07.07.2011

Нагода для выпрабаванняў

...На ўсё люстра сцэны – калідор з шэрагам жалезных дзвярэй. Вакенцы-форткі старанна адчыняюць і зачыняюць чалавечыя рукі. Таксама прачыняюцца і адчыняюцца дзверы, але сцэнічная прастора не рассоўваецца. Не мяняецца. Пад каласнікамі высвечваецца мост у ліхтарах, але спускацца з яго можна толькі ў адно месца – у турму...

На існаванне ў горадзе-турме і ў свеце-зняволенні персанажаў “Злачынства і пакарання” асудзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі: з удзелам сцэнографа Валянціны Праўдзінай пакараныя ўсе і ад пачатку спектакля. Розніца толькі ў спосабе турэмнага існавання кожнага і ў ступені заняпаду, прыкладам, калі адзін прыбраны ў гарнітур (Лужын), а другому дачка ахвяруе на гарэлку з апошняга (Мармеладаў).

Пра злачынства складае ўяўленне інтэрмедыйны паказ Раскольнікава з сякераю і рэплікі персанажаў. Спараджальнікам злачынных намераў выступае няйначай сусветнае зло, сродкамі сучаснай сцэнічнай пластыкі пераўвасобленае ў падабенства антычнага хору – жвавых чорных істотаў (бесаў-нячысцікаў), якія маўкліва і выразна падштурхваюць персанажаў да ўчынкаў. “Хор” відавочна рыхтаваны да ролі буйной, паўнавартай (рэжысёр па пластыцы – Ігар Сігаў), але ў рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля Валерыя Анісенкі гэтая калектыўная роля развіцця не атрымлівае: “хор” коўзаецца па сцэнічным часе і дзейнічае аднастайна.




Між тым раман Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага ў звыклы прамежак сцэнічнага часу не ўціскаецца. Даводзіцца крэсліць, абцінаць, мяняць, вылучаючы гэтак званае “пра што” – сцэнічны расповед, гісторыя, размова з гледачамі. Драматург Алена Папова надае кавалкам з Дастаеўскага сваёй пераканаўчай паслядоўнасці, стварыўшы адначасова і інсцэніроўку, і п’есу пад назвай “Сонечка”. Магчыма, логіка драматурга не натхніла пастаноўшчыка, але ў адным-адзіным сцэнічны расповед не мог не наследаваць драматургу: ён мусіў засяроджвацца на Сонечцы Мармеладавай і... яе ўсепаглынальнай, няскратнай, выпакутаванай хрысціянскай любові. Менавіта ёю, хрысціянскаю любоўю, Сонечка выпрабоўвае альбо змяняе кожнага, з кім сутыкнецца, але ўсе сустрэчы ды сутыкненні мусяць – у адказ – выпрабоўваць яе. І хрысціянскую любоў, натуральна.

Здаецца, гэткаму сюжэту прыдаліся б экранныя сродкі увасаблення, бо на сцэне станоўчым персанажам без развіцця, якім з’яўляецца Сонечка, часцей за ўсё даводзіцца ахвяраваць акцёрскую асобу, гэта значыць, акцёру трэба браць ад сябе і аддаваць публіцы ўласнае, – з досведу, з жыцця, з пачуццяў. Актрыса Надзея Цвяткова ў ролі Сонечкі старанна аддае і ахвяруе, і ёй часам не стае хіба досведу прафесійнага.
У сцэнічных скрутах, пошуках сэнсу, здавальнення або самасцвярджэння Сонечку не абмінуць нікому. Адным – у пагардзе ды грэбаванні Сонечкай – порстка аддаляцца, мовім так, падымацца ад яе па сходах, якія імкнуць долу (падставы для такога красамоўства даюць лесвіцы і мост па-над пляцоўкай). Іншым – валіцца, але паспяваць зачапіцца за Сонечку – і сякі-такі бруд несумненна ад іх адвальваецца ці, прынамсі, неўзабаве адшкрабаецца...

На сцэне вар’яцее Кацярына Іванаўна – ад роспачы жабрацкага існавання да трагедыі безвыходнасці беззаганна праводзіць сваю гераіню Людміла Сідаркевіч. У ролі немкі Амаліі Іванаўны адметна выўляецца Галіна Чарнабаева – перадусім густам, з якім кладзе межы экзатычнасці ды эмацыйных выбухаў персанажу. Глыбіню драмы накрэсліваюць нешматлікія сцэны з удзелам Мармеладава ў выкананні Андрэя Дабравольскага і Свідрыгайлава, якога іграе Ігар Сігаў. Вагаецца, але заступаецца за Сонечку Лебязятнікаў у асобе акцёра Кірыла Навіцкага – і ўжо не схібіць, не адыйдзецца ў бок, паўстаўшы супраць махляра Лужына. Затое важны персанаж Раскольнікаў уяўляе з сябе... фігуру. У сэнсе – постаць: гаваркую, плоскую, унутрана бяздзейсную. Але вінаваціць у гэтым толькі акцёра Андрэя Бібікава было б няслушна і нядобра. Бо перадусім спектаклю “Сонечка” моцна бракуе... адзінае імклівае сілы, чароўнага кухталя, што перайначыць раздробныя паасобныя высілкі выканаўцаў ў пэўнасць сістэмы сцэнічнага твору, з мастацкай цэласнасцю і эстэтычнай каштоўнасцю.

Самаадданасць і добрасумленнасць выканаўчага складу “Сонечкі” па-добраму дзівіць – вядома, гаворка ідзе не пра валоданне акцёрскай прафесіяй, а пра супольныя творчыя намаганні; уражвае выканаўчая дыхтоўнасць лепшых работ і градус, да якога акцёры падымаюць пачуццёвую тэмпературу залы – часам да шчырага суперажывання, часам да захаплення выканаўчымі дзеяннямі – распавесці, давесці, данесці... Зразумець бы яшчэ – што...

Пра што спектакль? Пра тое, як нейкія нешта зачмурылі-закруцілі... усіх у нешта ўкруцілі, з чаго не так проста выкруціцца? Альбо пра тое, што ва ўяўным сцэнічным жыцці таксама ёсць месца подзьвігу... вызначэння сябе праз Сонечку-міласэрніцу, Сонечку-ратавальніцу, шкадавальніцу-даравальніцу, узброеную цытанікам з Біблейскіх наставаў? (Услед за Сонечкай Святое пісанне пачынае цытаваць Раскольнікаў, – такім спехам і так па-руску, што знішчае рэшту ўласнай праўдзівасці). Усё гэта аднабока, нацягнута, спрошчана. Псіхалагічныя павароткі Дастаеўскага не здужаць шчыльным згуртаваннем акцёрскай групоўкі, гранічнай эмацыйнасцю і вылузваннем са скуры: яны вымагаюць дужа трапных, моцных і вельмі прафесійных рэжысёрскіх дзеянняў. Інакш подзіў з нязменных блакітнасцяў гераіні і нязменнай сцэнічнай прасторы ператвараецца ў выпрабаванне хрысціянскай любові бальшыні глядзельнай залы. Але ж у тэатр яна імкне з іншае нагоды.

Жана Лашкевіч

P.S. "Што баліць?" - высвятляюць ў РТБД сёння. Студзеньская прэм'ера Валерыя Анісенкі паводле Лявона Агулянскага, пазначанага пры спектаклі драматургам, мяне па-просту скаланула. Чым? Абяцаю неўзабаве распавесці.

1 комментарий: