21.02.2012

"У добрым тэатры ўжо ўсё прыдумана"

На 16:00 21 лютага 2012 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай імузычнай культуры (Мінск, Верхні горад, Музычны завулак, 5) прызначана адкрыццёвыставы Ларысы Рулёвай, галоўнага мастака Беларускага рэспубліканскага тэатраюнага гледача.
Экспазіцыю складуцьмакеты, бутафорыя, эскізы афармлення сцэны і эскізы касцюмаў, а таксамакасцюмы, якія адпрацавалі ў шмат якіх спектаклях тэатра.
Выстава, яктворчая справаздача мастака больш чым за трыццаць гадоў тэатральнае службы,прымеркавана да юбілею Ларысы Ільінічны.



Ларыса Рулёва (мастак Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача з 1980 года, галоўны мастак – з 1993) стварыла больш за сто спектакляў, ацэненых годна, высока і вельмі высока. Спектакляў папулярных, на якія вокамгненна разбіралі квіткі, лаўрэатаў і дыпламантаў тэатральных фестываляў (“Бэмбі”, “Чыпаліна і яго сябры”, “Кот у ботах”, “Шчаслівыя жабракі”, “Сястра мая Русалачка”, “Дарога на Віфлеем”). Спектакляў дзіўных, якія, здаецца, з’явіліся не ў пару, вытрымалі, самае большае, два тэатральныя сезоны і... засталіся тэатральнай таямніцай (“Антыгона”, “Марныя намаганні кахання”).


З тюгаўскім закуліссем Ларыса Рулёва асвойталася пры канцы 1970-х гадоў. Скончыла Тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Акадэмія мастацтваў), аддзяленне тканін і мадэлявання. Працавала ў “Харошках”, выбітным ансамблі танца пад кіраўніцтвам Валянціны Гаявой. Строі да адной з праграм ансамбля сталіся яе дыпломнай працай, а праграма тая аб’едзіла, без перабольшання, палову свету. Аднаго разу “Харошкі” трапіліся Хэрлуфу Бідструпу, выбітнаму дацкаму мастаку, майстру шаржа і карыкатуры. Уражаны беларускімі строямі “Харошак”, Бідструп праз артыстаў перадаў мастаку Рулёвай падарунак – свой альбом...

На пытанне пра таямніцы свайго сцэнічнага чарадзейства Ларыса Рулёва ўсміхаецца, паціскае плячыма і настойліва апавядае пра чарадзейства, так бы мовіць, калегіяльнае. Калі святло і прастора, вобраз і стыль, касцюм і грым ствараюць асяроддзе для адмысловага сцэнічнага панавання акцёра. Гэтае чарадзейства яшчэ не так даўно сілкавала акцёрская асоба Міхаіла Пятрова, чые касцюмы да сёння захоўваюць у тэатры, і, паводле адной з вядомых актрыс, “яны грэюць”. Пятроў дапамагаў знайсці вобраз, нібыта гуляючы с мастаком... і з рэжысёрам. У яго, адпаведна рэжысёрскай задачы... хутчэй, ласкавае просьбы, куры па сцэне маглі хадзіць, але глядацкія вочы няможна было адарваць ад Пятрова. Ён з курачкай размаўляў, браў на рукі – як у спектаклі «Шукай ветру ў полі». Тэатральную курачку Пятроў забіраў да сябе на лецішча, выгульваў на прыродзе...

Складаныя акцёрскія асобы паспрыялі таму, што Ларыса Рулёва займела цвёрдае перакананне: мастаку трэба давяраць. Колькі давялося перажыць, калі актрысы кідалі: “Я гэта не адзену, гэта не мой фасон, не мой колер, мне гэта не пасуе!” У спектаклі “Голы кароль” угаворамі ды перакананнямі Рулёва агаліла плечы актрысе – прыгожай мажной кабеце. І трэба ж было, каб у гэтай сукенцы “без плячэй” яе ўбачыў вядомы замежны рэжысёр! Не, здымацца, на жаль, не запрасіў. Але ўхваліў адмысловым кампліментам яе жаноцкасць і прыгажосць. Сукенка зрабілася добрым талісманам актрысы; яна і да сёння сцвярджае: варта было надзець Ларысіну сукенку, як шанцунак з’яўляўся ніадкуль! “Мастаку трэба давяраць, – паўтарае Рулёва, – мастак бачыць, як будзе выглядаць акцёр пад тэатральным асвятленнем, пасярод дэкарацый альбо на голай сцэне”...

З бальшынёй рэжысёраў усё проста: пагаварылі, абмеркавалі, што да чаго ў спектаклі, ды пайшлі выконваць. Са знакамітым рэжысёрам Мікалаем Шыйко Ларыса Рулёва перажывала найпадрабязны перыяд застольнай працы... у Нацыянальнай бібліятэцы (дайсці да старога будынку былое Ленінкі-Нацыяналкі ад тэатра – тры хвіліны). Разам гарталі кнігі, шукалі ды выдумлялі вобразы. Мікалай Шыйко, а за ім і Юры Міроненка, дасціпна заўважалі, што ў добрым тэатры ўжо ўсё прыдумана, важна толькі пра гэта ведаць і скарыстаць у патрэбны час. Скарыстаць можна, але як уведаць? За савецкім часам тэатральныя мастакі часцяком збіралі выцінанкі з газет і часопісаў – адметныя касцюмы, будынкі, краявіды, цікавыя абліччы ды фрызуры сілкавалі ўяўленне. Рэжысёрскае таксама. Сабраным дзяліліся, давалі адно аднаму паглядзець, паразважаць... Сталі дзяліцца з Міроненкам, працуючы над “Бэмбі”, і высветлілася, што ў рэжысёра і мастака амаль адны і тыя самыя выразанкі ... з тымі самымі сюжэтамі ды аб’ектамі. Праўда, рэжысёр Міроненка збіраў не столькі выцінанкі, колькі ідэі ды задумы. Да іхняга ўвасаблення на сцэне Міроненка ставіўся вельмі строга, пільнаваў кожную драбязу. У “Бэмбі” Ф.Зальтэна ён папрасіў мастачку прыкрыць акцёрскія твары дэталямі касцюмаў і строга папярэдзіў актрыс – ніякага грыму перад выхадам на сцэну, хіба тон на твар. Але прыгажосць – страшная сіла. Адна з актрыс парушыла забарону, ужыла сцэнічны грым... калі не сказаць – злоўжыла ім. Міроненка выхавана падаў ёй руку, правёў да рукамыйніка і... сваёй рукою змыў грым. “Жорсткі, крыўдны ўрок, – кажа Рулёва, – але трупа ўбачыла, як трэба цаніць датклівую сцэнічную працу і як адна недарэчнасць можа ўсё сапсаваць”.

...Ёсць такая прымаўка ў Рулёвай: "У добрым тэатры ўжо ўсё прыдумана" . Важна толькі на гэта не забывацца...

3 комментария:

  1. peccato...non capisco niente!!!!!!!

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Lei ha ragione. Ho aggiunto la possibilità di trasferire al blog

      Удалить
  2. От души примите мои поздравления !!!! Вечной весны, радости, любви !!!! :))) Спасибо, Вам !!!!!

    ОтветитьУдалить