек... Вось і Купала просталінейна сведчыць (Паніч – Сымону): “Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы ты гэтак пад голым небам”. Паніч робіць тое, чаго не можна не рабіць; Паніч, паводле Андрэя Дударава, пераконвае і ў праўдзівасці дзеянняў, і ў неабходнасці ўчынкаў... усё адно як караючы сям’ю Зяблікаў! За невядомыя грахі? За нелюбоў да блізкага? Яны, паводле акцёраў ды Савіцкага, зусім не звыклыя беларусы са шчыра-добрым падмуркам прыгнечанага нацыянальнага менталітэту. Натапыраны Сымон цураецца паразумення й здаровага розуму; падлаваты Данілка; прыхавана раз’ятраная Марыля; бацька-самагубца, што разам перапніў толькі свае няшчасці, – нібыта пакутнікі, нібыта церпяць... Мо каму пазайздросцілі? Каму не даравалі? Скончылася іхняе шчасце, канец свету надышоў. А ці ж пачыналася? Дудараў, маючы на ўвазе Панічоў здаровы розум, зусім лагічна падае ягонае намаганне “няшчасце на шчасце зняніць”, – гэтаксама назаве свае намеры і Зоська.

Красамоўна пададзена сцена з пачатку другога акту: Зоська, Марыля, Сымон перамаўляюцца, але не чуюць адно аднаго. Не хочуць пачуць – паводле Купалы. Не могуць – паводле Савіцкага, – няшчасце на шчасце змяніць! “Усе людзі самі сябе ашукваюць, а ім здаецца, то хто другі таму прычынай”, – заўважыць Зоська-філосаф, летуценны “рупар аўтарскіх ідэй”. Толькі-толькі яна на мяжы развязання крыўды: “Хто ведае, – звятаецца яна да Сымона, – можа, ты горай сваёй гордасцю топчаш тое, што сею сэрцам сваім дзявоцкім!” Але Данілка рве самую далікатную струначку адною рэплікай: “Паніч жэніцца!” Чаму ў спектаклі яна выдае на правакацыю? Харошы, летуценны хлопчык Данілка! Алег Грысевіч прадстаўляе яго самога... фантомам-скрыпачкай, цудоўным такім самародкам, апантаным дзівоснымі ідэямі... чысціні мастацтва? Альбо таго што ён – на звышчалавечае (нялюдскае?) права мае?!

Мы яшчэ падзівімся на маўклівую прэлюдыю кахання (з’яўленне Паніча ў хаце пасля Зосьчынай размовы з Незнаёмым), – зусім не ілюстрацыю прыстойнасці ці добрых намераў (Андрэй Дудараў ці то свядома пазбягае растаўляць зразумелыя кропкі-націскі, ці то рэжысёрам абмежаваны). Паніч усё яшчэ спадзяецца даць Зяблікам хату ў двары, Зоську з Сымонам на службу ўзяць... Але Сымон зацяты і непарушны ў крыўдзе-пакуце, Данілка штурхае іншых да ўчынкаў, якіх самому не здзейсніць, Марыля мусіла б (па тэксце) торбы шыць, а на самай справе “Таўпехаецца з кута ў кут”, – не ад роспачы, не ад разгубленасці, а з роздумам (разлікам?)... “Каму не стае мужнасці і вытрываць смерць, і каб вытрываць жыццё, хто не хоча ні ўцякаць, ні змагацца, чым дапаможаш такому?”

Прайгралі Зяблікі і другі суд (бессэнсоўная ўпартасць ці ж не вымагае пакарання?). Сымон жа выйграў працяг – пакуты ў злабе. “Сэрцы нашы з сэрцам зямлм зрастуцца...”, – амаль сучасным палітычным штампам выгукне ён. Зрастуцца, але навошта? Навошта, калі “абернемся ў слупы замарожаныя, у камяні няскратныя абернемся...”? Па сутнсці, сямейнікі ўжо абернутыя. Пярэвартні (акрамя Зоські). Таму так не па-людску кранаюцца ўцякаць (Марылю з Данілкам зводзіць Старац) ды змагацца (Сымона вядзе Незнаёмы “па Бацькаўшчыну”). Постаці тых, хто кідае роспачную, напалову звар’яцелую ад уласных фантазій Зоську (“Паніч жэніцца!”), знікнуць у прадонні кантражурнага святла. Захінецца чорнае адзене сцэны і яны, з’явіўшыся “з нічога”, пойдуць “у нікуды”. На пляцовачку да гаротнай Зоські , што на масніцах адгалошвае каханне, уздымуцца... двое незнаёмых. Напрактыкавана й цвёрда-рашуча адарвуць яе ад падлогі. Скундная затрымка і – усе ўтрох рушаць да гледачоў на паклон. Фіналу ў шараговым разуменні тэатральных фіналаў не надарыцца. Фінал Савіцкага дае рады абвешчанаму няшчасцю – шчыльнаму, касмічнаму, менталітэтам наканаванаму, перарабляючы яго... перадусім на шчасце непакутлівага паразумення з Купалам.

Жана Лашкевіч


Комментариев нет:

Отправить комментарий